Вы тут

Калі можна ўжываць салодкае?


Адмовіцца ад салодкага падарунка было б ідэальна для здароўя, але немагчыма. Таму зрабіце яго самі з улікам правільных падказак.


Лішак цукру, хоць бы і ў гонар свята, — шкодна, як ні круці! Што ж рабіць, калі дзеці ўсё адно чакаюць, а задача дарослых — не адступаць ад здаровага ладу жыцця? Па-першае, калі вашаму дзіцяці менш за 3 гады, то тут і гаварыць няма аб чым: цукеркі даваць нельга ні ў якім разе. Па-другое, чым даўжэй вам удасца ўтрымаць дзіця ад ужывання цукерак, тым больш вы малайчына! Па-трэцяе, нягледзячы на дзіцячыя карцінкі на прысмаках, гэта не тое самае, што дзіцячы тварог ці дзіцячае малако. Цукеркі — увогуле не для дзяцей, аднак бываюць дні, калі без іх ніяк. А таму вучымся зніжаць шкоду ад салодкага.

Многія з нас напярэдадні святаў адпраўляюцца на закупкі ў суседнія краіны і часам набываюць прадукты, складу якіх нават не ведаюць, таму што інфармацыя на этыкетцы — на незразумелай мове. Аднак нават калі і на зразумелай, трэба памятаць, што вытворцаў падобнай прадукцыі — процьма, і далёка не ўсе робяць яе паводле высокіх стандартаў. Каб не расплачвацца здароўем, не ганяйцеся за таннасцю: лепш менш, ды лепш. Набывайце прадукцыю вядомых вам вытворцаў, ідэальна — у фірменных магазінах фабрык. Звяртайце ўвагу на тое, каб прадукцыя была «ГОСТ», «СТБ», што мае на ўвазе адпаведнай якасці сыравіну. Дарэчы, амаль уся кандытарская прадукцыя выраблена з дадаваннем маргарыну, гідрагенізаваных тлушчаў (часткова гідрагенізаваныя — яшчэ горш). І нават не важна, што азначаюць такія невядомыя словы: чым менш незразумелага ў прадукце, тым лепш.

У падарунку для вашага дзіцяці не павінна быць цукерак з вышэйзгаданымі кулінарнымі або кандытарскімі тлушчамі, трэба, каб было як мага менш кансервантаў, фарбавальнікаў, заменнікаў цукру. У складзе павінна быць какава-масла, а не эквіваленты, якія і побач з ім не стаялі. Не падыдуць і прысмакі з кавай ці алкаголем. Ледзяшы, карамель і ірыс — таксама прэч, бо такая прадукцыя досыць працягла знаходзіцца ў роце, што моцна псуе зубы, а яшчэ празмерна актывізуе выпрацоўку інсуліну. Калі пячэнне, то менавіта дзіцячае. Можна дадаць у падарунак так званыя карысныя прысмакі: пасцілу, мармелад, зефір.

Кожны раз, даючы што-небудзь салодкае, прагаворвайце, што да здароўя трэба ставіцца ашчадна, што так можна і зубы сапсаваць і г.д. Дома ніколі не павінна быць шмат прысмакаў, іх трэба жорстка дазіраваць і кантраляваць, каб не сфарміраваць няправільныя харчовыя паводзіны, з якімі пасля давядзецца ўсё жыццё змагацца. Паводле рэкамендацый дыетолагаў, можна ўжываць не больш за 2—3 цукеркі ў дзень, або 20—30 г прысмакаў. Частаваць трэба выключна пасля яды, калі дзіця не галоднае і не мае жадання праглынуць некалькі штук за адзін раз. Дазвольце малому атрымаць задавальненне ад усяго працэсу, пачынаючы з разгортвання прыгожай абгорткі.

Не рабіце наогул стаўку на салодкае. Усё ж такі дзеці чакаюць не цукерак, а падарунка. Так што ў аснове павінна быць прыгожая цацка, сувенір, а ў дадатак — невялікая колькасць цукерак, якія вы разам размяркуеце па днях, і пры гэтым папросіце дзіця падзяліцца з усімі дарослымі, гасцямі.

Рыхтуючы навагодні стол, зрабіце разам з дзіцем міні-бутэрброды або канапэ з самай рознай садавіны, якую можна дробна нарэзаць. Зрабіце і торт, выкарыстоўваючы лепшыя інгрэдыенты — масла, яйкі і г.д. Паглядзіце ў інтэрнэце, як лёгка гатуюцца цукеркі з сухафруктаў, арэхаў, вафельнага ліста і кунжуту. Салодкую газіроўку замяніце на ваду (пакладзіце туды парэзаныя на буйныя кавалачкі фрукты), хатні морс або невялікую колькасць фруктовага соку.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Правільнае салодкае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.