Вы тут

Чым раённы краязнаўчы музей можа прывабіць турыста


Што бачыць падарожнік, калі ўпершыню трапляе ў незнаёмы горад? Вакзал, вуліцы, дамы. Часам вока зачэпіцца за незвычайны храм альбо помнік. Вопытны вандроўнік сам шукае турыстычныя ўражанні, аднак не настолькі «прасунутаму» госцю прасцей звярнуцца да прафесійных краязнаўцаў. Як рэгіянальныя музеі раскрываюць перад наведвальнікамі ўсе фарбы горада, і што ім для гэтага патрэбна, карэспандэнт «Звязды» высвятляла на прыкладзе Баранавіцкага краязнаўчага музея.


Як адзначаюць супрацоўнікі, інфармацыйны складнік у музея моцны, нават у параўнанні з калегамі. Адна бяда — экспазіцыя непрэзентабельная, у частцы залаў не было абнаўлення больш за дваццаць гадоў. Канцэпцыя новай экспазіцыі ўжо распрацавана, засталося дачакацца фінансавання, а пакуль што экскурсаводы шукаюць шляхі, каб зацікавіць наведвальнікаў.

Сэрца самалёта

Баранавічы — другі па колькасці жыхароў горад Брэсцкай вобласці. Тут пабудавана каля 40 прадпрыемстваў, так што экскурсіі на вытворчасць сталі арганічным кірункам турыстычных маршрутаў. Асаблівая папулярнасць у авіярамонтнага завода. Адсачыць працэс разборкі і рамонту «жалезных птушак» цікава многім дарослым нароўні з дзецьмі. Да нядаўняга часу ўваход на прадпрыемства быў забаронены, цяпер, дзякуючы пратэкцыі мэра горада, экскурсіі сталі магчымыя, аднак пры ўмове, што наведвальнікі з Беларусі.

— Мэта вытворчых маршрутаў — не толькі пазнаёміць экскурсантаў з гісторыяй горада, якую ў многім стваралі нашы прадпрыемствы. Адной з задач экскурсій на прадпрыемствы становіцца прафарыентацыя. Адна справа, калі школьнікі знаёмяцца з прадпрыемствам па фотаздымках, і зусім іншае ўражанне, калі яны ўбачаць працоўнае месца і тэхналагічныя этапы вытворчасці, — расказвае навуковы супрацоўнік Баранавіцкага краязнаўчага музея Наталля Яраш. — Маладыя людзі знаёмяцца з умовамі працы, задаюць пытанні пра заробак, перспектывы, стажыроўку...

Прамысловы турызм — новы кірунак у дзейнасці музея, ён толькі набірае папулярнасць.

На сустрэчу са старасвецкай дамай

— Мы шукаем новы спосаб падачы інфармацыі, бо звычайная форма, калі адзін чалавек гаворыць перад групай, новаму пакаленню дакладна не цікавая, незалежна ад таго, якія грошы будуць укладзены ў экспазіцыю, — расказвае дырэктар Баранавіцкага краязнаўчага музея Ала Самушчава. — Да таго як стаць дырэктарам, я 13 гадоў працавала практычным псіхолагам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, таму на музей глядзела хутчэй з пазіцыі звычайнага наведвальніка, чым навукоўца па музейнай справе. Ну і вопыт работы са студэнтамі падказваў, што прымусіць моладзь да чаго-небудзь немагчыма — толькі зацікавіць.

Такім чынам, сёлета ў музеі з'явіліся новыя тэмы для экскурсій, маршрутаў і музейна-педагагічных заняткаў.

Адной з навінак стала правядзенне квэстаў і тэатралізаваных экскурсій. Супрацоўнікі выходзяць да групы ў нязвыклым абліччы. Гасцей сустракае спадарыня Брэгман, потым наведвальнікі знаёмяцца з сябрамі гаспадароў, якія сабраліся на вечар у літаратурным салоне паслухаць выступленне скрыпача — супрацоўніцтва музея з музычным каледжам дазволіла запрашаць сапраўдных музыкаў. У выніку гледачы трапляюць у «замалёўку» з жыцця адной асобна ўзятай сям'і падчас Першай сусветнай вайны.

Наогул, шмат работы музея завязана на агульных праектах. Шляхам супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі і сеткай гарадскіх бібліятэк работнікі музея распаўсюджваюць абанементы. Яны становяцца «прызам» на мерапрыемствах у іншай установе. Сувязь з турыстычным агенцтвам «Гарызонт», санаторыем-прафілакторыем «Чабарок», работа па напаўненні сайта далі прыток турыстаў з Расіі.

Вялікі прастор для творчасці адкрываюць гарадскія святы і акцыя «Ноч музеяў». Такім чынам спалучаюцца адукацыйная і асветніцкая работа і дзейнасць творчых калектываў. Па-другое, на пляцоўцы перад установай музей збірае рамеснікаў, умельцаў «забаўляльнага плана» — артыстаў з фаер-шоу, фокуснікаў, што прыцягвае аўдыторыю.

— Так атрымалася, што акцыя «Ноч музеяў» асабліва ўразіла наведвальнікаў. Мы ўпершыню ўключылі ў праграму тэатралізаваныя і пешаходныя экскурсіі і атрымалі нечаканы вынік — гараджан прыйшло больш, чым разлічвалі. А раніцай адна сям'я перадала нам шыкоўнае люстэрка канца ХІХ стагоддзя, — дзеліцца ўспамінамі Ала Самушчава.

Штогод у фонды музея трапляе звыш 400 прадметаў. Зразумела, што выставіць іх поўнасцю на экспазіцыі немагчыма, аднак убачыць рарытэты можна на тэматычных выставах. Сам музей некалькі разоў на год «кідае кліч» праз СМІ, каб людзі прыносілі прадметы даўніны.

Імператарская стаўка

— Калі гаварыць пра тое, што цяпер неабходна музею, то хацелася б пашырэння штату, — адзначае дырэктар. — Для плённай работы нам не хапае як мінімум яшчэ трох навуковых супрацоўнікаў, гэта дазволіла б структураваць работу. Не хапае спецыяліста для сайта (праграміста), у штаце музея марым убачыць яшчэ аднаго прафесійнага экскурсавода. Пакуль што ў Баранавіцкім музеі адпаведная ліцэнзія ёсць у двух супрацоўнікаў. Зразумела, што арганізаваць выезд да раённых помнікаў культуры праблематычна і ўсе экскурсіі сканцэнтраваны ў самім горадзе.

На сцяне музея ёсць вялікая медная шыльда, якая тлумачыць, што за ўстанова тут знаходзіцца. На сёння гэта найбольш яўнае абазначэнне, што тут турыст атрымае інфармацыю. Аднак работнікі ўстановы бачаць перспектыву ў мабільнай праграме іzі.TRАVЕL. Яна дазваляе скласці для турыстаў маршрут ад вакзала да музея з невялічкай экскурсіяй па дарозе. Дарэчы, платформа дазваляе запісваць аўдыягіды.

— Пакуль што для самастойнага знаёмства з экспазіцыяй музей прапануе буклеты. Калі ствараць аўдыягід, то на некалькіх мовах. На беларускай — асноўнай мове, на якой мы праводзім экскурсіі, — на рускай і на польскай. Хацелася б яшчэ задзейнічаць англійскую мову і іўрыт, але для гэтага патрэбны спецыяліст, які б мог напісаць і агучыць тэкст. Іншая справа, што мадэрацыяй сайтаў і іншай работай у інтэрнэце я магу займацца у вольны ад асноўнага занятку час. Таму справа ідзе марудна, — разважае навуковы супрацоўнік Алена Бычко.

Яшчэ, як адзначаюць супрацоўнікі, для музейнай работы быў бы карысны выезд спецыялістаў за межы краіны: пазнаёміцца з вопытам суседзяў, наладзіць з імі супрацоўніцтва з разлікам на сумесныя праекты. Па Беларусі баранавіцкія краязнаўцы арганізуюць выезды-знаёмствы два разы на год.

— Я думаю, што рэгіянальным музеям не зашкодзіць стварыць свой уласны брэнд, — мяркуе Ала Самушчава, — у выпадку з Баранавічамі перспектыўна выглядае гісторыя з наведваннем горада Мікалаем ІІ, пакуль тут існавала Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Такім чынам кожны горад меў бы разыначку, вядомую сярод турыстаў. Людзі б прыязджалі паглядзець на галоўную славутасць, а па меры знаёмства ім бы прапаноўвалі
іншыя цікавінкі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тут спыняўся імператар. Псіхалогія зацікаўленасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.