Вы тут

Белавежскі абышоў 45 раёнаў*


Наша газета часта расказвае пра справы ў адной з самых перадавых гаспадарак Беларусі — ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна. Заўтра ў гэтым буйным аграрным комплексе з замкнутым цыклам вытворчасці — справаздачны сход па выніках мінулага гаспадарчага года. Звычайна на такіх сходах размова ідзе пра ўзятыя вытворчыя і сацыяльныя вяршыні. Пра што раскажа акцыянерам генеральны дырэктар Юрый Мароз гэтым разам? Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з Юрыем Дзмітрыевічам напярэдадні падзеі.


1. Капейка да капейкі, мільён да мільёна

— Акцыянерам, як і чытачам найстарэйшай беларускай газеты, будзе цікава даведацца апошнюю навіну: «Белавежскі» паспяхова паўдзельнічаў у найбольш прадстаўнічай выставе «Прадэкспа-2017», якая прайшла днямі ў Маскве, — распавядае Юрый Мароз. — Наша прадпрыемства ўдастоена ганаровых узнагарод — дыплома і кубка за высокую якасць прадукцыі як «Лепшае прадпрыемства — 2017». Прадукты зельц «Святочны» і «Мядзведжае вушка» ўзнагароджаны залатым медалём і дыпломам як «Лепшы прадукт — 2017». Адначасова праходзіў і міжнародны незалежны конкурс-дэгустацыя «Лепшы смак — 2017», і з улікам водгукаў спажыўцоў наша «Бужаніна запечаная па-белавежску» і сасіскі «Малочныя крэмавыя прэміум» атрымалі дыпломы першай ступені.

Цяпер пра вынікі работы за мінулы год. Маем права сказаць, што яны нядрэнныя: мы выканалі ўсе паказчыкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, і, адпаведна, выкананы ўсе эканамічныя паказчыкі. Прадалі прадукцыі больш чым на 96 мільёнаў. Выпрацоўка на аднаго працуючага склала 57 тысяч, а гэта на 10 працэнтаў вышэй узроўню 2015 года. Прыбытак значна большы, чым летась, рэнтабельнасць 17,3 працэнта.

У раслінаводстве год для нас быў вельмі ўдалым, такіх гадоў раней амаль не было. Упершыню сабралі 61 тысячу тон збожжа — разам з кукурузай. «Каралева палёў» дала 19 тысяч тон. Такім чынам, на 100 працэнтаў забяспечылі сябе збожжам, што з нашым размахам у жывёлагадоўлі вельмі важна.

Ураджайнасць, як і ў мінулы перыяд, склала 61 цэнтнер з гектара. Адна наша гаспадарка сабрала збожжа столькі, колькі не сабралі 45 раёнаў краіны. Мы даказалі таксама, што на складаных камянецкіх землях можна атрымаць і ўраджай буракоў 700 цэнтнераў з гектара. Хоць заўсёды лічылася, што больш за 300—350 цэнтнераў атрымаць нельга.

Калі далей гаварыць пра раслінаводства, то нарыхтавалі дастаткова кармоў — на 30 працэнтаў больш за мінулагоднюю колькасць. Быў створаны трывалы пераходны запас. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 48 цэнтнераў кармавых адзінак, у тым ліку 36 — травяністых.

Но­вы комп­лекс для суш­кі збож­жа ў ад­дзя­лен­ні «Рас­на».

Прадукцыі раслінаводства на выхадзе атрымалі 140 працэнтаў да ўзроўню 2015 года. Гэта робіць усе нашы планы ў галіне жывёлагадоўлі і не менш амбіцыйныя планы ў перапрацоўцы цалкам рэальнымі.

А вось для жывёлагадоўчага комплексу год быў не простым, давялося папрацаваць, каб захаваць здароўе статка. Тым не менш мы прадалі 20 тысяч тон мяса, з якасцю таксама не горшай, чым у мінулыя гады. Зараз наш жывёлагадоўчы комплекс працуе нармальна, добрыя сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе былі і летась — 697 грамаў на дарошчванні і адкорме і 710 — на адкорме.

Зазначым, што менавіта комплекс дае 70 працэнтаў усёй прадукцыі «Белавежскага». Свініна мае рэнтабельнасць 19,7 працэнта. На фоне агульнай сітуацыі ў краіне, дзе свінагадоўля, на жаль, апынулася ў пэўным заняпадзе (спадзяюся, што часовым), вынік гэта нядрэнны.

А 17 працэнтаў прадукцыі дае малако, гэта другое месца ў нашай вытворчасці па аб'ёмных паказчыках. І справа не толькі ў колькасці, бо 98 працэнтаў малака здаём найвышэйшым класам «экстра». Рэнтабельнасць яго — 44,2 працэнта. Хто ведае сапраўдную цану лічбам, той ацэніць і зразумее, якой напружанай калектыўнай працай яны дасягаюцца.

Чатыры мільёны (у новых грашах) атрымалі прыбытку ад малака, а ад свінагадоўлі 10 мільёнаў рублёў. На жаль, дала стратнасць ялавічына — замінусавала на сем працэнтаў. Што тлумачыцца, як мы лічым, пэўнай незбалансаванасцю цаны і затрат, як і паўсюдна па краіне.

Далей пра тое, што датычыцца дойнага статка. Летась выраслі па малаку на 12 працэнтаў, і думаю, што не менш будзе і сёлета. Наша задача ў гэтым годзе — надаіць не менш за 8400 кілаграмаў на карову.

На сённяшні дзень дойны статак — 3500 кароў, за год павінна дадацца галоў 200, ставіць ёсць куды. Лічым, што вытворчасць малака — высокаэфектыўная, і дбаем пра яе.

Калі гаварыць пра перапрацоўчую галіну, пра наш мясакамбінат, то за межы Рэспублікі Беларусь павялічылі рэалізацыю свініны і ў два з паловай разы — каўбасных вырабаў. На гэтай базе ў тры разы павялічылася валютная выручка (да ўзроўню 2015 года).

Што датычыцца вытворчасці камбікармоў, то маем 67 тысяч тон прадукцыі (110 працэнтаў да мінулага ўзроўню). На камбікормавым заводзе запусцілі ўсе яго магутнасці, зараз дадаткова ўводзім грануляванне камбікармоў.

Крышку «прабуксаваў» фірменны гандаль, хоць тавараабарот тут сур'ёзны. У магазінах, якія выкуплены намі, прыбытак. А дзе трэба ўносіць плату за арандаваныя плошчы, за іх ахову, электраэнергію і гэтак далей — пакуль наглядаюцца страты.

А ў цэлым прыбытак добры — 126 былых мільярдаў, сёння — 12,6 мільёна дэнамінаваных беларускіх рублёў.

Га­на­ро­выя ўзна­га­ро­ды «Пра­дэкс­па-2017»,  пра якія рас­каз­ваў ге­не­раль­ны ды­рэк­тар.

2. Самі сабе інвестары

— Апошнія пятнаццаць гадоў развіваемся ў асноўным за кошт уласных інвестыцый, — працягвае свой расказ генеральны дырэктар. — Аб'ём капітальных укладанняў у аб'екты вытворчага і сацыяльнага прызначэння складае цяпер 10 мільёнаў васемсот тысяч. Па-ранейшаму шмат будуем. Перш за ўсё працягваем актыўна весці рэканструкцыю комплексу. Гэта для нас на найбліжэйшы час задача нумар адзін. Хаця сур'ёзна працавалі і на малочнатаварных фермах. На дзвюх фермах замест традыцыйных даільных установак паставілі новыя, высокапрадукцыйныя.

Пабудавалі новую сушылку магутнасцю 60 тон за гадзіну з ёмістасцямі на 10 тысяч тон.

Што важна, не забыліся пра жыллё: узвялі адзінаццаць дамоў.

— Мы з вамі выйшлі ў размове на сацыяльную тэматыку...

— Заработная плата ў нас нармальная. Аператары па доглядзе жывёлы ў свінагадоўлі, якія дасягнулі добрых паказчыкаў, атрымліваюць да 800 рублёў. У аператараў машыннага даення, у якіх малако прадаецца класам «экстра», зарплата 900 рублёў. У механізатараў у напружаны час пасяўной ці ўборкі — да 1700, а зараз сярэдні заробак 600—650 рублёў. З 1 студзеня паднялі зарплату рабочых і спецыялістаў.

Акрамя таго, існуе натураплата, якую на гэты год мы павялічылі. Напрыклад, усе, хто прыйшоў працаваць на комплекс і яшчэ толькі вучыцца прафесіі, атрымлівае пяць кілаграмаў мяса на месяц незалежна ад паказчыкаў. І таксама тыя, хто працуе на малочнатаварных фермах і на адкорме. Больш сталыя, вопытныя работнікі атрымліваюць 15 кілаграмаў.

Маем кафэ, папулярнае сярод мясцовага насельніцтва. Праўда, затраты пакуль што перавышаюць іх заробкі, бо ў карэнную рэканструкцыю будынка пад кафэ былі ўкладзены пэўныя сродкі. Затое зараз людзям ёсць дзе адпачыць, правесці ўсе свае мерапрыемствы — дні нараджэння, вяселлі і іншыя.

Цэнтр па­сёл­ка «Бе­ла­веж­скі» з ад­мі­ніст­ра­цый­ны­мі бу­дын­ка­мі —  узор су­час­най аграр­най ар­хі­тэк­ту­ры. А на ўскра­і­не вы­рас­тае  яшчэ ад­на ву­лі­ца ўтуль­ных ка­тэ­джаў, на­зва­ная ў го­нар Юрыя Ма­ро­за.  Усё яго жыц­цё фак­тыч­на звя­за­на з гас­па­дар­кай.

3. Планы чаканыя і... нечаканыя

— Мяркуючы па ўсім, вы вынікамі задаволены.

— Так, па выніковасці мінулы год для нас быў вельмі добрым. І закладзена нармальная аснова для будучага ўраджаю. Восеньскую пасяўную мы правялі ў тэрміны, пад поўную патрэбнасць унеслі ўгнаенні. І для веснавой пасяўной маем фактычна ўсё, насенне таксама, засталося крыху прыкупіць эліты. Нам на нашых цяжкіх, камяністых глебах трэба атрымаць гарантавана высокі ўраджай — не менш за 60–65 цэнтнераў з гектара, таму насенне і патрэбна праверанае, раяніраванае, высокаўраджайнае. Раней мяне стараліся пераканаць, што ніколі нельга разлічваць у Камянецкім раёне на ўраджайнасць большую за 40 цэнтнераў. А мы стабільна атрымліваем больш за 60.

Цудоўна расце кукуруза — па 140 цэнтнераў, бо было насенне высокапрадукцыйных сартоў. Яно хоць і дарагое, але сябе апраўдала.

— Але Мароз не быў бы Марозам, калі б не думаў пра перспектыву...

— Запланавалі будаўніцтва каўбаснага цэха на 50 тон за суткі. Пачалі рабіць дакументацыю.

Але спачатку мусім зрабіць тую важную справу, пра якую ўпамінаў, — уцяпліць будынак свінагадоўчага комплексу пенапластавымі плітамі, а ўнутры ўзвесці яшчэ адну, тонкую сценку. Будынку сёлета споўніцца 35 гадоў, і такія меры не лішнія. Плюс новыя падлогі, новыя перагародкі, уцяпленне даху, глыбокая замена грунту і каналаў для выдалення гною. Што ў выніку дазволіць да мінімуму звесці спажыванне газу для ацяплення і забяспечыць санітарны парадак у карпусах, абароніць статак ад хвароб.

На комплексе створаны цудоўны калектыў спецыялістаў, рабочых, у новых умовах ім таксама працаваць будзе лягчэй.

Што датычыцца новага цэха для вытворчасці каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў, то сёння мы ў даволі абмежаваных умовах можам за суткі выпускаць 18 тон прадукцыі. Новыя магутнасці выведуць нас на новыя гарызонты.

А на вызваленых плошчах атрымаем магчымасць з паўнавартасных адходаў мясной вытворчасці наладзіць выпуск высакаякаснага харчавання для кошак і сабак. Пакуль такая прадукцыя за рэдкім выключэннем паступае з-за мяжы.

А ў перспектыве — будаўніцтва яшчэ адной сучаснай малочнатаварнай фермы на тысячу галоў, паколькі малако вельмі рэнтабельнае (за студзень гэтага года рэнтабельнасць склала больш за 60 працэнтаў).

З задач, якія зараз таксама трэба вырашаць у першую чаргу, — павышэнне сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе на свінагадоўчым комплексе. Калі за мінулы год на адкорме было 710 грамаў, то сёлета павінны дабіцца не менш як 780 грамаў.

І ўжо цяпер клапаціцца пра кармы, бо будуць кармы — будзе і прадукцыя. І павялічваць надоі малака.

Працаваць над якасцю прадукцыі. Якасць трэба трымаць, гэта аснова. Студзень адпрацавалі — ніводнага літра вышэйшай якасцю не прадалі, усё малако ішло класам «экстра». І на момант нашай з вамі размовы, а гэта сярэдзіна лютага, — таксама.

Вось пра ўсё гэта мы будзем гаварыць заўтра на сходзе. Асабіста мне ўпэўненасці надае тое, што ў «Белавежскім» — вельмі моцны калектыў, тут працуюць высокапрафесійныя спецыялісты, высокапрафесійныя намеснікі. 99 працэнтаў членаў калектыву — цудоўныя людзі, трымаюцца за работу абедзвюма рукамі.

4. «І амаль кожны — патэнцыйны ардэнаносец»

— Ваша шматпрофільнасць — так цікавей працаваць для саміх? І — больш бяспечна?

— Больш бяспечна для гаспадаркі. Важна, што ў нас вытворчасць адладжана як часавы механізм. Сёння нам трэба атрымліваць 600 парасят за дзень — мы іх атрымаем. Камбікормавы завод павінен даць 200 тон камбікорму — значыць, яны будуць, чаго б ні каштавала. Кожны дзень патрэбна забіць не менш за 700 галоў свіней і на наступны дзень прадаць іх... Збояў у вытворчым ланцужку не павінна быць.

— У вас ёсць вопыт работы з адстаючымі гаспадаркамі, вы далучылі да сябе ў розныя часы аж чатыры калгасы, у тым ліку і славутую некалі «Савецкую Беларусь». Вось скажыце, што сёння рабіць з тымі больш чым 300 «ляжачымі» айчыннымі гаспадаркамі?

— Аб'ядноўваць з суб'ектамі гаспадарання, якім патрэбна сельскагаспадарчая прадукцыя ў якасці сыравіны, хто мае грошы, каб падняць «ляжачага». І такія лідары ёсць, у тым ліку ў прыватным сектары эканомікі. Разумны прыватнік пойдзе на такое аб'яднанне, бо яму патрэбна ўласная крыніца сыравіны. І не менш — паразуменне ў грамадстве, у кіраўніцкіх структурах. Такіх прыкладаў і ў нашай зоне дастаткова. А не аб'ядноўваць проста для галачкі. Паспешлівасць вылезе наверх вельмі хутка, калі «лягуць» абодва.

Выцягваць адстаючых важна тым больш, што сёння сямімільнымі крокамі, з удзелам прыватнага капіталу (звярніце ўвагу) развіваецца вытворчасць свініны і мяса птушкі ў Расіі, і вельмі хутка можна апасацца канкурэнцыі з боку расіян нават на нашым рынку. Ужо сёння ў суседняй Бранскай вобласці на 15 комплексах на адкорме стаіць больш за мільён галоў свіней. У Белгародскай больш за два. Тое, што на ўсю Беларусь.

Там вельмі моцная падтрымка вытворцаў і з боку дзяржавы. Міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў, былы губернатар Краснадарскага края, паставіў задачу за пяць гадоў, максімум за сем, закрыць уласныя патрэбы федэрацыі і ў малочнай прадукцыі. У якасці прыкладу прывёў Беларусь, беларускую схему.

Прыемна, вядома, але і трывожна. Улічваючы, што цяпер у іх крэдыты для вёскі — пад любыя праекты і пад 5 працэнтаў. І існуе адчувальная бюджэтная падтрымка нарошчвання малочнага статка і тэхнічнага пераўзбраення. Можна чакаць, што беларуская прадукцыя будзе з цягам часу выцясняцца з расійскага рынку.

Гэта — калі мы застанёмся стаяць на месцы ў вызначальных суадносінах «цана — якасць».

— Якую праблему для айчыннага аграпрамысловага комплексу вы маглі б вылучыць у якасці асноўнай?

— Кадравую. Падабраць нармальнага кіраўніка гаспадаркі часта складана. Лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці трэба па-сапраўднаму рыхтаваць і па-сапраўднаму зацікавіць. Калі ёсць дэфіцыт падрыхтаваных кадраў, значыць, сістэма, якая існуе, не спрацоўвае.

Нельга згортваць праграму жыллёвага будаўніцтва на сяле. Прывабіць спецыяліста на вёску можна толькі жыллём.

А працу ў сельскай гаспадарцы варта аднесці да ліку найбольш паважаных, удзячных. Калі мы не ўсюды можам плаціць сельскаму чалавеку вялікія грошы, то давайце не саромецца гаварыць яму «дзякуй» за яго самаадданасць, за працу днём і ноччу. Мы шкадуем ордэны і медалі нават тым, хто іх заслугоўвае.

Не можам і не хочам друкаваць пустыя грошы, то давайце адальём дастаткова медалёў, яны не будуць «пустымі», і гэта стане вельмі адчувальнай падтрымкай для ўмацавання любога працоўнага калектыву.

Нейкім чынам мы забыліся пра маральныя стымулы, а цана ім па-ранейшаму высокая. Зрабіць прафесію аграрыя паважанай — вось што патрэбна.

У Амерыцы фермер — вельмі паважаны чалавек. Нашы фермеры працуюць не менш. Давайце шукаць стымулы.

У нашай гаспадарцы за 35 гадоў ніхто не атрымаў дзяржаўных узнагарод, і гэта пры нашых пастаянна высокіх паказчыках. Мы знойдзем, каго вылучыць на ўзнагароды — і даярку, і свінарку, і даглядчыка, і трактарыста... Усё гэта — цуд што за людзі! І з якім прыўзнятым настроем ардэнаносец будзе хадзіць на працу! Простыя ісціны, вельмі простыя, але забытыя.

Варта запаліць у прэстыжных сельскагаспадарчых ВНУ «зялёнае святло» для медалістаў — выпускнікоў вясковых школ, — прымаць іх без экзаменаў і без конкурсу, асабліва хлопцаў.

Плаціць студэнту за кошт гаспадаркі (а магчыма, і не толькі гаспадаркі) павышаную стыпендыю. Сказаць яму: «Ты потым гарантавана застаешся ў нас». Затрымаць у краіне ўсіх выдатнікаў сельскагаспадарчых ВНУ.

А пакуль нават выдатнікі — выпускнікі вясковых школ з'язджаюць у суседнюю Польшчу і Прыбалтыку, там можна паступіць без экзаменаў.

Павінна больш эфектыўна працаваць і сістэма падтрымкі сельгасвытворцаў за здадзеную прадукцыю.

Гэ­тыя  дыпломы — таксама  «тра­феі»  выставы  ў Маскве «Пра­дэкс­па-2017» —  за най­леп­шы смак.

Мы зараз пачалі шмат гаварыць пра нацыянальную ідэю. Самая галоўная нацыянальная ідэя, на мой погляд, — у адзінстве. Занадта многа разнастайных выклікаў навокал.

Спачатку давайце разам утрымаем на належным узроўні сваю сельскую гаспадарку, гарантуем уласную харчовую бяспеку. А потым пойдзем далей.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Ад рэдакцыі. Творчая брыгада шчыра дзякуе старшыні прафкама акцыянернага таварыства Валянціну Супрыновічу за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.

УНП 200193456

* На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.