Вы тут

Мэтавая праграма па развіцці ЖКГ будзе разлічана да 2025 года


На мінулым тыдні адбыўся рэспубліканскі семінар, прысвечаны ўдасканаленню і развіццю жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. Падчас яго Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, паведаміў аб кірунках дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы.


На думку спікера верхняй палаты, ключавымі пытаннямі, якія вызначаюць работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі і патрабуюць пастаяннай увагі, з'яўляюцца самафінансаванне, арганізацыйная структура, размеркаванне кампетэнцый. Што датычыцца самафінансавання галіны, то яго варта паставіць як галоўную мэтавую задачу. «У нашых умовах сацыяльна арыентаванай эканомікі гэта дасягаецца за кошт паўсюднага ўкаранення планава-разліковых цэн, — адзначыў парламентарый. — Пакуль сур'ёзным чынам гэтым займаюцца далёка не ўсе гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты. Пажадана, каб да работы падключыліся і структуры міністэрства фінансаў, паколькі гэта закранае інтарэсы бюджэтаў».

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што тарыфы для насельніцтва — гэта вытворная ад планава-разліковай цаны. Кожны раён, кожны горад абавязаны на кожны каляндарны год зацвярджаць такія цэны, зыходзячы з уласнай спецыфікі вызначаць рэальны кошт кубаметраў вады, кілакалорый цеплавой энергіі і іншых відаў паслуг. У планава-разліковую цану павінны быць «зашыты» кошт і заданне па паніжэнні бесгаспадарлівасці.

«Гэта той бізнес-план, які абавязаны мець кожны выканкам», — падкрэсліў спікер. Акрамя таго, трэба інжынерныя аб'екты, водазаборы, ачышчальныя збудаванні, кацельныя, вуліцы, пуцеправоды будаваць за кошт дзяржаўных інвестыцый. «Вырастуць даходы насельніцтва — тады і інвест-нагрузку цалкам ці часткова можна будзе перакласці ў тарыфы для насельніцтва, як гэта робяць у краінах з высокім эканамічным узроўнем развіцця, — лічыць старшыня Савета Рэспублікі. — Таму ўся адказнасць ляжыць на выканкамах, метадалогія — на рэспубліканскіх органах кіравання. Мяркую, што неабходны ўказ Прэзідэнта па гэтых пытаннях, каб не панаваў прававы нігілізм і не пагоршыліся справы ў галіне».

Што датычыцца арганізацыйнай структуры, гэта своеасаблівая вертыкаль і гарызанталь жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Хаус-майстры, аварыйныя службы, арганізацыі па выкананні спецыялізаваных работ, дыспетчарызацыя — гэта трэба ўкараняць паўсюдна і не адкладаць на пасля. У краіне пакуль няма аднастайнага падыходу ў гэтым плане і варта было б на рэспубліканскім узроўні нарматыўна-прававым актам ліквідаваць гэты недахоп.

«Мяне непакоіць імкненне да пераводу жыллёва-камунальных арганізацый на ўмовы падраднай дзейнасці. Ці не атрымаецца ў гэтым выпадку, што яны будуць вызвалены ад адказнасці за стан спраў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы ў адпаведным горадзе ці раёне, бо яны падрадчыкі і будуць выконваць, па логіцы, толькі тыя работы, якія прадугледжаны і аплачаны па дагаворах падраду? Кіраўніцтву раёна ці невялікага горада не будзе каму даручыць масу неадкладных і бягучых спраў, асабліва ва ўмовах спецыфікі тэндараў і конкурсаў. Нельга дапусціць, каб арганізацыі ЖКГ праз некалькі гадоў пачалі развальвацца», — заявіў Міхаіл Мясніковіч.

Разам з тым сёння ўрад ідзе па шляху размеркавання адказнасці. Жыллёвая палітыка практычна цалкам сканцэнтравана на міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва; тарыфы — на міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю; уласнасць, кадры, фінансы — у сферы адказнасці Саветаў дэпутатаў і выканкамаў. А ў міністэрства ЖКГ не засталося рычагоў і інструментаў кіравання. Ці правільна гэта? «Сёння і ў найбліжэйшай перспектыве гэты падыход не спрыяе паляпшэнню спраў у галіне», — лічыць сенатар.

У выніку Міхаіл Мясніковіч прапанаваў прыняць Мэтавую праграму па развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіzda.by

Загаловак у газеце: Не дапусціць развалу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.