Вы тут

У сталіцы ўрачы прыходзяць на прыём з 3G-планшэтамі


Пілотны праект рэалізуюць Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, кампанія velcom і 39-я паліклініка Мінска.


Сем участковых тэрапеўтаў карыстаюцца медбукамі, што дазваляе  выкарыстоўваць даныя з электроннай медкарты пацыента. Акрамя таго, інфармацыя аб новым выкліку паступае адразу на планшэт, і ўрач па завяршэнні аднаго агляду дома можа адразу накіравацца на другі.

— Лічбавы медбук праз 3G-сетку velcom падключаны да інфармацыйнай сістэмы паліклінікі, — тлумачыць галоўны ўрач 39-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска Вольга ЯСМАНЧЫК. — Абмен данымі адбываецца па закрытых каналах, што выключае магчымасць уцечкі канфідэнцыяльных звестак. Захаванне ўрачэбнай тайны падчас такой практыкі было для нас самым важным. Урач падчас выкліку на дом атрымлівае праз электронную прыладу доступ да электроннай базы даных паліклінікі, а дакладней, да звестак аб канкрэтным пацыенце. Участковы тэрапеўт атрымлівае таксама магчымасць заносіць у планшэт інфармацыю аб выніках агляду, якая ў рэжыме рэальнага часу паступае ў паліклініку і заносіцца ў электронную карту. У выніку адразу некалькі спецыялістаў могуць адначасова азнаёміцца з вынікамі праведзеных аглядаў, каб зрабіць больш дакладныя прызначэнні. З дапамогай планшэта можна сфарміраваць і электроннае накіраванне. Каб атрымаць яго папяровы аналаг, неабходна звярнуцца ў рэгістратуру паліклінікі. Пацыент, акрамя папяровага рэцэпту, атрымлівае і электронны: набыць па ім лекі можна ў любой аптэцы сістемы РУП «Белфармацыя». Для гэтага трэба прад'явіць імянную картку для медабслугоўвання, якую бясплатна выдаюць у паліклініцы. Усе нашы ўрачы, якія атрымалі магчымасць карыстацца медбукамі, ужо ацанілі перавагі падобнай практыкі — гэта істотна павышае эфектыўнасць работы. Было б ідэальна, калі б новаўвядзенне было працягнута, але для гэтага неабходна вырашыць фінансавую складовую.

Тэхналогія пілотнага праекта можа атрымаць развіццё ў іншых медустановах.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.