Вы тут

Валанцёры «Зялёнай сеткі» аб неабыякавым стылі жыцця


Вядомая фраза: «Калі хочаш змяніць свет — пачні з сябе» шмат каго матывуе рабіць нешта карыснае. Але ёсць людзі, якія не могуць абмяжоўвацца толькі сабой, яны хочуць дзяліцца ведамі і вопытам з іншымі. Яны вераць, што нават нязначная дапамога можа быць вельмі важнай. Асабліва, калі гэта тычыцца таго месца, дзе мы жывём. Валанцёры «Зялёнай сеткі» расказалі, чаму яны вырашылі пайсці па экалагічнай сцежцы і што для іх значыць быць валанцёрам.


Люся Нікіценка:

— У свядомым узросце пачала паглыбляцца ў пытанні экалогіі: сартаванне смецця, высечка дрэў. У той час актыўна чытала «Зялёны партал». Там шмат пра новыя праблемы даведалася. І неяк усё закруцілася. Не змагла застацца ўбаку, бо я такі чалавек, якому да ўсяго ёсць справа. Хацелася (і хочацца) змяняць гэты свет да лепшага.

Звычайна я дапамагаю ўсюды, дзе маю магчымасць. Раней прымала ўдзел у «Нітках сяброўства», ва ўніверсітэце пастаянна «валанцёрыла» ў самых разнастайных праектах, хадзіла ў сабачы прытулак, дапамагала «Гарадскому ляснічаму» ў правядзенні Дня без паперы.

Што для мяне значыць быць валанцёрам? Аднойчы пачула фразу, што валанцёрства — гэта стыль жыцця. Калі ты знаходзіш сябе ў ім, то потым складана (я нават сказала б, немагчыма!) жыць па-іншаму. З часам разумееш, што іншыя людзі за такую работу грошы бяруць, а ты не можаш, бо сумленне не дае думаць пра такое, бо маеш вышэйшыя мэты, бо працуеш за ідэю і з думкаю, што робіш гэты свет крышачку лепшым.

Яна Бондар:

— Я валанцёр не больш за год. Разумею, што многім экалагічным праектам патрэбна дапамога, таму імкнуся быць усюды карыснай.

Пачынала з малога: займалася дабрачыннымі сустрэчамі на экалагічным партале. Пазней далучылася да грамадскіх арганізацый: «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Гарадскі ляснічы», Мінскае веласіпеднае таварыства. На гэты момант з аднадумцамі арганізавалі праект «Ёга Дабра»: праводзім заняткі па экалогіі і ёзе ў адной са школ Мінска.

Акрамя гэтага, займалася падлікам дрэў у парку Котаўка, абменам макулатуры на саджанцы. Найбольш запомнілася ўборка на тэрыторыі парка «Сярэбраны Лог» у рамках акцыі «Зробім!», куды прыйшло каля 70 чалавек. Усе хацелі зрабіць свой унёсак, каб тэрыторыя парку была чыстай і прыемнай для прагулкі. Гэта ў нас атрымалася.

Мяне радуе, што так шмат людзей цяпер неабыякавыя да таго, што нас акружае, і гатовы дзейнічаць.

Марыя Дзюбенка:

— Я эколаг па прафесіі, а валанцёрства для мяне — гэта магчымасць свядома ставіцца да сваіх дзеянняў, учынкаў і падаваць прыклад іншым. Я лічу, што не ўсё ў гэтым свеце павінна рабіцца за грошы, і дапамагаць можна і трэба бясплатна.

Самая важная падзея за часы валанцёрства — гэта ўдзел у эка-майстэрнях для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. Гэты праект дапамог мне глянуць на многія рэчы па-іншаму.

Дзякуючы валанцёрству я знайшла аднадумцаў. Вельмі рада, што знаходжуся побач з тымі, хто падзяляе мае мэты, погляды і жаданні.

Стаць валанцёрам «Зялёнай сеткі» вельмі проста: дастаткова зайсці на сайт і запоўніць анкету. Пасля гэтага на пошту будуць прыходзіць лісты з цікавымі «зялёнымі» прапановамі. Быць карысным не складана насамрэч.

Кацярына КІРЭЕВА

Загаловак у газеце: Нам да ўсяго ёсць справа

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.