Вы тут

Гісторыя Беларусі — крыніца брэндаў прадпрыемства з Валожына


Трымаць у далонях «Зорку Венеру» — звычайная справа для сямейнай пары з вёскі Карнюткі Валожынскага раёна. Мыла з такой назвай выпускае кампанія «Шляхетныя вырабы» пад брэндам «Каралі». Ранейшы сямейны бізнес ужо перарос у невялікую вытворчасць, а распаўсюджванне беларускай культуры стала сэнсам усёй справы.


Цяпер тут выпускаюць мыла і вырабы з фарфору. Ідэя прадукцыі — развіваць гонар за сваю гісторыю і культуру. Як гэта рабіць? Па-першае, ствараць якасныя беларускія рэчы. Па-другое, укладваць у іх сэнс. Так, многія жанчыны, мабыць, жадаюць адчуць сябе прыгажуняй Барбарай Радзівіл, якую кахаў кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст, нягледзячы на перашкоды сваякоў і рызыку страціць трон. А легенда пра Чорную панну Нясвіжа, якой стала Барбара пасля спроб вярнуць яе з таго свету, расказвае пра каханне без меж. Яна натхніла стварыць і духмянае мыла з такой назвай.

Віленскае барока таксама пакінула адметны след у архітэктуры Беларусі. Акрамя будынкаў у Вільні ў гэтым стылі створаны, напрыклад, Сафійскі сабор у Полацку і сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім. І гэты напрамак таксама знайшоў адлюстраванне ў назвах прадуктаў серыі «Каралі». Яшчэ адзін прыклад — «Цуд на Каляды». Ці можа ён здзейсніць мару? Невядома. Але паспрабаваць варта.

— Мы падкрэсліваем, што ёсць пэўныя традыцыйныя каштоўнасці для беларусаў, якія мы хацелі б несці ў масы. Гэта ў першую чаргу для нас — каб памятаць сваю гісторыю, у другую чаргу — для турыстаў, якія знаёмяцца з нашай краінай, у тым ліку праз нашы прадукты, — расказвае дырэктар кампаніі Сяргей Семянюк.

Мыла робяць невялікімі партыямі ўручную з раслінных алеяў. Ёсць і другі напрамак вытворчасці — фарфор. Яго выбралі невыпадкова: наборы з імбрыка, кубкаў, сподкаў, сальніцы, перачніцы, вазы і мыльніцы таксама звязаны з нашай культурай: на іх — выявы зброі часоў Вялікага Княства Літоўскага і выцінанак. «Мы шукалі нейкія з'явы беларускай гісторыі, вельмі характэрныя для беларусаў, якія павінны выклікаць пэўны гонар. І адпаведна ВКЛ — гэта адна са старонак гісторыі, якая можа выклікаць гэта пачуццё. Мы спрабавалі яе нейкім чынам праілюстраваць на нашых прадуктах», — тлумачыць суразмоўнік.

Месца пад Валожынам выбралі за прыгожыя краявіды і вельмі характэрную для Беларусі прыроду. Не так даўно набылі ва ўласнасць будынак былой школы. Ён яшчэ рэстаўрыруецца, і ў выніку там будуць знаходзіцца і вытворчасць, і працоўныя пакоі для рамеснікаў. А сам будынак стане сацыяльна-культурным аб'ектам — месцам прыцягнення для турыстаў з усёй Беларусі і замежнікаў. Суразмоўнік спадзяецца, што бізнес будзе пашырацца, а разам з гэтым створацца і новыя рабочыя месцы.


Каментарый у тэму

За першае паўгоддзе ў Валожынскім раёне з'явілася 46 новых індывідуальных прадпрымальнікаў і зарэгістравана 18 новых юрыдычных асоб. Іх асноўны від дзейнасці — гандаль і аказанне паслуг. Увогуле, паводле статыстыкі, за першы квартал гэтага года ў раёне ўласным бізнесам займаюцца каля 530 ІП і 390 юрасоб.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі Валожынскага райвыканкама Ядвігі ТУМЕЛЬ, з кожным годам колькасць прадпрымальнікаў павялічваецца. Працэс рэгістрацыі даволі просты: трэба падаць заяву і аплаціць дзяржпошліну. І ў той жа дзень бізнес будзе афіцыйна зарэгістраваны. Для беспрацоўных цэнтр занятасці выдзяляе бязвыплатныя субсідыі. Да таго ж у райвыканкаме можна атрымаць кансультацыю па юрыдычных аспектах адкрыцця сваёй справы.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Венера» ў далонях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.