Вы тут

Тэорыя і практыка самакіравання


Старшыня пастаяннай камісіі мандатнай, па галоснасці, самакіраванні, правапарадку і міжнародных справах Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Георгій АТАМАНАЎ падчас круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі расказаў, хто ў сталіцы займаецца грамадскім самакіраваннем.


Асаблівасць Мінска заключаецца ў тым, што ў амаль двухмільённым населеным пункце гарадскі Савет дэпутатаў з'яўляецца адзіным органам мясцовага самакіравання, бо ў раёнах горада аналагічных структур няма. Каб ліквідаваць такі прабел, і былі створаны Саветы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (ОТГС), кожны з якіх узначальвае адзін з дэпутатаў гарсавета, абраных у раёне. А ў кожным мікрараёне існуе калегіяльны ОТГС.

Георгій Атаманаў гаворыць, што па папулярнасці ў насельніцтва органы мясцовага самакіравання знаходзяцца, на жаль, на апошнім месцы сярод уладных структур і праіграюць мясцовым органам кіравання, ураду, парламенту і, вядома, інстытуту прэзідэнцтва.

Калі жыхары не ведаюць, з кім вырашыць мясцовыя праблемы на пярвічным узроўні, яны адразу ідуць да ўлад больш высокага ўзроўню. Таму неабходна развіваць ОТГС, каб людзі ведалі, куды ў першую чаргу звяртацца. Гэта павысіць актыўнасць грамадзян, адказнасць за вырашэнне канкрэтных задач, напрыклад, за добраўпарадкаванне тэрыторыі, за падтрымку бяспекі.

Дарэчы першы камітэт грамадскага самакіравання ў Мінску быў зарэгістраваны ў Маскоўскім раёне ў пачатку 1990 года. Напрыканцы года ў сталіцы дзейнічала ўжо 57 такіх грамадскіх органаў самакіравання. Зараз яны працуюць у кожным са 129 мікрараёнаў. Ёсць старшыя па пад'ездзе і па доме, дамавыя ці вулічныя камітэты (у месцах прыватнай забудовы), камітэт ОТГС па мікрараёне, органы жыллёвых і гаражна-спажывецкіх кааператываў, саветы інтэрнатаў... Практыка паказвае, што залог развіцця самаарганізацыі — не толькі ў грамадзянскай актыўнасці, але і ў падтрымцы з боку Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінгарвыканкама.

Грамадскае меркаванне па пытаннях эканамічнага, сацыяльнага і грамадска-культурнага развіцця ўлічваецца дэпутатамі гарадскога Савета падчас прыняцця рашэнняў на пасяджэнні сесій Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. ОТГС на аснове грамадскага меркавання могуць уносіць канкрэтныя прапановы па архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, рацыянальным размяшчэнні прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, арганізацыі работы грамадскага транспарту, устаноў аховы здароўя, адукацыі, спорту і іншае. А таксама вызначаць рэжым працы. Такі падыход, напрыклад, павінен папярэдзіць канфлікты на ўзроўні, калі праект забудовы выносіцца на грамадскае абмеркаванне. Калі дэпутат працуе ў камісіі, ён звяртае ўвагу на тры важныя пытанні, па якіх выказаліся грамадзяне: праект бюджэту горада і інвестыцыйная праграма, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і мэтавыя праграмы развіцця сталіцы.

Камітэт ОТГС істотна дапамагае ЖЭСам і адміністрацыям раёнаў у рабоце з насельніцтвам. Ён прыцягвае грамадзян да добраўпарадкавання і рамонту жылых дамоў. Гэта датычыцца, перш за ўсё, шматпавярховікаў. Органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання садзейнічаюць у прафілактыцы правапарушэнняў, прыцягненні жыхароў мікрараёна да актыўнай праваахоўнай дзейнасці ў складзе грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, дапамагаюць у арганізацыі вольнага часу.

Леанід ЦУПРЫК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, лічыць, што ОТГС не валодаюць ключавымі прыкметамі ўлады. Іх стварэнне не з'яўляецца абавязковым, яны не маюць публічных паўнамоцтваў, няма і стабільнай крыніцы фінансавання іх дзейнасці. Узмацненне ролі мясцовага самакіравання, якое базіруецца на ўліку жыццёва важных інтарэсаў насельніцтва і актыўным удзеле ў кіраванні саміх грамадзян, з'яўляецца адной з неад'емных задач любой сучаснай дзяржавы. Але, як паказвае жыццё, ОТГС як адну з формаў арганізацыі грамадскай актыўнасці складана арганізаваць. Хоць заканадаўча ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» вызначаны мэтавыя кірункі дзейнасці ОТГС, але ў рэальнай практыцы іх змест часцей зводзіцца да пытанняў добраўпарадкавання і падтрымання чысціні дваровых тэрыторый. Іншыя кірункі дзейнасці прадстаўлены вельмі нязначна альбо адсутнічаюць. Работа ОТГС па вялікім рахунку трымаецца на арганізатарах-энтузіястах, часцей сталага ўзросту.

— Сёння акрамя Беларусі, гэтая форма (ОТГС. — Аўт.) у тым ці іншым выглядзе прысутнічае ў большасці краін СНД. Аднак да канца сацыяльны патэнцыял гэтай формы самакіравання не рэалізаваны, — кажа Георгій КУНЕВІЧ, старшы выкладчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. — У сувязі з гэтым важнае значэнне набываюць, па-першае, палітыка-прававая прырода грамадскага самакіравання, па-другое, нарматыўна-прававая база і кірункі яе ўдасканалення, па-трэцяе, прававыя формы ўзаемадзеяння органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання з органамі дзяржаўнай улады, мясцовымі Саветамі, мясцовымі выканаўча-распарадчымі органамі, а таксама ўзаемадзеянне з грамадзянамі.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.