Вы тут

Жанчына-таямніца


Больш за дзесяць гадоў прайшло з той пары, а забыць не атрымліваецца. Хоць гэта той выпадак, якіх процьма штодня здараецца і штодня забываецца, выцясняючыся з памяці іншымі, наступнымі выпадкамі. Гэты выпадак шарагова-канвеерны, я б так сказала, а не нейкі там... Не нейкі такі, што нельга яго забыць. Таму і дзіўна. Быццам чартаўшчына нейкая: размову, у якой я нават і не ўдзельнічала, а была толькі сведкай, якая мяне не датычылася, а проста канстатавала ўражальны для мяне факт, я ўсё яшчэ ўспамінаю. Вельмі часта. Невытлумачальна часта і без аніякіх нагод. Чаму? Пра тое вось і размова...


Сказаць, што мяне тыя словы неяк зачапілі, пакрыўдзілі? Ды не. Яны мяне абурылі — вось чыстая праўда. Ну, яшчэ выклікалі пэўную колькасць нейкага падабенства агіды да жанчынкі, якая іх прамаўляла. Гэта прытым, што я вельмі люблю людзей, ніколі на іх не крыўдую, заўсёды ўсіх апраўдваю, усё ўсім прабачаю. Мяне можна прыкладаць да раны, як часам кажуць. Агіда ж ад той размовы застаецца дагэтуль, разам з памяццю пра яе. Чаму?

Цалкам верагодна, што я сапраўды пакрыўджана. На яе, тую жанчынку. Але не сама, а замест яе, на яе, так бы мовіць, месцы. Моляцца ж за тых, хто ніколі не моліцца. Вось і я крыўдую за тых, каму за сябе не крыўдна. Так, напэўна, і ёсць: мне крыўдна за сваю былую супрацоўніцу і яшчэ процьму такіх самых, як яна.

Размова ішла пра вязанне кручком. Каляжанка распавядала, як паклала ў шпіталь сваю маці, і як яны абедзьве ўбачылі там «фантастычнае відовішча»: матчына суседка па палаце («Маладая ж яшчэ жанчына!») вязала карункі! Не з захапленнем тое было прамоўлена, хоць, па логіцы, якое яшчэ пачуццё можа выклікаць жанчына (любога ўзросту) з чароўнай палачкай у руках? З палачкай, якая ператварае роўную гладкую нітку ў казачныя ўзоры? Пяшчота і замілаванне найбольш адпавядалі б сітуацыі, але мая знаёмая акрэсліла яе іначай: «Я спытала ў маці: «Мо і табе купіць кручок і ніткі? Будзеш таксама, як баба старая, вязаць», а маці кажа: «Не, я да такога яшчэ не дайшла». І меўся на ўвазе не толькі ўзрост. Сказанае сведчыла — і словам, і тонам — пра грэблівасць да такога занятку і непавагу да жанчын, якія аддаюць яму свой вольны час.

Інакш кажучы, мне трэба было ціхенька маўчаць, што і я вяжу кручком, раблю гэта з ранняга дзяцінства, дагэтуль губляю прытомнасць у прысутнасці карунак ручной работы і лічу іх падставай для гонару. Я і маўчала. Толькі не з той прычыны. Проста не палічыла патрэбным нешта тут каментаваць.

...Ёсць жанчыны, якія назаўсёды застануцца для мяне таямніцамі. Назіраю за імі — і дзіву давацца не перастаю. Дзеці іх (нешматлікія, хутчэй адно) ужо выраслі, ад дома адышлі, хоць сем'яў сабе не прыдбалі (што таксама пра нешта ды сведчыць), таму ні сабою, ні ўнукамі не турбуюць. Падаконнікі ў кватэрах гэтых жанчын кветкамі не застаўлены і часу, значыць, таксама не забіраюць. Як не забірае яго гатаванне ежы: такія жанчыны і рэцэптамі не цікавяцца, і шафкі ў кухні формамі для выпечкі не абцяжараны. Яны, таксама заўважана, па тэатрах і музеях не ходзяць, багемны лад жыцця не вядуць. І не з'яўляюцца працагалічкамі: на працы да ночы не прападаюць, а так — абы дзень да вечара. І вось што яны робяць, прыйшоўшы дамоў?! Таямніца, якую не разгадаць!

Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.