Вы тут

Што бывае, калі жыхары пасёлка не баяцца турбаваць сельвыканкам?


Праязджаеш цераз Уваравічы — і мімаволі спыняеш позірк на вялізных, ледзь не ў чалавечы рост, рознакаляровых — такіх, што відаць здалёк, — алоўках у парку. Яны літаральна «растуць» з-пад зямлі. Гойсаць тут — адна з любімых забаў мясцовай дзятвы.


З'явілася аздоба намаганнямі мясцовых жыхароў. У вёсках наогул жывуць людзі самастойныя, звыклыя рабіць што-небудзь сваімі рукамі. Галоўнае — не заціскаць ініцыятыву «зверху», адбіваючы такім чынам ахвоту да прапаноў. Так лічыць старшыня Уваравіцкага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Кісялёва, якая неаднойчы была сведкай стваральнай актыўнасці вяскоўцаў.

— Мне радасна, калі прапановы зыходзяць ад моладзі, таксама вельмі ініцыятыўная ветэранская арганізацыя. Звычайна на сходзе нехта прапаноўвае ўпрыгожыць тэрыторыю, астатнія ідэю падтрымліваюць і дадаюць нешта сваё. Напрыклад, раней побач з уваравіцкім храмам быў проста пусты ўчастак. Цяпер жа там стаяць альтанкі, фігуркі пастушкі, каровак — усё гэта зрабілі ўмельцы з рабочай брыгады незанятага насельніцтва.

Яшчэ адно месца, якое ў пасёлку рэдка пустуе, — дзіцячая пляцоўка. Запатрабаванасць заканамерная, бо гарадскі пасёлак Уваравічы ў Буда-Кашалёўскім раёне даволі вялікі, знаходзіцца непадалёку ад Гомеля, так што ў абласны цэнтр пасялкоўцы выязджаюць калі не на працу, то, прынамсі, на выхадныя. Напэўна, гэта акалічнасць і спрыяе таму, што свой дом тут маюць каля 190 маладых сем'яў. А там, дзе сям'я, хутчэй за ўсё ёсць і дзеці.

— Дзіцячая пляцоўка з'явілася ў 2011 годзе, — расказвае Наталля Кісялёва, — На сходзе вырашылі падаць заяўку на конкурс Прадстаўніцтва ААН, скіраваны на тэрытарыяльнае развіццё рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Конкурс мы выйгралі і на атрыманыя сродкі закупілі спартыўна-забаўляльны інвентар.

Будавалі пляцоўку, як гэта прынята гаварыць, усёй грамадой. У старым парку недалёка ад рэчкі раней толькі таполі раслі, на іх гнездаваліся вароны і гракі. Цяпер тут з цяжкасцю можна ўявіць запусценне. Жыхары расчысцілі тэрыторыю для «фабрычных» атракцыёнаў, бацькі дадалі самаробныя, ярка пафарбаваныя лавачкі, лесвіцу з цурбанкоў для маленькіх гарэз... Нават да прыборкі аварыйных дрэў пасялкоўцы падышлі творча: замест таго каб проста спілаваць гнілыя камлі, прыбралі толькі верхнюю, небяспечную частку. Пні апрацавалі ў выглядзе алоўкаў і пафарбавалі. У добрае надвор'е мамы спецыяльна прыходзяць сюды з маленькімі дзецьмі, каб вучыць колеры за гульнёй.

— Чысціню падтрымліваем на суботніках, таксама рэгулярна ладзім сандні — нашы ўстановы выдзяляюць работнікаў, каб навесці парадак у гарадскім парку і на пляцоўцы, — расказвае старшыня сельскага савета.

Дарослыя, калі што якое, самі ж спраўляюцца з дробным рамонтам, хоць, па словах Наталлі Кісялёвай, кожную вясну пляцоўку даследуюць на бяспечнасць, а атракцыёны дадаткова паднаўляюць і ўмацоўваюць.

У марах старшыні — уладкаваць у пасёлку яшчэ і стадыён, дзе б маглі бавіць час моладзь і падлеткі.

— Насельніцтва ў нас актыўнае, а стадыён знаходзіцца пакуль у «першабытным» стане — проста роўная пляцоўка. Зноў жа на сходзе абмеркавалі гэтую праблему і вырашылі дзейнічаць правераным метадам. Падалі прапанову «Уваравічы — спорт-сіці» на конкурс ПРААН — і зноў перамаглі! Так што ў найбліжэйшым часе будзем асвойваць выдзеленыя сродкі. Дабротнае спартыўнае памяшканне, трэнажорная зала, і культурна-асветніцкі цэнтр на перыферыі — зусім не мары. Думаю, яны будуць запатрабаванымі, адначасова гэта стане добрым сродкам згуртаваць
і заняць моладзь.

Алена Алексіна, старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Сёння на кожнай тэрыторыі сельсавета ёсць дзіцячая пляцоўка. Упершыню гэтая тэма прагучала на грамадскіх сходах. Калі ў горадзе маці з малым можа выйсці ў двор і там будзе абсталявана пляцоўка, то ў вёсцы часта такой магчымасці няма, бацькі гуляюць каля школ, у парках ці проста па вуліцы. Савет дэпутатаў прааналізаваў пытанне, і ў 2012 годзе мы выступілі з ініцыятывай, каб правесці раённы суботнік, а атрыманыя сродкі выкарыстаць для будаўніцтва пляцовак. Такім чынам з'явілася 15 аб'ектаў у розных сельсаветах. З тых грошай, што былі сабраны ў горадзе, адпаведную суму выкарысталі на будаўніцтва пляцоўкі для Буда-Кашалёўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі.

Напачатку дзіцячыя пляцоўкі былі толькі ў цэнтрах сельсаветаў, сёння мы пайшлі далей, у іншыя населеныя пункты, дзе ёсць такая патрэба.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота Рамана ВЕЖНАЎЦА

Мінск — Буда-Кашалёва — Мінск

Загаловак у газеце: На месцы старых таполяў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.