Вы тут

Экс­ліб­рыс «Звяз­ды»: Алена Стэльмах. Дуб і крумкач


Алена Стэльмах. Дуб і крумкач. — Мінск: Звязда, 2016. — 24 с.

Калі меркаваць па колькасці старонак у гэтым выданні, то можа падацца, што перад намі — кніга для дзяцей. Але гэта цалкам памылковае сцверджанне. Грунтоўнасць твора не залежыць ад яго аб'ёму. Таму зусім не дзіўна, што ў выданні такой маленькай формы чытач пазнаёміцца з надзвычай глыбокай філасофскай казкай.


Памятаеце «Казкі жыцця» Якуба Коласа, у якіх класік у вобразах дрэў, раслін, жывёл зашыфраваў адвечныя законы чалавечага існавання, расказаў гісторыі з ледзь не біблейскай глыбінёй і шматсэнсоўнасцю? Кожная з тых казак — зразумелая хутчэй даросламу, чым дзіцяці, — у маленечкім аб'ёме змяшчала расповед даўжынёй у вечнасць, сімвалы з якога можна інтэрпрэтаваць амаль бясконца. Вось і Алена Стэльмах, расказваючы гісторыю сваркі-супрацьстаяння дуба і крумкача, мае на ўвазе зусім не свет прыроды.

Асаблівай увагі заслугоўвае і форма прадстаўлення казкі «Дуб і крумкач». Думаецца, што гэтая кніга — прыклад выдання, дзе на вокладцы побач з іменем аўтара мусіць стаяць імя мастака. Так, гэта сатворчасць пісьменніцы і мастака Уладзіміра Лукашыка. Менавіта ён візуальна прадставіў беларускія вобразы, пададзеныя ў казцы, у традыцыйнай беларускай форме. Тут усё цалкам дарэчнае: і выбар колераў — чырвоны сімвалізуе жыццёвую сілу, нават жорсткасць, а белы — чысціню, мудрасць і беззаганнасць; і падыход да аздаблення з выкарыстаннем традыцыйнага мастацтва выцінанкі, надзвычай распаўсюджанага ў нашых продкаў; нават шрыфт падабраны так, каб падавалася, што перад намі — старажытны тэкст, напісаны рунамі. Ды і сама кніга хутчэй можа ўспрымацца як таленавіта створаны арт-аб'ект, здатны не толькі стаяць на кніжнай паліцы, але і ўпрыгожыць, напрыклад, працоўны стол ці заняць сваё месца ў гасцёўні. Яе вокладка раскладаецца і ўтварае адметную і цэласную кампазіцыю.

Але вернемся да зместу казкі. Што важней — знешняя прыгажосць ці мудрасць, назапашаная гадамі і нават стагоддзямі? Што заслугоўвае большай увагі і павагі — спрыт ці ўстойлівасць і трываласць? Ці варта зневажаць таго, хто не такі, як ты, і жыве па зусім іншых прынцыпах? Ды і зрэшты, ці можа мудры прыклад і парада суседа змяніць ваша ўласнае стаўленне да жыцця? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні — у творы Алены Стэльмах. Натуральна, не адназначныя адказы, выражаныя ў адным-двух сказах, але па-філасофску глыбокія, што падштурхоўваюць чытача да разваг і пошуку ўласных рашэнняў.

Так, сюжэт гэтага твора грунтуецца на супрацьстаянні вобразаў дуба і крумкача. Дзёрзкі малады крумкач здольны нарабіць шуму ў свеце жывёл і птушак, напалохаць сваім спрытам і крыважэрнасцю. А дуб — увасабленне вытрымкі, самаахвярнасці, мудрасці і неабыякавасці да таго, што адбываецца навокал. За яго плячыма — багатая жыццёвая гісторыя, поўная як шчаслівых, смешных момантаў, так і страшных трагедый. Ці пераканае дуб крумкача ў памылковасці яго легкадумнага погляду на жыццё і несправядлівасці абвінавачванняў у бескарыснасці дуба, ці зробіць больш мудрым і разважлівым? Адказ — у казцы.

Варта адзначыць і незвычайна багатую мову твора. Аўтарка не скупіцца на яскравыя эпітэты і параўнанні, не шкадуе метафар. Гэта ж казка! Яна мусіць быць не толькі глыбокай і вобразнай, але і прыцягальнай па гучанні.

Дарэчы, казаць, што «Дуб і крумкач» — твор толькі для дарослых, — не зусім правільна. Думаецца, яго можна чытаць і перачытваць з дзецьмі, разам разважаць і пра сюжэт твора, і пра жыццё.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзёрзкасць ці мудрасць?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.