Вы тут

«Белая Вежа» як сістэма каардынат


Рэальны прадмет, патрапіўшы пад святло сафітаў, значыць заўсёды больш, чым задумваў рэжысёр. Такі тэатральны закон. Так і Белая Вежа, пераўтварыўшыся ў назву тэатральнага фестывалю, выклікае не толькі геаграфічныя асацыяцыі, але і метафарычныя. Становіцца той самай слыннай вежай са слановай косці, куды часам прагне схавацца ад прозы жыцця мастак. Цэнтрам сістэмы каардынат, кропкай адліку, якая дазваляе вызначыць яго месцазнаходжанне і зразумець вектар руху. З 9 па 16 верасня на ХХІ Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» шукалі каардынаты 25 тэатраў з 16 краін свету.


Брэст — горад кантрастаў

Фестывальная праграма паказала, што стратэгіі мыслення рэжысёраў адносна сацыяльнасці тэатральнага мастацтва дыяметральна супрацьлеглыя. «Чайка» Львоўскага акадэмічнага тэатра «Уваскрэсенне», прызнаная экспертным саветам лепшым спектаклем фестывалю, — гэта хутчэй у добрым сэнсе высвятленне адносін рэжысёра Яраслава Федарышына са славутым тэкстам Чэхава, з Чэхавым як драматургам, чым рэакцыя на павестку дня. Федарышын увасабляе «Чайку» на адкрытым паветры, у вулічным спектаклі, адначасова адпавядае канонам жанру і парушае некаторыя з іх. Рэжысёр адмаўляецца ад тэксту, пакідаючы сэнсавыя межы толькі назвай і некалькімі добра вядомымі рэплікамі, што праецыруюцца на экран.

Астатняе — фантазія на чэхаўскія матывы. Часам сцэны п’есы ў ёй досыць пазнавальныя (напрыклад, трыумфальнае з’яўленне Аркадзінай). Часам гэта толькі настрой, уяўленне пра персанажа, падкрэсліванне асноўных рысаў яго характару (напрыклад, сцэна з Трыгорыным, што парыцца ў лазні ў атачэнні дзяўчат). Федарышын стварае шматсэнсоўную вулічную містэрыю, якая зацікавіць і тых, хто ніколі не чытаў чэхаўскай «Чайкі». Аднак абавязкова спыніцца пасярод вуліцы, каб пабачыць людзей на хадулях, вогненныя крылы, вялізныя драўляныя шкілеты невядомых істот. Для тых жа, хто добра знаёмы з п’есай, «Чайка» стане падарожжам у свет разгаданых і неразгаданых метафар ды асацыяцый. І, нягледзячы на зварот да эстэтыкі вулічнага тэатра, падчас абмеркавання Яраслаў Федарышын падкрэсліў, што сацыяльнасць тэатра — не яго творчы прыярытэт.

Літоўскі рэжысёр Ёнас Вайткус, наадварот, другі раз звяртаецца да вострага сучаснага тэксту Ганны Яблонскай «Паганцы». Увасобіўшы складаную п’есу пра багоў, у якіх верыць і не верыць сучасны чалавек, на сцэне Рускага драматычнага тэатра Літвы праз некалькі гадоў Вайткус зноў ставіць яе ў Дзяржаўным акадэмічным рускім тэатры драмы імя М. Горкага (Астана, Казахстан). Рознасць і арыгінальнасць рэжысёрскіх рашэнняў сведчаць, што гэта не спроба пераносу, а спроба пошуку ключоў да сучаснай драматургіі. Сёлета на «Белай Вежы» быў паказаны казахскі варыянт «Паганцаў», а актрыса Паліна Харламава за роль Хрысціны была ўзнагароджана ў намінацыі «Лепшая жаночая роля».

У чорным кабінеце сцэны толькі шэраг крэслаў ды некалькі прадметаў: флейта, паганская маска, чырвонае яйка — сімвалы веры пэўных герояў. Артысты займаюць крэслы і прамаўляюць тэкст с заплюшчанымі вачыма: удзельнікаў сцэны падсвечвае прамень. Рэжысёр нібы задаецца пытаннем: ці не сляпыя мы ў сваёй веры? Але не дае страціць надзею і свае фінальныя маналогі Хрысціна, што засталася жыць пасля спробы самагубства; яе бацька і маці, якія разышліся, але нарэшце сталі шчаслівымі людзьмі, прамаўляюць з расплюшчанымі вачыма.

Мона і стэрэа

Выбітныя асобы з няпростым лёсам заўсёды траплялі ў фокус увагі творцаў, якія намагаліся зразумець матывы тых ці іншых учынкаў, адчуць душэўны стан куміраў падчас пэўных падзей. У наш час, калі дакументальнае і мастацкае нанова дзеляць межы ў кіно і тэатры, выяўленчым мастацтве і літаратуры, творы на падставе біяграфій набываюць асаблівую актуальнасць. Пацвярджэннем гэтаму можа стаць і той факт, што большасць монаспектакляў, прадстаўленых на «Белай Вежы», знаёмілі гледачоў з гісторыямі вядомых і загадкавых. Піп Утан (Тэатральная кампанія Піпа Утана, Вялікабрытанія), сярод біяграфічных даследаванняў якога такі адыёзны персанаж, як Гітлер і жалезная лэдзі Маргарэт Тэтчэр, выйшаў на фестывальную сцэну ў ролі Чарлі Чапліна на сконе гадоў. Нібыта ў люстраным калідоры Утан, накладаючы перад гледачамі знакаміты грым, намагаўся высветліць, як адчувае сябе чалавек, што прыкаваны да вядомага ўсім вобраза, створанага ім самім? І, дарэчы, выканаўца быў адзначаны ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля».

Таксама ў фокус монабіяграфічных даследаванняў патрапіла асоба святой юродзівай Ксеніі Пецярбургскай. Фактаў пра святую да нашага часу дайшло досыць мала, і тэатр «Чэрава» з Польшчы паспрабаваў зрабіць рэканструкцыю таго памежнага моманту жыцця Ксеніі, калі, даведаўшыся пра смерць мужа, яна фактычна пахавала сябе, апрануўшыся ў адзенне мужа і сцвярджаючы, што ён жывы, а Ксенія памерла. Спектакль — гэта спроба зафіксаваць той першы крок на цяжкі шлях юродства, каб уяўным вар’яцтвам выкрыць сапраўднае вар’яцтва свету. Дарэчы, пастаноўка створана ў капрадукцыі: музыку, якая фактычна вядзе гераіню, напісаў беларускі кампазітар Ягор Забелаў.

Стваральніца монаспектакля «Рудольф Нурыеў. 48 гадзін» Іна Сакалова-Гардон і выканаўца Андрэй Машой паспрабавалі рэканструяваць 48 гадзін з жыцця Рудольфа Нурыева. Той кароткі тэрмін, на які танцоўшчыку дазволілі вярнуцца ў СССР, каб развітацца з маці перад яе смерцю. У метафарычнай сцэнаграфіі, калі з балетных станкоў узнікалі якія заўгодна прадметы, перад гледачом паступова праяўляўся вобраз няўрымслівага велічнага Нурыева.

Пабачыўшы праявы сацыяльнага, біяграфічнага тэатра на фестывалі, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што так далёка ад вежы са слановай косці, як Вайткус, здаецца, не адышоў больш ніхто. І гэта не значыць, што рэжысёры не браліся за вострыя тэмы. Рэжысёр Ежы Зонь увасобіў у польскім тэатры КТО раман французскага пісьменніка Гі Крусі «Валошкі» — гісторыю сірочага прытулку. Але форма перамагла тэму. Адзін дзень існавання сірот быў упісаны ў межы ІІІ Сімфоніі Хенрыка Мікалая Гурэцкага. Акцёрская партытура была літаральна па секундах распісаная згодна з музычнай: 3 хвіліны 30 секунд цягнецца мініяцюра «Харчаванне»; 2 хвіліны 30 секунд — «Вайна»; 1 хвіліна 32 секунды — «Рух да Сонца — фінал». Акцеры ў вобразах сірот і выхавальніц пазбаўлены слоў. Гісторыя чалавечай адзіноты паўстае перад намі дзякуючы складанаму пластычнаму малюнку. Гарманічнае спалучэнне пластыкі і музыкі ў спектаклі «Хор сірот» было адзначана экспертным саветам фестывалю: Ежы Зонь уганараваны дыпломам за лепшую рэжысуру.

Мы абавязкова сустрэнемся

Адметнасцю «Белай Вежы-2016» стала тое, што ў гонар 25-годдзя стварэння Садружнасці незалежных дзяржаў фестываль імкнуўся як мага больш шырока прадставіць тэатры краін СНД. Падзеяй стаў прыезд на фестываль Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя А. С. Пушкіна з Ашхабада (Туркменістан). Спектакль «Мы абавязкова сустрэнемся…» паводле аповесці Атаджана Тагана «Чужы», дзякуючы сюжэту, адметны прэзентатыўнасцю. Разам з галоўным героем — пленным французам — гледачы натуральным чынам знаёмяцца са звычаямі далёкай краіны. Увогуле, «Мы абавязкова сустрэнемся…» — гэта сумесь параднай эстэтыкі, асобных узораў савецкага тэатра сярэдзіны ХХ стагоддзя (напрыклад, канфлікт лепшага і добрага) і пэўнага інсіту. Першы паказ туркменскага тэатра ў суверэннай Беларусі быў адзначаны спецыяльным прызам «За яркі дэбют на фестывалі “Белая Вежа”». Яшчэ адным спецыяльным прызам — «За відовішчнае ўвасабленне паэтычнай прытчы» — быў узнагароджаны спектакль «А ў пустыні мёртвая ціша» «Жастар тэатры» акімата горада Астаны (Казахстан), які прадставіў на фестывалі інсцэніроўку паводле твораў Чынгіза Айтматава.

Адным з самых яркіх уражанняў сярод нацыянальных спектакляў стала «Ноч перад Калядамі» Мікалая Гогаля Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Т. Г. Шаўчэнкі (рэжысёр Андрэй Бакіраў). Музычная камедыя пазбегла любых праяў «шараварнага тэатра», што набіў гледачу аскоміну. Гармонія панавала ўсюды: у спалучэнні розных інсцэніровак класічнага твора, у дуэце аскетычнай сцэнаграфіі і візуальна «цяжкіх» белых касцюмаў. У выкананні чарнігаўцаў «Ноч перад каляламі» набыла лепшыя якасці італьянскай камедыі масак: гледачы чакалі добра знаёмых эпізодаў, каб пабачыць рэжысёрскае вырашэнне казачных трукаў (лацы). Як Салоха будзе прымаць гасцей? Як Пацюк будзе есці варэнікі? Як чорт і Вакула паляцяць па небе? І ніводнага разу Бакіраў не расчараваў залу. Асноўная нагрузка ў музычнай камедыі традыцыйна кладзецца на характарных персанажаў, сярод якіх асабліва вызначаюцца (у тым ліку і складанасцю пластычнага малюнка ролі) Салоха (Аксана Грабянюк) і Чорт (Сяргей Пунтус). Аднак найперш «Ноч перад калядамі» заварожвае ансамблевасцю. Адпаведна, і ўзнагарода ад экспертанага савета — дыплом у намінацыі «Лепшы акцёрскі ансамбль».

Такім чынам, «Белая Вежа» ў каторы раз праявіла сябе як фестываль з адной з самых дэмакратычных праграм у нашай краіне, здольнай аб’яднаць і разнажанравасць, і рознаўзроўневасць калектываў. І фестывальныя эксперыменты, і тэатральны рэпертуарны працэс. Падгадаваўшы за дваццаць гадоў тэатральную публіку, «Белая Вежа» можа спадзявацца на тое, што глядач ацэніць і разбярэцца. Аднак нельга не адзначыць і пэўныя мінусы ў фестывальнай праграме. Так, сёлета вельмі бледна выглядаў блок беларускіх спектакляў, а некалькі спектакляў агульнай праграмы выклікалі пытанні адносна адпаведнасці ўзроўню міжнароднага фестывалю. Праўда, шырокая панарама спектакляў на «Белай Вежы» з годнасцю здольная прыхаваць гэтыя хібы, выявіўшы цікавую сістэму каардынат, дзе нанова пераствараюцца межы сацыяльнага, нацыянальнага і мастацкага ў тэатры.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Вадзіма ЯКУБЁНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.