Вы тут

Мясцовыя ўлады змогуць самі ўводзіць новыя віды сацыяльных паслуг


Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, якую ўзначальвае Ірына Старавойтава, правяла круглы стол на тэму «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь»: правапрымяняльная практыка, праблемы і напрамкі ўдасканалення».


Заканадаўства чакае змен

Зацікаўленасць у абмеркаванні тэматыкі аб сацыяльнай абароне інвалідаў паказала вялікае кола ўдзельнікаў: парламентарыі, дэпутаты, прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, аховы здароўя, адукацыі, архітэктуры і будаўніцтва, культуры, спорту і турызму, транспарту і камунікацый, дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў. Мерапрыемства праходзіла ў дзяржаўнай установе «Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў».

Ірына Старавойтава абазначыла, што мэта правядзення круглага стала — выяўленне праблемных пытанняў сацыяльнай абароны інвалідаў, якія патрабуюць рэгулявання не толькі заканадаўчымі, але і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі. Парламентарый расказала аб маніторынгу практыкі прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь», які праводзіцца Пастаяннай камісіяй, адпаведнасці нормаў закона сучасным сацыяльна-эканамічным умовам, агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права. Ужо ў гэтым годзе шэраг нормаў у заканадаўстве быў зменены і падтрыманы пастаяннай камісіяй па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці і Саветам Рэспублікі. Як прыклад, у снежні ўступіць у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні». Дзякуючы яму ў мясцовай улады будзе магчымасць уводзіць новыя віды сацыяльных паслуг у залежнасці ад патрэбнасцяў канкрэтнага рэгіёна. У чэрвені гэтага года ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу разгледзелі праект закона, які скіроўваецца на ўдасканаленне нормаў Закона аб дзяржаўнай дапамозе сем'ям з дзецьмі. Пытанні павышэння ўзроўню і якасці жыцця інвалідаў, дзяцей-інвалідаў, пажылых грамадзян вырашаюцца таксама ў межах дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона і садзейнічанне занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады».

Зніжаць бар'еры ў жыцці і свядомасці

— Трэба прызнаць, што за апошнія гады ў Беларусі адбыліся кардынальныя змены ў разуменні грамадствам праблем людзей з інваліднасцю, — вынес сваю адзнаку Аляксандр Румак, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. — Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў кірунку, які сёння мы абмяркоўваем, мела вынікі ў мінулых гадах таму, што яна ажыццяўляецца шляхам планавання. І праграмы, якія былі прынятыя ў пройдзеныя пяцігоддзі, дазволілі многа што зрабіць.

Колькасць людзей з інваліднасцю расце як у свеце, так і ў Беларусі. На 1 мая 2017 года людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў нашай краіне было больш чым 558 тысяч чалавек — гэта 5,8 працэнта ў агульнай структуры насельніцтва. У мінулым годзе ўпершыню інвалідамі было прызнана 58 271 чалавек, з іх 3 821 дзіця.

— Хацелася б звярнуць увагу на тое, што адна з падпраграм дзяржаўнай праграмы распрацавана, каб вырашыць праблемы працаўладкавання людзей з інваліднасцю, — дадаў Аляксандр Румак. — Ідзе праца над безбар'ерным асяроддзем. За 2007—2016 гады работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя выкананы на 21,8 тыс. аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры рэспубліканскай і камунальнай формаў уласнасці, закуплена больш за 3,3 тыс. адзінак нізкападлогавага пасажырскага транспарту. Акрамя забеспячэння доступу для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ствараецца свабодны доступ да інфармацыі і пазітыўнае меркаванне грамадства ў адносінах да інвалідаў. Так што сёння галоўны кірунак далейшай дзейнасці — развіццё сацыяльных паслуг, якія дазволяць суправаджаць людзей з інваліднасцю ў іх дамашнім асяроддзі.

На круглым стале не абышлося і без абмеркавання спрэчных момантаў. Удзельнікі разгледзелі праблему нядобрасумленнага будаўніцтва, якое парушае нормы безбар'ернага асяроддзя, звярнулі ўвагу на магчымасць падрыхтоўкі спецыялістаў — перакладчыкаў мовы жэстаў. Адзначылі неабходнасць распрацоўкі індывідуальнай праграмы рэабілітацыі для дзяцей. Закранулі пытанне забеспячэння і зручнасці тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, большасць якіх вырабляе Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр.

Што адпавядае міжнароднаму стандарту?

Яшчэ адной важнай тэмай абмеркавання стала далучэнне Беларусі ў 2015 годзе да Канвенцыі аб правах інвалідаў. Ірына Старавойтава адзначыла, что гэтае дзеянне запатрабавала сур'ёзных абавязацельстваў і карэкціроўкі заканадаўчай нарматыўна-прававой базы краіны, значных фінансавых укладанняў.

— Разам з грамадскімі арганізацыямі мы распрацавалі нацыянальны план па рэалізацыі Канвенцыі, — расказаў Аляксандр Румак. — Мэта Канвенцыі заключаецца ў заахвочванні, ахове і забеспячэнні поўнага ажыццяўлення інвалідамі на роўнай аснове ўсіх правоў чалавека. Яна ахоплівае такія параметры, як даступнасць, індывідуальная мабільнасць, здароўе, адукацыя, занятасць, рэабілітацыя, удзел у жыцці грамадства, а таксама роўнасць і адсутнасць дыскрымінацыі. Беларусь далучалася да Канвенцыі з пэўным багажом уласных напрацовак.

Змяненняў, каб адпавядаць міжнародным стандартам, запланавана многа, так, напрыклад, будзе ўведзены і растлумачаны новы тэрмін «дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці», з'явяцца прапрацаваныя нормы, па якіх можна будзе ўводзіць чалавека ў паўнавартасную сацыяльную, працоўную і іншую дзейнасць. Мяркуецца ўвесці механізм сітуацыйнай дапамогі — гэта калі чалавек трапляе на які-небудзь аб'ект і побач знаходзіцца супрацоўнік, гатовы дапамагчы, падказаць, як той можа скарыстацца пэўнымі паслугамі, напрыклад, наведаць культурнае мерапрыемства, ажыццявіць паездку ў транспарце.

Дом без стэрэатыпаў

Удзельнікі круглага стала таксама азнаёміліся з умовамі пражывання ў доме-інтэрнаце. Мінскі дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў дае жыллё, занятак і магчымасць стасункаў для падапечных рознага ўзросту, інвалідаў I і II груп і разлічаны на адначасовае пражыванне 405 чалавек. Сёння тут 390 жыхароў. Дырэктар установы Вера Ляўкоўская паказала, якім чынам арганізавана жыццё падапечных, правяла гасцей па жылых пакоях і спецыяльных кабінетах.

Акрамя медыцынскай дапамогі і рэабілітацыі ў доме-інтэрнаце дзейнічае кабінет працатэрапіі, дзе падапечныя ствараюць дэкаратыўныя кампазіцыі, паштоўкі, сувеніры. Асноўная задача — аднаўленне страчаных магчымасцяў. «Нават маленькая падзвіжка, калі чалавек самастойна можа паднесці лыжку да рота — гэта ўжо перамога», — кажа дырэктар. У кабінете эргатэрапіі спецыялісты дапамагаюць развіваць дробную маторыку, займаюцца з кожным індывідуальна, па спецыя-льных праграмах рэабілітацыі.

Не выходзячы з установы можна трапіць у кінатэатр, актавую залу, дзе ладзяцца ў тым ліку канцэрты і дыскатэкі, бібліятэку, кабінет для фізічных заняткаў. Зусім нядаўна будаўнікі, якія праводзілі капітальны рамонт, падарылі дому-інтэрнату спеліякамеру — салявы пакой для лячэбных працэдур.

Падапечныя інтэрната маюць магчымасць і прафесійнай дзейнасці, 45 чалавек атрымалі працоўныя рэкамендацыі.

Здараліся і гісторыі, калі падапечны трапляў у дом-інтэрнат на калясцы, а потым ішоў жыць на кватэру ўласнымі нагамі. Работнікі інтэрната падтрымліваюць з такімі «выпускнікамі» сувязь, распытваюць, ці не патрэбна дапамога. Удзельнікі круглага стала адзначылі важнасць індывідуальнай работы з кожным чалавекам.

Членамі Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі падведзены папярэднія вынікі аб неабходнасці комплекснага падыходу пры рашэнні праблем і ўдасканальванні заканадаўства па пытаннях інвалідаў. Сёння патрабуюць карэкціроўкі не толькі закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў, але і закон аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, закон аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў. Мэты нацыянальнага заканадаўства супадаюць з мэтамі Канвенцыі аб правах інвалідаў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На роўных

Каментары

как с вами можно связаться Рэдакцыя. Тэлефон "гарачай лініі" "Звязды" для вусных скаргаў грамадзян - (017) 287-17-41. Тэлефоны: прыёмнай – (017) 287 19 19 (тэл./факс); аддзелаў: пiсьмаў — (017) 284 44 04, падпіскі і распаўсюджвання  — (017) 284 44 04, (017) 287 17 21, бухгалтэрыi: (017) 287 18 81.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.