Вы тут

Калейдаскоп мастацтваў у Віцебску


Да адкрыцця ХХVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які пройдзе з 13 па 17 ліпеня, засталося менш за месяц. Асноўнымі мерапрыемствамі праграмы будуць ХХVI Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск», падчас якога ўдзельнікі выступяць з сусветнымі хітамі ды песнямі на нацыянальных мовах, і ХV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск». Арганізатары фестывалю сустрэліся з прэсай і распавялі, што чакае гледачоў падчас штогадовага свята мастацтваў у горадзе на Дзвіне.

— Мы распачнём фестываль напамінам пра тое, што народ можа называць сябе народам, калі абапіраецца на свае традыцыі, мову, культуру, — адзначае галоўны рэжысёр урачыстай цырымоніі і гала-канцэрта адкрыцця фестывалю Марына Раманоўская. — «Славянскі базар у Віцебску» — тая пляцоўка, дзе ў канкурсантаў з кожнай краіны ёсць магчымасць не толькі атрымаць высокую адзнаку журы, але і шчырую ўвагу гледачоў.

Дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў Аляксандр Сідарэнка распавёў: ідзе набліжэнне да 100% продажу квіткоў. Велізарным попытам карыстаецца тэатральная праграма. Спектаклі для дзяцей і дарослых прадэманструе «Лялечны квартал», дзе возьмуць удзел калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны і нават Швецыі. Выставачная праграма фэсту, якая складаецца з беларускіх і замежных праектаў, атрымалася надзвычай разнапланавай. У межах мерапрыемства будуць экспанавацца гравюры Рэмбранта Харменса ван Рэйна, жывапіс, графіка, скульптура Таварыства рускіх мастакоў Эстоніі, арыгінальныя сярэднявечныя «Кунтушовыя паясы», мастацка-гістарычны праект «Спадчына Еўфрасінні Полацкай» ды інш. Амаль 500 заявак падалі на ўдзел у ІІІ фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», які адбудзецца ў гістарычным цэнтры горада.

— Існуе меркаванне, што на фестываль ідуць шалёныя грошы з дзяржаўнага бюджэту, але насамрэч прыбыткі ад імпрэзы штогод узрастаюць, — распавёў Аляксандр Сідарэнка. — Апошнія два гады 89 — 90% ад агульнай сумы выдаткаў на мерапрыемства — гэта пазабюджэтныя сродкі: выручка ад рэалізацыі квіткоў, праца са спонсарамі і рэкламадаўцамі. За ўвесь час існавання «Славянскага базару» ў нас з’явіліся вельмі надзейныя пастаянныя партнёры, супрацоўніцтва з якімі доўжыцца не адзін год. Ладзіць фестываль дапамагаюць арганізацыі не толькі Беларусі, але і іншых краін.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.