Вы тут

Адзін дзень з жыцця «Звязды»


Калі ў дзяцінстве ўсе гулялі «ў работу», журналістыка відавочна не ўваходзіла ў спіс папулярных прафесій. Па-першае, не зусім зразумела, што трэба рабіць, па-другое ніякага «экшэна»: гонак на ўяўных аўтамабілях ці «выратаваных жыццяў» дваровых жывёл. А вось у дарослым узросце прадстаўнікі многіх прафесій з лёгкай зайздрасцю глядзяць на журналістаў, якія з палаючымі вачамі вечна кудысьці спяшаюцца. І нездарма, бо нараджэнне кожнага новага выпуску газеты — працаёмкі, але вельмі займальны працэс.


З кабінета галоўнага рэдактара..

Мільён-мільён... матэрыялаў

Тых, хто паступае на журфак, заўсёды перш за ўсё папярэджваюць: спакойнага жыцця не чакайце. І адна гэтая фраза апісвае ўсе «радасці і нягоды» журналісцкага хлеба. Руціна? Не, не чулі! Нармаванне? Гм, таксама не пра нас. Выезд на мерапрыемства могуць прызначыць і на 6-ю раніцы, ды і скончыцца яно часам можа пасля 10-й вечара. У якасці велізарнага бонусу — кожны раз новыя падзеі, месцы, людзі... І само асяроддзе. Дзе яшчэ разам гуртуюцца эксперты практычна па ўсіх сферах жыцця? А журналістаў, якія доўга працуюць з адной тэмай, няхай гэта будзе медыцына, адукацыя або спорт, па-іншаму і не назавеш: паступова яны пранікаюць у самыя тонкасці яшчэ аднаго рамяства.

Аб самой прафесіі журналіста ў аўдыторыі, якая «паглынае» вынікі яго працы, уяўленне часцей за ўсё даволі смутнае, з разраду: «Прыйшоў. Убачыў. Напісаў». Вядома, на самай справе ўсё ідзе зусім інакш: кожны гатовы матэрыял — вынік працы цэлай каманды прафесіяналаў. Хочаце даведацца, менавіта якой? Тады сардэчна запрашаем у расчыненыя дзверы рэдакцыі газеты «Звязда».

Каб пагружэнне было поўным, давайце знойдзем кропку на карце: горад Мінск, вуліца Багдана Хмяльніцкага, 10а — будынак Дома прэсы. Тут, на пятым паверсе, па суседстве з іншымі выданнямі, з ідэй «А што, калі нам...» і планаў пяць разоў на тыдзень з'яўляецца новы нумар газеты «Звязда». Дарэчы, той які вы трымаеце ў руках, — 151-ы за гэты год. А ўсяго за стагадовую гісторыю «Звязды» было выпушчана 28 515 нумароў, а гэта мільёны матэрыялаў...

Тэорыя нечаканасці

Аднак ад разваг аб глабальным лепш пяройдзем да паўсядзённых спраў. Такім чынам — раніца.

...матэрыялы трапляюць на вёрстку.

Ціхія калідоры рэдакцыі пачынаюць напаўняцца шумам галасоў бліжэй да дзевяці гадзін. У кабінеце кожнага чакае свежы, з яшчэ храбусткімі старонкамі нумар газеты, таму ўсе абавязкова пачынаюць раніцу, як джэнтльмены з класічных англійскіх раманаў. На тое, каб ацаніць новы выпуск і праглядзець апошнія навіны, ёсць гадзіна. Роўна а дзясятай — планёрка ў кабінеце галоўнага рэдактара. Разам з ім там збіраюцца намеснікі, рэдактары аддзелаў, іншыя журналісты, у якіх ёсць цікавыя прапановы ці меркаванні, адказны сакратар і дзяжурны. На парадку дня — разбор свежага нумара: які матэрыял атрымаўся вельмі добры, а які можна было зрабіць лепш, і абмеркаванне наступнага.

Пасля кароткай нарады ўсе разыходзяцца па сваіх кабінетах. У цэлым, прадбачыць распарадак дня любога з журналістаў вельмі складана. Можна за адзін дзень пабываць на двух-трох мерапрыемствах: ад прэс-канферэнцыі да адкрыцця новага аб'екта, пры гэтым яшчэ паспець на інтэрв'ю. А можна паўдня вывучаць навінавыя стужкі ў пошуках той самай тэмы, а другую палову дня правесці на тэлефоне, каб дамовіцца аб сустрэчы з героямі і экспертамі. Ці ж, нават не адцягваючы ўвагу на абед, на натхненні напісаць вялікі аналітычны матэрыял.

Сітуацыя, у якой журналіст мусіць быць сабраны, практычна як баец спецназа, гэта калі ён чуе кліч «у нумар». Значыць, аб важнай навіне чытачы газеты абавязкова павінны даведацца з наступнага выпуску газеты. Аднак медаля «За аператыўнасць» у першую чаргу заслугоўваюць інтэрнэт-рэдакцыя і аддзел навін, супрацоўнікі якіх неадрыўна сочаць за стужкай навін і выбіраюць з яе найбольш цікавыя і значныя. Акрамя таго супрацоўнікі інтэрнэт-рэдакцыі загружаюць на сайт электронныя версіі ўсіх матэрыялаў, а таксама здымаюць відэарэпартажы, а часам і пішуць вялікія тэксты. Не дарма вокны ў іх кабінеце могуць гарэць і да 9, і да 11 вечара.

У цэлым, усе журналісты працуюць пераважна з адной-дзвюма тэматыкамі. Эканоміка, палітыка, культура, сацыяльная сфера, спорт, здароўе, сілавыя структуры, адукацыя, жыццё моладзі, рэгіёны... Дарэчы, пра рэгіёны: ва ўсіх абласных цэнтрах у «Звязды» ёсць спецыяльныя карэспандэнты, якім даводзіцца пісаць на вельмі разнастайныя тэмы. Нельга не адзначыць і важнасць аддзела фотакарэспандэнтаў: усе яны падчас сваёй работы ствараюць самадастатковыя журналісцкія творы. Наогул знаходзіцца ў творчай атмасферы і не быць захопленым натхненнем немагчыма. Усё кіраўніцтва газеты, нягледзячы на велізарны аб'ём іншай працы, знаходзіць час на тое, каб пісаць свае аўтарскія глыбокія аналітычныя матэрыялы.

Сем разоў перачытаць — адзін надрукаваць

Каб пазнаёміцца з астатнімі супрацоўнікамі рэдакцыі, прасочым шлях аднаго тэксту на паласу. Пачынаецца ўсё, вядома ж, з ідэі. Тэму можна прапанаваць на планёрцы, абмеркаваць яе з кіраўніком свайго аддзела ці адразу ўнесці ў агульны план. Неабходна ёміста растлумачыць, пра што будзе матэрыял, якога аб'ёму, калі журналіст паспее яго здаць і ці не будзе ён пераклікацца з іншымі тэкстамі. Прадумаць сваю асабістую «праграму» трэба да сярэдзіны дня ў пятніцу, таму што ў канцы тыдня намеснікі галоўнага рэдактара складаюць прыкладны план на тыдзень.

Дык вось да тэксту. Калі матэрыял гатовы, журналіст адносіць яго свайму куратару, пасля чаго яго чытае адзін з намеснікаў галоўнага рэдактара. Далей — аддзел стылістыкі. Тут не толькі ловяць дробныя блошкі-памылкі друку і выдаляюць не да месца пастаўленыя коскі, але і замяняюць русізмы і недарэчныя моўныя канструкцыі на трапныя беларускія выразы, звяраюць назвы населеных пунктаў, назвы пасад службовых асоб і іншы фактычны матэрыял. Здаецца, і гэты артыкул не пазбег дбайнага стылістычнага «прэпаравання». Уважліва вычытаны тэкст адпраўляецца далей — у карэктуру, дзе яго разбіваюць. Не варта палохацца: не ў бразгату, а па складах.

Пасля гэтага накіроўваемся разам з тэкстам на вёрстку. Тут усім запраўляе зменны сакратар, які, як з канструктара, з розных па аб'ёме матэрыялаў складае кожны нумар газеты. Праца гэта, як можна сабе ўявіць, сапраўды ювелірная, бо газета павінна і выглядаць прывабна, і чытацца лёгка. Увогуле, каб расказаць пра ўсе правілы вёрсткі, трэба некалькі тамоў. З імі дасканала знаёмыя вярстальшчыкі, яны ведаюць, якім шрыфтам лепш зрабіць загаловак, а куды змясціць урэзку, дзе тэкст можна ўціснуць, а дзе крышку падрэзаць фатаграфію.

Вернемся да распарадку дня — старонкі вярстаюцца па меры паступлення матэрыялаў. Першая, самая важная, часцей за ўсё рыхтуецца ў апошнюю чаргу. Але вёрстка — гэта яшчэ далёка не апошні этап. Калі паласа гатовая, яе раздрукоўваюць і адносяць ўсяму кіраўніцтву газеты, у карэктуру і дзяжурнаму. Дзяжурнымі па чарзе раз у месяц бываюць усе журналісты. Іх задача вельмі ўважліва прачытаць увесь нумар і праверыць яго на прадмет граматычных і сэнсавых памылак. Тое ж самае робяць і ўсе астатнія, часта матэрыял на паласе праглядвае і яго аўтар. Звычайна чытаць новы нумар пачынаюць бліжэй да дванаццаці гадзін дня, а заканчваюць каля васьмі вечара. Калі нумар цалкам адрэдагаваны, ён адпраўляецца ў друк, каб ужо на наступны дзень прыхільнікі газеты маглі знайсці яго ў сваіх паштовых скрынях або ў газетных кіёсках.

Аднак усе вышэйпералічаныя — гэта яшчэ далёка не поўны штат супрацоўнікаў выдання. Аддзел маркетынгу, пісьмаў, бухгалтэрыя, тэхнічная падтрымка, сакратары, загадчык гаспадаркі, кур'еры, вадзіцелі... Кожны ўносіць свой уклад у адладжанае функцыянаванне складанага механізма пад назвай газета «Звязда». І заўважце, ён працуе практычна безупынку ўжо на працягу ста гадоў — дзень за днём, дзень за днём...

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Як «А што, калі нам...» ператвараецца ў найстарэйшую газету

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.