Вы тут

Хто рассячэ «гордзіевы вузлы»?


На гэтым тыдні павінен быць цалкам расфарміраваны мігранцкі лагер каля французскага горада Кале, сумнавядомы пад назвай «джунглі Кале». Яго жыхары будуць накіраваны ў іншыя прытулкі на тэрыторыі краіны.


«Джунглі Кале» за апошнія два гады ператварыліся ў крыніцу злачынстваў. Насельнікі трушчоб неаднаразова спрабавалі ўзяць тунэль пад Ла-Маншам штурмам, рабавалі вялікагрузныя машыны, якія ідуць у Вялікабрытанію, нападалі на дамы мясцовых жыхароў, гвалтавалі жанчын. Вынікам стала не толькі цяперашняе расфарміраванне лагера, але і будаўніцтва каля горада Кале сцяны вышынёй чатыры метры і працягласцю адзін кіламетр. Сцяна пройдзе па абодва бакі аўтамабільнай трасы. Мэта будаўніцтва — абараніць вадзіцеляў грузавікоў ад нападаў і перакрыць нелегальным мігрантам шлях у Вялікабрытанію.

Ужо каторы год на ўскраінах французскіх гарадоў неспакойна, у апошнія гады да вялікай колькасці злачынстваў дадалася яшчэ адна бяда — тэрарызм. Расфарміраванне ўсяго толькі аднаго «палаткавага гарадка» можа дапамагчы вырашыць, прычым, толькі часткова, праблему аднаго горада. Але мігранцкія трушчобы, пасяленні бежанцаў ёсць у многіх іншых рэгіёнах, і не толькі Францыі. Венгрыя, Аўстрыя, Германія, Італія таксама церпяць з-за наплыву нелегалаў і ўцекачоў ад войнаў на Бліжнім Усходзе. У прыватнасці, тураператары паведамляюць аб спадзе попыту на пуцёўкі ў гэтыя краіны.

* * *

Кампанія па выбарах прэзідэнта Злучаных Штатаў выходзіць на фінішную прамую — да «дня Х» засталося роўна два тыдні. Хілары Клінтан, кандыдат ад дэмакратычнай партыі, і рэспубліканец Дональд Трамп патроху зніжаюць агрэсію. Апошні нават ужо дазваляе сабе думкі аб магчымым пройгрышы. Прынамсі, у мінулую пятніцу Дональд Трамп прызнаў сваё адставанне ад канкурэнткі. У той жа час, у багатай гісторыі выбарчых кампаній ЗША былі выпадкі, калі перамагаў той кандыдат, які падчас агітацыйнай кампаніі меў менш прыхільнікаў. Хілары Клінтан упэўнена лідзіруе нават у традыцыйна «рэспубліканскіх» штатах — Арызоне і Юце — апытанні паказваюць, што ўпершыню за шмат гадоў можа атрымацца так, што перавес будзе на баку дэмакраткі.

Для Злучаных Штатаў перамога жанчыны стане чарговай сенсацыяй — пасля таго, як два тэрміны запар прэзідэнтам быў афраамерыканец. Дагэтуль падобнага не здаралася за ўсю гісторыю амерыканскай дэмакратыі, з улікам палітыкі сегрэгацыі ў дачыненні да каляровага насельніцтва і з улікам стаўлення да жанчын як да хатняй абслугі — усё гэта мела месца ледзь не да 90-х.

Перамога Дональда Трампа адпраўляе дэмакратычную партыю ў апазіцыю. Магчыма, яго новая каманда паспрабуе выправіць усе тыя памылкі ў знешняй палітыцы Штатаў, якія дапусціў Барак Абама... Гэты «гордзіеў вузел» разблытаць ці не больш складана, чым праблему з мігрантамі ў Еўрасаюзе: калі ЗША адмовяцца ад сваіх празмерных амбіцый у свеце, то, магчыма, асноўныя сусветныя праблемы вырашыць будзе прасцей.

* * *

Для Беларусі адной з самых вызначальных падзей мінулага тыдня стала тое, што наша краіна атрымала права на правядзенне другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Рашэнне было прынята па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), якое прайшло ў Мінску. Гэтыя гульні дадуць магчымасць нашай краіне яшчэ больш палепшыць свой імідж у вачах замежных турыстаў, прадэманстраваць нашы дасягненні ў спорце і фізічнай культуры, замацаваць сваю пазіцыю як спартыўнай дзяржавы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.