Вы тут

Опера без катурнаў


Як спалучыць арыі і джынсы ў сучаснай «Травіяце»?

Галоўнай тэмай першага тыдня новага тэатральнага сезона ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі стала прэм’ера асучасненай «Травіяты» ў пастаноўцы латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса. Рэжысёр (а разам з ім і Вялікі тэатр Беларусі) не пабаяўся прадставіць беларускаму гледачу эксперымент і амаладзіць класічную пастаноўку ажно на тры стагоддзі. Героі неўміручай оперы Джузэпэ Вердзі перанесліся ў наш час, каб нагадаць сучаснай аўдыторыі пра нязменную актуальнасць класікі, бо ў кожнай эпохі — свае хваробы і свае куртызанкі.


Сцэна з оперы «Травіята».

Каб зразумець душэўныя перажыванні Віялеты Валеры ў ХХІ стагоддзі, неабавязкова пераапранаць яе ў джынсы і красоўкі: сапраўдныя эмоцыі і шчырае выкананне наблізяць гераіню да сучаснага гледача не горш за намёк на яе анкалагічную хваробу. Жанчына, гатовая ахвяраваць сабой дзеля шчасця абранніка, якая памірае маладой, але хоча жыць і радавацца каханню, нягледзячы на анкалогію ці туберкулёз (якая розніца, калі вынік адзін?), будзе зразумелая ў любым стагоддзі. Гісторыя Віялеты і Альфрэда жывая і актуальная, як гісторыя Трыстана і Ізольды, Рамэа і Джульеты, Атэла і Дэздэмоны. Пераносіць дзеянне спектакля ў сучасныя межы толькі дзеля таго, каб наблізіць «Травіяту» да аўдыторыі, не мела б сэнсу, але... Нагода, якая насамрэч апраўдвае такі рэжысёрскі ход, большая за вядомае наведвальнікам тэатра «тут і зараз».

У Вялікім тэатры Беларусі не толькі асучаснілі «Травіяту», але і вярнуліся да вытокаў арыгінальнай оперы. І справа не ў тым, што Андрэйс Жагарс падчас працы над спектаклем прытрымліваўся арыгінальнага сюжэта Вердзі (дарэчы, вось паказчык пазачасавай геніяльнасці творцы: на сцэне ўсе арыі арганічна ўспрымаюцца і ў класічных салонах ХІХ стагоддзя, і ў сучасных інтэр’ерах стыльнай гасцёўні). Калі «Травіята» ўпершыню прагрымела ў Венецыі ХІХ стагоддзя, гледачы былі шакіраваныя: замест звыклых часоў антычнасці ці Сярэднявечча перад імі паўстаў сучасны (на той момант) Парыж. Яны сустрэліся з актуальнай гісторыяй, штодня бачылі Віялету, Альфрэда, Жэрмона ды іншых герояў дзеі між сваіх знаёмых. Перанос дзеяння ў наша стагоддзе наблізіў новы спектакль да таго першапачатковага ўздзеяння.

Уразіў сучаснікаў Вердзі і выбар галоўнай гераіні: не антычная багіня, не дама высокага паходжання, а куртызанка. Жанчына, пра лад жыцця якой добра ведаюць, але маўчаць. Грамадскасць яшчэ не канчаткова прызвычаілася да згадвання еўрапейскіх «гейш» на кніжных старонках. Убачыць жа іх на сцэне, ды яшчэ і ў якасці цэнтральнага персанажа (персанажа станоўчага і высакароднага!) здавалася амаль што абразай. У наш час гэтым нікога не здзівіш. Для сучаснага гледача трэба ўзняць напал, каб дасягнуць хісткай мяжы паміж маральным і амаральным, на якой балансавала «Травіята» ад самага пачатку. Адсюль выцякаюць і вопратка артыстаў хору, і сцэна палкай блізкасці паміж Віялетай і Альфрэдам. Пасля прэм’еры шэраг гледачоў выйшлі ўзрушаныя ад такой экстравагантнасці на сцэне Вялікага тэатра. Менавіта такога ўздзеяння, напэўна, і дамагаўся рэжысёр: дазволіць сучасным тэатралам адчуць увесь эфект не звыклай і ўжо класічнай, а толькі што пастаўленай «Травіяты». Дасягнуць яго іншымі сродкамі было б немагчыма.

Натуральна, пераапрацоўка пастаноўкі пад ХХІ стагоддзе не магла быць дасканалай ва ўсім. Прыкладам, падчас сцэны балю ў Флоры Бервуа вопратку артыстаў хору і рухі, якія яна вымагае, складана суаднесці з музыкай: цяжка ўявіць месца, дзе танчаць у клубных сукенках пад творы Вердзі... У той жа час строі Віялеты і Флоры на балі вельмі гарманічныя, адпавядаюць і сучаснасці, і драматычнасці моманту. Тут мастак па касцюмах паказаў сваё майстэрства: у модзе кожнага стагоддзя можна знайсці нешта пазачасавае. Прыемнае ўражанне пакінула вытрыманая ў адной стылістыцы сцэнаграфія. Такую абстаноўку можна ўбачыць у багатым катэджы ці стыльнай кватэры-студыі, і густу сцэнографа-пастаноўшчыка лёгка можна даверыць дызайн сучасных пакояў.

Оперу «Травіята», якую сёлета абраў для пачатку сезона Вялікі тэатр Беларусі, ва ўсе часы вылучала яе ўніверсальнасць. Музыка і арыі з оперы ўдала гучаць на сцэне нават у канцэртным выкананні. Натуральна, для сваёй «Травіяты» Андрэйс Жагарс вызначыў ажно тры склады салістаў, бо разынкай шэдэўра Вердзі заўсёды былі выканальніцкія дадзеныя спевакоў галоўнага трыа. Віялета (Ірына Кучынская, Маргарыта Ляўчук, Алена Золава), Альфрэд (Аляксандр Міхнюк, Аляксей Мікуцель, Юрый Гарадзецкі), Жэрмон (Уладзімір Пятроў, Станіслаў Трыфанаў, Ілья Сільчукоў) утрымліваюць на сябе ўвагу аўдыторыі цягам усёй дзеі і надаюць кожнаму паказу «Травіяты» своеасаблівыя гучанне і акцёрскае майстэрства, характэрныя менавіта для гэтага складу артыстаў.

Здаецца, ва ўсім свеце опера імкнецца здымаць свае катурны і ісці напрасткі да гледача. У першую чаргу — да маладога. Беларускія тэатры пачынаюць усё больш заўважна звяртацца да сучаснасці ў пастаноўках па класічных творах. Вялікі тэатр Беларусі вырашыў не адставаць ад сусветнай тэндэнцыі, тым больш што ў запрошанага латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса ўжо быў досвед працы ў гэтым кірунку. Мабыць, гледачам трэба адаптавацца да новай з’явы?

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Калейдаскоп

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»

Ужо ў гэту суботу на АНТ вялікая прэм'ера.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.