Вы тут

Акрэдытацыя на сесію ПА АБСЕ пачалася


У ліпені ў Мінску пройдзе 26-я сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Як паведаміў падчас брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, традыцыйна пасяджэнні сесіі ПА АБСЕ шырока асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі.


— Спадзяёмся, што і гэты год не стане выключэннем, — сказаў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства. — МЗС Беларусі разам з Міжнародным сакратарыятам Парламенцкай асамблеі АБСЕ будзе рабіць усё магчымае, каб забяспечыць камфортныя ўмовы працы для прадстаўнікоў замежных і айчынных СМІ падчас сесіі.

Адкрыццё пераносяць

Адкрыццё аддзялення пасольства Нідэрландаў у Беларусі, якое планавалася правесці ў наступны панядзелак, адкладваецца па просьбе нідэрландскага боку. Такую інфармацыю агучыў Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне, хто з прадстаўнікоў кіраўніцтва нашага МЗС будзе ўдзельнічаць у згаданым мерапрыемстве і ці атрымаюць на яго запрашэнне СМІ.

— На жаль, гэта цырымонія перанесена па просьбе нідэрландскага боку па цалкам аб'ектыўных абставінах, звязаных са станам здароўя высокага госця, прыезд якога ў Беларусь для адкрыцця аддзялення пасольства планаваўся. Але мы чакаем, і, безумоўна, запросім на мерапрыемства прэсу.

Дзмітрый Мірончык таксама згадаў той аптымістычны факт, што дыпламатычная прысутнасць у Беларусі пастаянна пашыраецца за кошт значных і цікавых для нас з гандлёва-эканамічнага і палітычнага пункту гледжання краін. Так, у мінулым годзе ў Беларусі было адкрыта пасольства Аўстрыі. Гэта падзея тым больш значная, што адбылася на фоне закрыцця Аўстрыйскай Рэспублікай пасольстваў у шэрагу блізкіх да нас дзяржаў.

Для беларусаў — без наступстваў

Адказваючы на пытанне аб магчымым уплыве на беларусаў, якія хочуць перасячы ўкраінскую мяжу, нядаўняга падпісання дакумента аб бязвізавым рэжыме паміж Украінай і ЕС, Дзмітрый Мірончык запэўніў, што для нашай краіны гэта падзея не нясе ніякіх наступстваў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.