Вы тут

Маленькае Я — ГЭТА Я


Калі бачу, як дворнік у парку зграбае ў кучкі прыгожае восеньскае лісце, маё ўнутранае «Я» пратэстуе. У такі момант хочацца падбегчы да яго і папрасіць не рабіць гэтага. Альбо раскідаць той жоўта-барвовы дыван зноў на зямлю.


Падобнае адчуванне ў мяне было пасля прагляду дзіцячага спектакля «Маленькае Я — ГЭТА Я». Актрыса Таццяна Крыцкая прапанавала маленькім гледачам зрабіць уласнаручна галоўнага героя казкі. Кожнаму раздала па ружовым паветраным шарыку ды яркай стужцы, валосікі з воўны, папяровыя вочкі ды носік, да якіх быў прымацаваны двухбаковы скотч. Усім дзеткам дапамагалі бацькі, таму цацкі атрымаліся практычна аднолькава бездакорныя. Маю ж увагу прыцягнуў хлопчык з саламянымі валасамі. Ён таксама спачатку, гледзячы на астатніх, прынёс свайму дзядулю шарык і папрасіў прывязаць да яго ваўняную фрызуру. Мужчына ўжо хацеў сам прыклеіць вочкі ды носік. Але хлопчык нечакана спыніў яго: «Дзеда, пачакай. Я сам!»

Малы спачатку прыклеіў нос, потым на тым жа ўзроўні — вочкі. Валасы ў шарыка пры гэтым апынуліся не зверху, а знізу. Мы пераглянуліся з мамамі, якія сядзелі побач. Маўляў, як незвычайна ў яго атрымалася, нетыпова. І толькі паспелі так падумаць, як дзядуля адабраў у хлопчыка той шарык і хуценька пачаў аддзіраць папяровы нос. Мне хацелася падбегчы да мужчыны і сказаць: «Дзядулечка, што ж ты робіш?..» Але не паспела... Шарык гучна лопнуў. Трэба было бачыць расчараванне ды разгубленасць, якія з'явіліся ў вялікіх вачах хлопчыка.

У гэты момант хтосьці з дарослых паспрабаваў выратаваць сітуацыю і працягнуў дзядулю цэлы шарык. Той акуратна аддзёр з пашкоджанага вочкі і носік і пачаў пераклейваць на новы правільна, так, як ва ўсіх.

Дадому вярталася з думкай: «Як жа цяжка дзіцяці застацца сабой». Чамусьці ўспомніла сваё паступленне ва ўніверсітэт. Менавіта тады я вырашыла цалкам перайсці на беларускую мову. Паколькі зрабіць гэта ў новым горадзе, дзе цябе ніхто не ведае, значна прасцей.

Памятаю, калі першы раз прыехала на выхадныя дадому, мама папрасіла: «Можа, у краме лепш па-руску размаўляй». Справа ў тым, што ўсе вясковыя дзеці, якія паступалі вучыцца, прыязджаючы да бацькоў, стараліся размаўляць чыста па-руску. Гэта лічылася нармальным. А такога, каб хтосьці вярнуўся з горада і размаўляў па-беларуску, не было.

Былі і тыя, хто казаў: «Ды ты са сваёй беларускай мовай так замуж ніколі і не выйдзеш. Хлопцаў адпужваеш толькі». Шчыра прызнацца, у парыве адчаю былі моманты, калі я думала ў паўсядзённым жыцці адмовіцца ад мовы. Нават некалькі дзён спрабавала размаўляць па-руску. Але мяне хапіла ненадоўга. Цяпер, калі хтосьці пытаецца: «А ты і з бацькамі размаўляеш па-беларуску?», толькі ўсміхаюся. Так, і з бацькамі. І з мужам — ён яшчэ да знаёмства са мной таксама прыняў рашэнне перайсці на мову. Так што галоўнае не здраджваць сабе. Калі шум свету гучнейшы, чым голас тваёй душы, ты прайграеш.

З майго першага курса прайшло ўжо больш за 10 гадоў. Усе ў вёсцы ўжо прызвычаіліся, што я размаўляю па-беларуску. Ды і мне на момант ваганняў было амаль дваццаць. А калі чалавеку тры годзікі... Баюся, што наступны раз той хлопчык з саламянымі валасамі ўжо не захоча рабіць штосьці сам, бо будзе баяцца памыліцца.

Вось так самыя блізкія і мегаклапатлівыя людзі, думаючы, што робяць дабро, наносяць непапраўную шкоду. У выніку дзеці вырастаюць няўпэўненынымі ў сабе, жывуць, азіраючыся на іншых. Ім важней, чым свая мара, што пра іх падумаюць.

Многія ў дарослым узросце наноў вучацца прыслухоўвацца да сябе, спрабаваць, рызыкаваць. Але на гэта трэба шмат мужнасці і сіл, бо мінулы досвед нікуды не падзець, ён назаўсёды з намі. Як той шарык, які лопнуў, але яго кавалкі засталіся на дне душы.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.