Вы тут

Беларускія кніжнікі ў Паднябеснай


22 жніўня пачынае работу чарговы Пекінскі кніжны кірмаш. Па традыцыі возьмуць удзел у ім і беларускія кніжнікі.


Дэлегацыю, якая днямі адпраўляецца ў КНР, складаюць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, «Белкнігі», «Белсаюздруку», «Брэстаблсаюздруку», «Віцебскаблсаюздруку», выдавецтваў «Адукацыя і выхаванне», «Пачатковая школа». З просьбай пракаментаваць падзею мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кнігагандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алены Паўлавай. І вось што пачулі ў адказ:

— Удзел у Пекінскім кніжным кірмашы для беларусаў традыцыйны. Мы пастараемся на невялікай плошчы беларускага стэнда паказаць як мага больш кніг многіх айчынных выдавецтваў. Будзем прэзентаваць і выданні, якія прысвечаны кітайскай літаратуры: адразу ажно дзевяць кніг серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Дарэчы, толькі што выйшаў з друку зборнік вершаў паэта-рамантыка мінулага стагоддзя Сюй Чжымо на беларускай і кітайскай мовах. Вязём з сабой і рэпрадукцыі работ беларускага мастака Каміля Камала, які афармляе кнігі серыі «Светлыя знакі». Пакажам на выстаўцы і іншыя кнігі Выдавецкага дома «Звязда» на кітайскую тэму — і зборнік «Стагоддзе на знаёмства», і даследаванне беларускага вучонага-міжнародніка Віктара Герменчука, прысвечанае сусветнаму ўспрыманню кітайскай палітыкі, кітайскага дзяржаўнага будаўніцтва, і зборнік успамінаў беларускіх дыпламатаў, якія працавалі ў КНР у розныя гады.

У праграме работы беларускай дэлегацыі — перамовы з кітайскімі выдаўцамі і паліграфістамі, сустрэчы з пісьменнікамі і перакладчыкамі.

- Нас чакаюць у адным з аўтарытэтных пекінскіх выдавецтваў на прэзентацыі шматтомнай работы па кітайскай ідэалогіі і культуры, — працягвае Алена Савельеўна. — Гэты даволі грунтоўны шматтомнік ужо выдадзены не толькі на кітайскай, але яшчэ і на іспанскай, армянскай, непальскай і польскай мовах. Будзем весці перамовы пра выданне гэтай кнігі і па-беларуску. Папярэдне мы ўжо вялі перапіску з кітайскімі калегамі на гэтую тэму. З кітайскага боку ўдзел у перамовах прымуць дырэктар дэпартамента па пытаннях кіравання прымяненнем вуснай і пісьмовай мовамі Міністэрства адукацыі Кітая Цянь Лісінь, партыйны сакратар Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Хань Чжэнь, прарэктар Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Цзя Дэчжонь, генеральны дырэктар выдавецтва Цай Цзяньфэн і іншыя кітайскія калегі. Абавязкова сустрэнемся з даўнім добрым сябрам і перакладчыкам беларускай, рускай і ўкраінскай літаратур Гао Манам. Пра яго часта пішуць у Беларусі ў апошнія гады. Спадзяюся, што ён дасць нам парады і па іншых стасунках з кітайскімі літаратарамі. Тым больш што да выдання ў Беларусі запланавана новая паэтычная анталогія твораў 100 паэтаў Кітая XX стагоддзя. Кніга прадоўжыць ранейшы праект — «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая». Анталогія была выдадзена ў 2012 годзе тыражом 2500 экзэмпляраў, за якую перакладчык Мікола Мятліцкі быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.