Вы тут

У Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы прайшоў выпускны


На пляцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча ў суботу грымела ўрачыстая музыка. 55 выпускнікоў ваеннай навучальнай установы кружыліся разам з выпускніцамі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у вальсе, а ў неба ўзляталі жмені манет. У кожнага юнака, які атрымаў у легендарным будынку атэстат і адмысловы знак, іх было па 61. Менавіта столькі выпускаў пакінула сцены вучылішча за яго гісторыю...


— У вас сёння радасны дзень, — звярнуўся да выпускнікоў міністр абароны Андрэй Раўкоў. — Другім этапам станаўлення ў вас будзе атрыманне спецыяльнасці. Але нягледзячы на тое, што існуюць розныя роды войскаў, аб'ядноўвае вас адно — вы выйшлі са сцен Мінскага сувораўскага вучышлішча. А як вы сябе раскрыеце на далейшым жыццёвым шляху, мы паглядзім. І вельмі ўважліва.

— Гэта трапяткое і ўрачыстае свята, — кажа начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча палкоўнік Аляксандр Навуменка. — Наш калектыў поўнасцю ўсведамляе адказнасць, якая на іх ускладзена па навучанні і выхаванні гадаванцаў. Мы ўпэўнены, што яны па ўсім сваім жыцці пранясуць тое, што закладзена ў іх тут. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца вынікі, якіх нашы сувораўцы дасягнулі падчас навучання. 95% выпускнікоў скончылі нашу ўстанову з адзнакамі 7—10. Чацвёра з іх атрымалі залатыя медалі. Упэўнены, што выхаванне і навучанне, якое ў нас атрымліваюць сувораўцы, дазволіць ім надалей засвоіць праграму навучання ў ваенных навучальных установах і ў жыцці па-за межамі аўдыторый.

Выпускнік вучылішча Ягор Забродскі, які нарадзіўся ў Салігорску, ужо вызначыўся, куды будзе паступаць. Юнак намерваецца падаць дакументы ў Ваенную акадэмію на авіяцыйны факультэт.

— Тое, што хачу асвоіць кірунак франтавой авіяцыі, я зразумеў яшчэ на другім курсе. Заўжды хацелася ў неба. А да вучобы ў сувораўскім мяне падштурхнуў айчым. Ён сам служыў у Ваенна-марскім флоце і закончыў службу ў Мінску. Тут жа час праляцеў вельмі хутка. Памятаю, як мне на 1-м курсе ўручалі пагоны. А цяпер я нядаўна рабіў тое ж. Сумна крыху адсюль сыходзіць, усё-такі за пяць гадоў прывык да калектыву. І да афіцэраў, якія навучылі нас абараняць Радзіму.

Першае, з чым адразу сутыкаецца выхаванец сувораўскага вучылішча, — гэта жорсткі распарадак дня ў параўнанні з цывільным жыццём. І разлічваць трэба ўжо ў першую чаргу на сябе і таварышаў.

— Наш сын прыйшоў у сувораўскае вучылішча маленькім хлопчыкам з шырока расплюшчанымі вачыма, — кажа маці Вера Мацавіла. — За ўвесь час вучобы давялося прайсці шмат бар'ераў. Псіхалагічна цяжка было адпраўляць яго з дому. Але ўсё гэта мы пераадолелі. І сын стаў дарослым адказным хлопцам, які ўмее адказваць за свае ўчынкі, фізічна трэніраваны, які хоча вучыцца вайсковай справе.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сувораўцы назаўжды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.