Вы тут

Моладзь дапамагае аднаўляць лясы пасля летняга ўрагану


...Мясціна выглядае злавесна. Наводдаль застылі зламаныя напалову дрэвы без галін. Перад імі — поле з перарытай, засыпанай попелам зямлёй. Бачны абсмаленыя карчы, у шэра-рудой гразі ляжаць цурбаны ды дзе-нідзе трапляюцца лапікі ігліцы. Пейзаж варты дэкарацыі для якога-небудзь фантастычнага фільма-катастрофы. Аднак гэта не кадры кінастужкі, а лясная дзялянка недалёка ад Мінска.


Ула­дзі­слаў Юпа­шоў  і Сяр­гей Кар­чэў­скі  спра­ца­ва­лі­ся ад­ра­зу.

Гэтым летам над Беларуссю пранесліся ўраганныя вятры. Яны зрывалі шыфер з дахаў, разбуралі збудаванні і ламалі дрэвы. У Мінскай вобласці асабліва моцна стыхія прайшлася па Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах. Напрыклад, толькі ў Смалявіцкім лясгасе каля 5700 гектараў лесу былі ператвораны ў буралом. Ляснік Валмянскага лясніцтва Смалявіцкага лясгаса Мікалай Манулік працуе 23 гады, але такіх разбурэнняў прыгадаць не можа:

— Падобныя страты ў нас толькі сёлета. Раней вятры таксама валілі дрэвы, але плошчы былі меншыя. З пашкоджаных участкаў драўніна вывозіцца, дзялянка ачышчаецца і заворваецца, аднак аднавіць увесь загублены лес сіламі аднаго лясгаса за кароткі тэрмін — задача вельмі складаная.

Кожнае лета лясніцтву традыцыйна дапамагаюць школьнікі. Для старшакласнікаў пасадка маладых елак і сосен залічваецца як практыка. Сёлета сітуацыя іншая: дапамогу прапаноўвалі нават добраахвотнікі, а ў канцы верасня распачаўся працоўны семестр у студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Па­грэц­ца ля вог­ні­шча ў віль­гот­нае на­двор'е — што мо­жа быць лепш!

— На працу выязджаюць лесагаспадарчы факультэт і факультэт тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці, — кажа старшы выкладчык кафедры лясных дарог і вывазкі драўніны, кандыдат тэхнічных навук Руслан Караленя. — Сёння я курырую трэцякурснікаў. Садзіць лес будзем, як і нашы папярэднікі з другога курса, два тыдні, а ўсяго працоўны семестр працягваецца месяц.

Дапамога лясгасу ў час практыкі студэнтам не залічваецца, прапушчаныя тыдні вучобы давядзецца «наганяць». Затое ўдзел у пасадках стане вялікім бонусам пры засяленні ў інтэрнат на наступны год. Будзе і матэрыяльнае ўзнагароджанне, праўда, якое — пакуль невядома, усё залежыць ад выкананай працоўнай нормы.

...41 чалавек, хаваючы насы ў каўняры ад халоднай восеньскай вільгаці, надзяваюць пальчаткі і прыглядаюцца да дзялянкі. Сярод сарака пар ботаў і чаравікаў бачны боцікі з кветачкамі. Іх гаспадыня Ксенія Казлова сама нібы тая кветка: адзіная дзяўчына што ў сваёй групе на факультэце, што на гэтым этапе працоўнага семестра.

— На самай справе, у нас на курсе многа дзяўчат, гэта я абрала такі прафесійны ўхіл, што аказалася адзінай у групе з 17 чалавек. На трэцім курсе ўжо адчуваю сябе камфортна, а вось напачатку была паніка. Потым прывыкла, ды і хлопцы аказаліся добрымі, кампанейскімі.

Вучыцца Ксенія прыехала з Камянецкага раёна і напачатку скіроўвала позірк на БНТУ, аднак спіс прафесій там падаўся занадта «мужчынскім». А вось спецыяльнасць «лесаінжынерная справа» на факультэце тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці БДТУ абяцала падрыхтоўку шырокага профілю, на якую дзяўчына і спакусілася. На лекцыях Ксенія вывучае ўсе этапы ляснога гаспадарання: ад пасадкі культур да тэхналогіі нарыхтоўкі спелага лесу і лесатранспартнай лагістыкі. Праўда, на скрыні з саджанцамі дзяўчына паглядае з хваляваннем: на практыцы ў Негарэльскім вучэбна-вопытным лясгасе яна трэніравалася па пракладцы дарог скрозь лес, а вось саджаць дрэўцы ёй яшчэ не даводзілася.

Ляс­нік Мі­ка­лай Ма­ну­лік (спра­ва)  на­зі­рае за пра­віль­нас­цю  па­сад­кі са­со­нак.

Пакуль студэнты прымяраюцца да мяча Колесава, ляснічы Валмянскага лясніцтва Міхаіл Шнітоўскі пачынае інструктаж па тэхніцы бяспекі, а потым — па тэхніцы пасадкі. На першы погляд, навука не хітрая: мячом у зямлі робіцца пасадачная лунка, туды апускаюцца карэньчыкі маладой сасны. Яшчэ адзін рух — і меч прыціскае зямлю да парастка, выдаўлівае паветра з ямкі. Застаецца толькі прытаптаць.

— Нам пашанцавала з надвор'ем. Нядаўнія дажджы размачылі глебу, а гэта значыць, што саджанцы лепей прыжывуцца, — тлумачыць майстар лесу Валмянскага лясніцтва Аляксандр Календа. — Сённяшні аб'ём работ — дзялянка плошчай каля 2,5 гектара. Калі яе цалкам засадзіць, атрымаецца прыблізна 12 тысяч новых лясных культур. У восем радоў высаджваем сасну, але мяркуецца, што тут будзе расці і бяроза. У апошняй надзвычай хуткае натуральнае ўзнаўленне, яна насеецца сама, мы проста пакінем для яе па два пустыя рады. Садзіць будзем, пакуль не пачнуцца маразы, а потым працягнем вясной.

Аляксандр працуе ў лясной гаспадарцы пяць гадоў. Прафесію атрымліваў у Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, а потым вярнуўся на радзіму ў Смалявічы. Са школьнікамі ездзіць на пасадкі тры гады. Студэнты ў якасці памочнікаў трапіліся яму ўпершыню...

— Асноўная праблема ўсіх навічкоў у справе — гэта дыстанцыя. Калі пасадзіць дрэўцы занадта блізка, то потым атрымаецца «маркоўнік»: кволыя тонкія парасткі, якім не хапае ні вады, ні карысных рэчываў. Эканамічна такі лес ні пад што не прыдатны. Нармальная адлегласць паміж саджанцамі павінна быць прыблізна на дзве ступні. Калі школьніку тлумачыш — быццам бы ўсё разумее, а праз пяць хвілін зноў збіваецца. Са студэнтамі ўсё ж прасцей, — гаворыць Аляксандр.

Пад­час тэх­на­ла­гіч­на­га пе­ра­пын­ку  са­мы час пе­ра­ку­сіць.

Будучыя інжынеры Уладзіслаў Юпашаў і Сяргей Карчэўскі хутка асвоіліся ў новай справе. Абодвум падабаецца лес, хаця самі хлопцы раслі ў горадзе.

— Я з Ашмянаў, — расказвае Сяргей, — а сябар прыехаў на вучобу са Слоніма. Лес садзім упершыню, занятак, асабліва для нашай спецыяльнасці, лічу карысным.

Бліжэй да тэхналагічнага перапынку побач з дзялянкай леснікі распалілі вогнішча — па плане з 12 да 13 гадзін у студэнтаў адпачынак. Напачатку маўклівыя хлопцы хутка адагрэліся: нехта рабіў сэлфі, нехта дзяліўся з сябрамі чаем з тэрмаса.

— Пасля перапынку зноў вернемся да працы. У тры гадзіны прыязджае аўтобус, ён спачатку павязе нас у кавярню, што ў вёсцы Заблоцце, — на абед, а потым адразу вяртаемся ў Мінск. Мы са студэнтамі параіліся і вырашылі, што так будзе прасцей, чым абедаць у гадзіну дня і губляць сорак хвілін на дарогу ў кожны бок, — патлумачыў распарадак Руслан Караленя.

...З шашы маладыя саджанцы на дзялянцы не разгледзець. Леснікі кажуць, што ў сасны першай групы ўзрост галоўнага выкарыстання наступае праз сто адзін год, так што там цяпер, можна сказаць, расце лес для людзей наступнага стагоддзя.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Мінск — Смалявіцкі раён — Мінск

Фота Сяргея Нікановіча

Загаловак у газеце: След на сто гадоў наперад

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.