Вы тут

Айчынныя біёлагі склалі кнігу аб значнасці беларускіх балот


Што мы ведаем пра беларускія балоты? Большасць прыгадае вядомую кнігу Івана Мележа. Але цяпер у аматараў дакладнай інфармацыі з'явілася навуковая крыніца ведаў — выданне «Флора і расліннасць верхавых балот Беларусі». Аўтары, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, расказалі пра гісторыю яе стварэння, а таксама падзяліліся цікавымі фактамі пра адно з найгалоўнейшых багаццяў нашай краіны.


— Работу над выданнем мы распачалі прыкладна ў 2004 годзе, — узгадаў намеснік дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН па навуковай і інавацыйнай рабоце Дзмітрый ГРУМО. — Тады ў навуцы былі даволі цяжкія часы, але праект падтрымаў адзін з амерыкана-брытанскіх фондаў, які дапамог нам з пошукам замежных валанцёраў для правядзення даследаванняў. Прыкладна ў 2006 годзе мы распачалі актыўную работу па зборы матэрыялу для будучай кнігі — і вось праз дзесяць гадоў яна пабачыла свет.

Пасля прэзентацыі аўтары кнігі выступілі з невялікімі лекцыямі. Так, напрыклад, навуковы супрацоўнік лабараторыі геабатанікі і картаграфавання расліннасці Інстытута эксперыментальнай батанікі Наталля Зелянкевіч распавяла пра гісторыю даследавання нашых балот. Паводле яе слоў, пачынальніцай тут была каралева Бона Сфорца, якая яшчэ ў XVІ стагоддзі распачала меліярацыю на Палессі. Маштабныя работы па асушэнні пачалі праводзіцца ўжо пазней, у канцы XІX стагоддзя. На здымках таго часу можна заўважыць, як падчас рыцця каналаў праводзіліся... малебны. Ужо ў мінулым стагоддзі ў сталіцы была створана першая профільная ўстанова — Мінская балотна-доследная станцыя, якая знаходзілася ў раёне Камароўскага балота (яго рэшткі цяпер знаходзяцца ў парку Дружбы народаў). У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў будынак станцыі папала авіябомба, і большая частка вынікаў даваенных даследаванняў была страчана.

Дацэнт кафедры біягеаграфіі і аховы прыроды Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Галаніна расказвала пра ролю балот у экалогіі і выкарыстанні іх у сучаснай гаспадарцы. Як сцвярджае навукоўца, галоўная функцыя гэтых тэрыторый у экасістэме — накапленне вады (так, напрыклад, у балоце Ельня ўтрымліваецца амаль столькі ж вільгаці, колькі ў возеры Нарач). Другі аспект — газаабмен, у прыватнасці, перапрацоўка вугляроду ў кісларод. Цікава, што ў сухія гады балота можа паварочваць гэты працэс у адвароты бок і паглынаць кісларод. Што датычыцца выкарыстання балот чалавекам, то, па словах навукоўцы, апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, згодна з якой спажыванне торфу ў якасці паліва няспынна змяншаецца. Цяпер гэтае рэчыва больш выкарыстоўваюць як угнаенне. Тым не менш знаходзяцца новыя аспекты выкарыстання балот, так, напрыклад, многія аэрапорты Еўропы пабудаваны якраз на месцах асушаных балот, гэтак жа шырока яны выкарыстоўваюцца ў ваеннай сферы ў якасці палігонаў.

Дзмітрый Грумо гаварыў пра праблемы захавання і аднаўлення беларускіх балот. Галоўнай небяспекай для «лёгкіх Еўропы» навукоўца бачыць меліярацыю, выкіды вуглякіслага газу, а таксама пажары. Да пачатку масавага асушэння 12,3 працэнта тэрыторыі краіны было занята балотамі, сёння гэты паказчык складае ўсяго 4,2 працэнта. Тым не менш Дзмітрый Грумо адзначае ўвагу да праблемы з боку дзяржавы — у Беларусі было наноў забалочана.

51 тысяча гектараў. Для параўнання, у Літве, Латвіі і Эстоніі за той жа час гэтая лічба дасягнула ўсяго 5 тысяч. Пад аховай знаходзіцца 68,8 працэнта тэрыторый верхавых балот. Што датычыцца пажараў, то сітуацыя ў апошнія гады таксама выправілася дзякуючы ў тым ліку намаганням МНС. Яшчэ ў 2002 годзе ўзгаранні тарфянікаў былі праблемай нацыянальнага маштабу, цяпер жа падобныя надзвычайныя сітуацыі — рэдкасць.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Людзі і балоты

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.