Вы тут

Фундаментальная бібліятэка БДУ адзначае 95-годдзе


Сёлета Фундаментальная бібліятэка БДУ адзначае 95-годдзе. Гэта свята стала добрай нагодай абмеркаваць магчымасці работы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы і пераняць вопыт іншых краін. Супрацоўнікі бібліятэк ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы і Казахстана сабраліся, каб расказаць, якой бачаць сваю працу ў будучыні.


— Сёння нашы выступленні — усяго толькі позірк у будучыню. Але спадзяюся, што праз два гады я змагу расказаць вам пра вынікі праекта, а яны падаюцца мне аптымістычнымі. Перад бібліятэкамі ўзнікае дылема: альбо працягваць жыццё па старой мадэлі і не звяртаць увагі на змены, што адбываюцца навокал, альбо спрабаваць змяняцца разам з наваколлем, каб не згубіць сваё месца ў ім, — выказаў адну з асноўных думак сустрэчы дырэктар Універсітэцкай бібліятэкі Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта, доктар навук, прафесар Андрэас Дзегквіц.

Дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка таксама згодны з калегамі, што сучасная ўніверсітэцкая бібліятэка — гэта найбольш тэхнічна і інфармацыйна развітое падраздзяленне ва ўсёй установе вышэйшай адукацыі:

— Будучыня — гэта трансфармацыя ў інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, вузел, які не толькі прадстаўляе матэрыяльныя і электронныя рэсурсы для вялікага кола карыстальнікаў, але і дапамагае навукоўцам. Як напісаць артыкул? Як прасунуць яго ў пэўны часопіс ці базу даных? Гэта ўсё павінна даваць бібліятэка. Лічу, што такая кансультацыйная падтрымка навукі стане асноўнай нашай задачай. Акрамя таго, не трэба скідваць з рахункаў і выхаваўчую, культурную дзейнасць і непасрэднае прызначэнне любой універсітэцкай бібліятэкі — забеспячэнне матэрыяламі вучэбнага працэсу. Аднак прайшлі часы, калі мы былі толькі месцам, дзе студэнтам выдавалі падручнікі. Цяпер БДУ можа пахваліцца ўласнай электроннай бібліятэкай, сёння там у свабодным доступе захоўваецца больш за 100 тысяч лічбавых дакументаў. У міжнародных рэйтынгах па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе мы займаем лідзіручыя пазіцыі, і нават траплялі ў спіс сотні лепшых электронных бібліятэк свету. Акрамя таго, на нашай базе працуюць лабараторыя тэхнічнай творчасці, студэнцкія клубы, метадычны і каардынацыйны цэнтр для бібліятэк устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

Сустрэча, на якой прысутнічалі прадстаўнікі ўніверсітэцкіх, публічных і дзяржаўных бібліятэк Беларусі, а таксама дэлегацыі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Камеруна, Нігерыі, адбылася падчас XVІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Менеджмент бібліятэк ВНУ», якая праходзіла ў рамках ІV Кангрэса «Бібліятэка як феномен культуры».

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бібліятэка будучыні: не проста склад для кніг

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.