Вы тут

Замест прафілакторыяў — цэнтры рэабілітацыі


Летась спажыванне алкаголю на душу насельніцтва склала 8,8 л (у 2015-м было 9,05 л).

Колькасць пацыентаў, якіх назіраюць урачы наркалагічнай службы, зніжаецца па краіне. Пад дыспансерным наглядам урачоў-нарколагаў, з сіндромам залежнасці ад алкаголю знаходзіцца каля 164 тысяч чалавек, яшчэ 88 тысяч — у групе прафілактычнага нагляду, ужываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі. 


Летась на 8,4 працэнта знізілася колькасць асобаў, якія перанеслі алкагольныя псіхозы, на 2 працэнты — хранічна хворых на алкагалізм, на 2,4 — непаўналетніх, якія ўжываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі (усяго на ўліку з сіндромам залежнасці ад алкаголю 9 чалавек, а на прафілактычным — каля 15 тысяч), на 2,6 працэнта стала менш жанчын з хранічным алкагалізмам, паведаміў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей КРАЛЬКО.  

З 2000 года ў Беларусі праводзілася паслядоўная антыалкагольная палітыка, былі рэалізаваны тры дзяржпраграмы па папярэджванні і пераадоленні п’янства. Міністэрства аховы здароўя працягвае прапаноўваць унясенне змяненняў і дапаўненняў у закон, які рэгулюе абарот алкаголю — у частцы рэгламентацыі забароны рэалізацыі алкагольных напояў на аўтазаправачных станцыях, а таксама ў начны час. Падтрымліваецца і ініцыятыва Міністэрства ўнутраных спраў аб забароне продажу алкаголю асобам да 21 года.

Ужо сёлета плануецца ўкараніць скрынінгавае кансультаванне пацыентаў з алкагольнай праблемай урачамі-тэрапеўтамі. Пярвічнае звяно праходзіць зараз навучанне таму, як з дапамогай некалькіх пытанняў западозрыць у хворага праблему злоўжывання. 

Сетка рэабілітацыйных цэнтраў для людзей з алкагольнай залежнасцю будзе развівацца. Такія паслугі шмат гадоў запатрабаваныя ў Гродзенскай вобласці (на базе абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-Наркалогія”), Мінскай вобласці (на базе цэнтра з такой жа названай) і Мінску (у наркадыспансеры, РНПЦ псіхічнага здароўя). У Брэсцкай вобласці, напрыклад, рэабілітацыя размяшчаецца на базе псіхіятрычнай клінікі. На Міншчыне для мясцовых жыхароў лячэнне ў рэабілітацыйным цэнтры будзе бясплатным. Усюды можна і трэба смела звяртацца. Адначасова будзе скарачацца колькасць лячэбна-працоўных прафілакторыяў, якія доўгія гады працавалі па-старому. Праўда, не так даўно Міністэрства  ўнутраных спраў запрасіла ў аховы здароўя новых методык ажыццяўлення работы ў гэтых структурах. Мяркуючы па ўсім, актыўна выкарыстоўваць іх будуць ужо толькі ў двух прафілакторыях, што застануцца бліжэй да 2020 года (пакуль іх восем ва ўсіх абласцях). Дарэчы, мясцовыя ўлады працягваюць браніраваць працоўныя месцы для асобаў з алкагалізмам, вызваленых з лячэбна-працоўных прафілакторыяў. За 2016 год у Віцебскай вобласці, напрыклад, працаўладкаваныя 256 такіх чалавек, у Мінскай — 132.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.