Вы тут

Чым займаецца адзін з найлепшых КОТГСаў сталіцы?


Нагадваем, што КОТГС — гэта калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Мікалай БУЙНІЧ, старшыня адной з гэтых арганізацый якраз і дабіваецца таго, каб расшыфроўка абрэвіятуры ні ў кога не выклікала пытанняў, а задачы органа самакіравання сталі агульнавядомымі. Каб даведацца, як яму ўдаецца рэалізоўваць свае планы, мы пабывалі на свяце, арганізаваным КОТГСам №118, які адказвае за тэрыторыю раёна 8-га і 9-га кіламетраў на ўсходзе Мінска.


Свя­та  для да­рос­лых  і дзя­цей.

Мікалай Буйніч на чале арганізацыі ўсяго год, аднак спецыфіку яе дзейнасці паспеў вывучыць дасканала — дапамог дзесяцігадовы досвед працы на кіруючых пасадах. Вакол сябе лідар стараецца збіраць ініцыятыўных і крэатыўных жыхароў раёна — прызнаецца, што ахвотней за іншых ідуць на кантакт маладыя сем'і.

— Мы акцэнтуем увагу не толькі на добраўпарадкаванні, хоць і без вырашэння гэтых пытанняў не абыходзіцца, але і на стварэнні згуртаванай супольнасці, якой пад сілу справіцца з любымі задачамі. Напрыклад, мы арганізавалі кірмаш, каб назбіраць грошай для дапамогі бацькам дзіцяці-інваліда, якому патрэбна была аперацыя. Да большасці мерапрыемстваў стараемся прыцягнуць дзяцей, каб з самага ранняга ўзросту ў іх фарміравалася свядомае стаўленне да самакіравання. Тым больш склад жыхароў мікрараёна можна назваць вельмі маладым: на нашай тэрыторыі пражывае практычна сем тысяч дзяцей, — расказвае Мікалай Буйніч.

Вось і да пачатку навучальнага года актывісты КОТГСа Ірына Гудзіліна і Ганна Рэут арганізавалі свята, гасцямі якога стала больш за 300 юных жыхароў раёна. У праграме — творчыя выступленні, гульні ад дзіцячага пакоя «33 вітамінкі», дыскатэка з конкурсамі, фотазона, аквагрым, катанне на поні, танцавальны флэшмоб. Пры гэтым за забаўкамі схаваны больш сур'ёзныя выхаваўчыя задачы: на свяце прысутнічалі супрацоўнікі МНС, а кіналагічны цэнтр зладзіў паказальнае выступленне.

— Наша месцазнаходжанне проста абавязвае нас супрацоўнічаць з прадстаўнікамі сілавых структур. У нас добра наладжаны кантакт з Ваеннай акадэміяй — тым больш, я сам выхадзец адтуль, з воінскімі часцямі. У планах — запусціць сумесныя праекты са Спартыўным камітэтам Узброеных Сіл. У цэлым, спорт — гэта адзін з тых кірункаў, якія хочацца актыўна развіваць. Мы нават думаем у склад арганізацыі ўключыць людзей, якія будуць займацца толькі гэтымі пытаннямі, — адзначыў старшыня КОТГСа.

Мясцовыя жыхары такія імкненні падтрымліваюць. Нават за свае грошы былі гатовыя пабудаваць стадыён, праўда, заняць аблюбаванае месца не дазволілі будаўнічыя нормы. А вось усталяваць шлагбаумы, камеры відэаназірання, уладкаваць клумбы, пабудаваць велагараж за ўласныя сродкі нішто не перашкодзіла.

— Людзі разумеюць, напрыклад, што дзіцячая пляцоўка, якая закладзена па праекце, іх не задавальняе. І без лішніх пытанняў збіраюць грошы на тую, якая ім падабаецца. Нельга ўвесь час спадзявацца на бюджэт, ён вырашае першачарговыя задачы, як, напрыклад, будаўніцтва садка. Хочаш жыць лепш на лакальным узроўні — дзейнічай. Але гэта не азначае, што ўсе пытанні мы вырашаем самастойна — цесна ўзаемадзейнічаем і з ЖЭУ №1 жылкамгаса Першамайскага раёна, яго дырэктар Іна Ясінская сама была ў актыве КОТГСа, таму мы добра адно аднаго разумеем, — заўважыў Мікалай Буйніч.

Ужо двойчы за год КОТГС станавіўся лепшым у раёне, а на гарадскім конкурсе адзначылі работу яго кіраўніка. Толькі на суботнік тут выходзіць больш за 400 чалавек. Пакуль інфармацыя пра дзейнасць арганізацыі распаўсюджваецца пераважна праз месенджары і аб'явы, але ў планах запуск рэкламы, у тым ліку і ў грамадскім транспарце. Магчыма, з'явіцца і свой друкаваны орган, а сама арганізацыя будзе зарэгістравана як юрыдычная асоба. Гэта дапаможа больш актыўна прыцягваць да работы КОТГСа спонсараў, якія і цяпер адгукаюцца на прапановы дапамагчы ў арганізацыі свят. Далей, як упэўнены ўсе мясцовыя жыхары, больш...

Дэпутат 27-га склікання Мінскага гарадскога Савета, старшыня Пастаяннай камісіі мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных сувязях Георгій АТАМАНАЎ:

— Ёсць неабходнасць пільнай увагі з боку дзяржорганаў да развіцця грамадскага самакіравання па месцы жыхарства. Каштоўнасць гэтага рэсурсу будзе толькі ўзрастаць, таму патрэбны праграмна-мэтавы падыход, які прадугледжвае актыўнае ўключэнне ў справу максімальнай колькасці грамадзян.

Грамадскае самакіраванне бачыцца як стройная сістэма, якая складаецца з калегіяльных (камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў мікрараёнах, дамавыя або вулічныя камітэты) і аднаасобных (старшыя невялікіх дамоў і пад'ездаў) органаў грамадскага самакіравання, якія выбіраюцца сходамі грамадзян па месцы жыхарства на тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў чарговага склікання. У гэтай сістэме знойдзецца месца і органам арганізацый жыллёвых і гаражных спажывецкіх кааператываў, таварыстваў уласнікаў жылых дамоў, маладзёжных жылых комплексаў, саветаў інтэрнатаў.

Пра гэта вельмі важна сказаць цяпер, у сувязі з надыходзячымі ў лютым 2018 года выбарамі дэпутатаў мясцовых Саветаў дваццаць восьмага склікання. Ужо сёння неабходна прадумаць пытанні правядзення да гэтага тэрміну сходаў грамадзян па месцы жыхарства і прыняць неабходныя арганізацыйныя меры для фарміравання новых складаў органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання на наступныя чатыры гады.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хочаш жыць лепш — дзейнічай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.