Вы тут

Мастацтва падчас тэлефоннай размовы


Мастакі Тамара Шэлест і Андрэй Якубаў сцвярджаюць, што гэта карысна.

Працэс пабудовы тэлефоннай размовы, нягледзячы на тое, што з першага погляду выглядае дастаткова звычайнай і звыклай справай, з'яўляецца маштабнай сістэмай перадачы, асэнсавання і ўспрымання інфармацыі. Здаецца, мабільны тэлефон — толькі невялікі атрыбут паўсядзённасці, але ж у ім захоўваецца цэлае жыццё. Колькі разоў на дзень мы тэлефануем родным, сябрам, калегам? Немагчыма ж палічыць. У арт-гасцёўні «Высокае месца» адкрылася выстаўка мастакоў Тамары Шэлест і Андрэя Якубава «Тэлефонная размова», у якой творцы па дэталях разбіраюць розныя варыянты ўздзеяння штодзённых гутарак па тэлефоне на чалавека, прычым не з пункту гледжання фізіялагічнага, а хутчэй маральнага.


Анд­рэй Яку­баў. «Гар­ба­та», 2015 г.

Вы ведалі, што ў інтэрнэце можна знайсці аматарскія блогі, куды аўтары выпісваюць розныя цытаты з асабістых тэлефонных размоў, выбраўшы найбольш гумарыстычныя альбо цынічныя фразы? Прыкладна такая ж канцэпцыя ў Тамары Шэлест і Андрэя Якубава: мастакі таксама пачалі весці своеасаблівыя блогі, толькі форму выкарысталі не слоўную, а мастацкую. Атрымалася цікава, нават крэатыўна. Здаецца, два паверхі арт-гасцёўні займелі мноства акон, зазірнуўшы ў якія натыкаешся на розныя эмоцыі, праблемы, пачуцці...

Тамара Шэлест пра ідэю выстаўкі кажа, што тэлефонная размова — момант, калі раней заўсёды не хапала пэндзля, каб захаваць важныя думкі. Бо ў размове, бывае, сутыкаешся з цікавымі фактамі, ідэямі, але ж пасля таго як націснеш на чырвоную кнопку мабільнага тэлефона, гэтыя думкі кудысьці знікаюць, забываюцца, нібыта і не было дваццаціхвіліннай гутаркі. Мастацкае адлюстраванне ратуе ад нечаканых «падарункаў» памяці і дапамагае знайсці ў штодзённасці мноства сэнсаў.

Карціны мастакоў чымсьці нагадваюць коміксы, прадстаўленыя ў рознакаляровым варыянце. Паколькі яны звязаныя з тэлефоннымі размовамі, то нельга не адзначыць іх дыялагічнасць. Толькі дыялог паміж гледачом і мастацкай работай пачынае будавацца тады, калі першы зразумее, пра што кажа аўтар у творы. А гэта, між іншым, не так і лёгка: Андрэй Якубаў адлюстроўвае больш рэалістычныя сітуацыі, і іх зразумець можна хутчэй, а вось сюжэты Тамары Шэлест больш завуаляваныя, з ухілам у фантастычнасць.

Творчыя назіранні аўтараў падчас тэлефонных размоў — гэта каля сарака жывапісных твораў у экспазіцыі. Для Тамары Шэлест і Андрэя Якубава падрыхтоўка да выстаўкі была эксперыментам, падчас якога мастакі шукалі важнае ў простым альбо, як кажуць самі, у дыялогах ні аб чым. І атрымалася, што нават у бессэнсоўнай балбатні можна знайсці шмат дэталяў, пра якія не задумваўся раней, можна распрацаваць спецыяльныя шрыфты, коды, якія нагадаюць пра сімвалічныя даты і незабыўныя падзеі.

Тамара Шэлест і Андрэй Якубаў — дастаткова маладыя творцы, яны нават не шукаюць арыгінальнага падыходу, а жывуць ім. Іх тандэм настолькі гарманічны, што хацелася б назіраць іх сумесныя праекты і далей.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.