Вы тут

Пад калядную ялінку


Кніга — адзін з найлепшых навагодніх падарункаў, якія можа рэкамендаваць газета «ЛіМ». Напярэдадні святаў прапануем пазнаёміцца з навінкамі айчыннага кнігавыдання, якія дапамогуць стварыць выдатны сямейны настрой зімовымі днямі.


Вечаровае чытанне казак — адна з самых пашыраных «кніжных» традыцый. Невялічкія «казкі на ноч» для самых маленькіх слухачоў сабраныя ў кнізе Таццяны Дамаронак «Вялікая і Малая мядзведзіцы» (выдавецтва «Беларусь»).

У большасці гэтых казак няма складанага сюжэта ці павучальных высноў. Затое шмат чароўных герояў, якія зазіраюць да дзетак з начнога неба. Добры Лунік і месячны Праменьчык дапамагаюць малятам заснуць, тры зорачкі трапляюць на зямлю і просяць Праменьчыка-лекара вылечыць сляпую дзяўчынку. Частыя госці ў кнізе Таццяны Дамаронак — сонца, аблокі і месяц. Персанажы іншых казак — жарабя, вожык, маленькая мядзведзіца — з цікаўнасцю паглядаюць у зорнае неба, цікавяцца яго таямніцамі альбо мараць пра падарожжы. Ёсць у кнізе і некалькі выключэнняў: напрыклад, казкі пра мора альбо фантастычная казка пра коніка-робата Чарнагрыўку, які можа завезці ў дзівосныя краіны.

Калі дзіця засынае, стомленае гульнямі ды прыгодамі, то наўрад ці здолее прасачыць за складанымі авантурамі герояў альбо запомніць выхаваўчую выснову. Таму ўтульныя, мілыя гісторыі, прапанаваныя Таццянай Дамаронак, будуць прыемным пераходам да салодкіх дзіцячых сноў. Да таго ж фармат «кніга на ноч» дазволіць пільным бацькам выпраўляць падчас чытання граматычныя памылкі, якія нярэдка сустракаюцца ў творах.

Кніга Валерыя Мусіенкі «Адчуваць цішыню» — зборнік казак для больш асэнсаванага чытання, разлічаны на дзяцей 5 — 9 гадоў. Дэбютант Валерый Мусіенка — 11-гадовы хлопчык, вучань гімназіі № 75 імя П. В. Масленікава. Яго творы натхнілі да працы вельмі паважаную каманду: на беларускую мову іх пераклалі Алесь Карлюкевіч і Генадзь Аўласенка, а Таццяна Цішкевіч пераўзнавіла казкі на англійскай мове. Такім чынам, першым разам кнігу можна чытаць пабеларуску, а другім разам — у навучальных мэтах, калі дзеці вывучаць англійскую мову і захочуць пашырыць слоўнікавы запас. Казкі Валерыя Мусіенкі аптымістычныя і нескладаныя, як правіла, дазваляюць зрабіць карысную выснову. Напрыклад, дзіўны японскі жук захацеў стаць матылём, але матылі не прынялі яго за свайго, а жукі здзівіліся гэткай праяве. «Не трэба спрабаваць выдаваць сябе за кагосьці іншага!» — вырашыў жук.

Абедзве кнігі маюць утульныя прыгожыя ілюстрацыі, якія нагадваюць акварэльныя малюнкі. Кнігу Таццяны Дамаронак ілюстравала Эльга Папова, кнігу Валерыя Мусіенкі — Кірыл Задворны.

У нашай двухмоўнай краіне невялічкія дасціпныя вершыкі не толькі пацешаць дзяцей, але і дапамогуць засвоіць беларускія словы той ці іншай тэматычнай групы. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прапануе два «тэматычныя» вершаваныя зборнікі — «Яршы плялі кашы» Уладзіміра Марука і «Смачную кнігу» Аксаны Спрынчан.

Кніга Уладзімра Марука знаёміць з экзатычным жывёльным светам. Выданне вылучаецца арыгінальным мастацкім афармленнем: над ілюстрацыямі працавалі мастак Настасся Сакалоўскія і навучэнцы студыі «АртДэпо», усмешлівыя партрэты якіх упрыгожваюць кнігу. У вершах-жартах Уладзіміра Марука рыфмы задаюць міні-сюжэт: паўлін з ахвотай есць мандарын, удод мае ўласны самалёт, вавёркі запісваюцца ў акторкі... Амонімы робяцца нагодай для каламбураў: Да паўдня / Мядзведзігрызлі / У зацішку / Рэпу грызлі . Каляровыя старонкі і яркія ілюстрацыі робяць кнігу смелай, пазітыўнай. Такім самым яркім і пазітыўным будзе для маленькіх чытачоў знаёмства з новымі беларускімі словамі.

Аксана Спрынчан у «Смачнай кнізе» распавядае пра беларускія стравы, агародніну і садавіну. У кнізе ёсць класічныя зграбныя вершы («Калючы кошык», «Свой хлеб»), дасціпныя жарты («Жабка-ласуха»), гісторыі на сучасны лад («Памаранчыкавае багацце»), ёсць вершы-каламбуры, натхнёныя сугуччам слоў («Баклажан і кажан»). Паэтка падказвае маленькім чытачам, што з кожным словам можна пагуляцца, калі ж прыслухацца да яго, то можна пачуць нешта неспадзяванае: Морква не кажа «мур», / Морква не кажа «ква»; Рысь не нагадвае мяккі рыс; Рапуха — не з рапсу, не з пуху... Такія вершы дапамагаюць хутка запомніць беларускія словы. Аднак нельга не заўважыць, што Аксана Спрынчан надта часта пачынае апісваць жывёлу альбо прадмет ад адваротнага, і аднастайнасць сінтаксічных структур падаецца рызыкоўнай (прыведзеныя вышэй цытаты — першыя радкі асобных вершаў). Да таго ж у ірацыянальным, непрадказальным свеце дзяцінства, створаным паэтэсай, трэба быць падрыхтаваным да неверагодных рэчаў, якія супярэчаць «даросламу» досведу.

Каб зрабіць чытанне інтэрактыўным і развіваць інтэлект дзіцяці, у кнізе змешчаны смачныя загадкі — пра катлету, яечню, торт ды іншыя стравы. Вершыкі і загадкі Аксаны Спрычан будуць выдатнай размінкай перад полуднем ці вячэрай і цудоўна аздобяць дзіцячае свята. Вольга Максімовіч праілюстравала выданне апетытна і вынаходліва.

Кніга Яўгена Хвалея «Яблык з радзімкай» (Выдавецкі дом «Звязда») змяшчае яшчэ больш твораў розных жанраў: вершы, скорагаворкі, загадкі, вершаваная казка. Гэта, зноў жа, пазітыўная кніжка, дзе шмат жартаў і бадзёрых вершаў. Казка «Залатая рыба з Нёмана» — дзівосная гісторыя пра тое, як рыбы выбраліся з ракі і вырашылі агледзець наваколле. Месца дзеяння — родная для аўтара Стаўбцоўшчына, славутыя Коласавыя мясціны. Рыбы наведваюць сядзібу ў Альбуці, слухаюць расповеды знакамітых герояў «Новай зямлі» — Міхала і Антося... Назва аднаго з філіялаў Коласавага музея дакладна застанецца ў памяці маленькіх чытачоў, і, спадзяёмся, многія калі-небудзь завітаюць у Прынямонне, каб пашырыць веды па гісторыі і літаратуры.

Дарэчы будзе тут згадаць і новыя кнігі «Мастацкай літаратуры» з серыі «Жывая класіка дзецям» — невялікія зборнікі вершаў «Сонцавы косы» Якуба Коласа і «Дзівы і чары» Янкі Купалы. Дзевяць вершаў Якуба Коласа («За навуку», «Чыгунка», «Дзед-госць» і інш.) аздоблены ілюстрацыямі Надзеі Барай. У параўнанні з іншымі выданнямі кніга выглядае найбольш традыцыйна: бусел, гарлачыкі, кошыкі з яблыкамі, родныя заснежаныя краявіды, прыбраная святочная ялінка... Але ілюстрацыі намаляваныя з такім замілаваннем, што дакладна абудзяць у сэрцах чытачоў любасць да Радзімы і цікавасць да класікі.

На якіх чытачоў разлічаны ўсе пяць вершаваных зборнікаў? У кожнай кнізе знойдуцца дасціпныя вершы для маленькіх дзетак. Разам з тым казка «Залатая рыбка з Нёмана» патрабуе ад чытачоў абазнанасці ў беларускай культуры альбо папярэдняга тлумачэння ад настаўнікаў ці бацькоў. Многія вершы Аксаны Спрынчан і Уладзіміра Марука, наадварот, апелююць да сучаснага кантэксту: кіназоркі, рэп, цір, рок-н-рол, азбука Морзэ... Не ўсе дашкольнікі ведаюць гэтыя словы, а значыць, нешта застанецца незразумелым. Такім чынам, бацькі і настаўнікі знойдуць у кнігах Аксаны Спрынчан, Уладзіміра Марука і Яўгена Хвалея трапныя вершы на любы ўзрост — ад дзіцячага садка да шостага-сёмага класа. Калі ж падараваць «Яршоў...» ці «Смачную кнігу» маленькаму чытачу, то месца на кніжнай паліцы яны будуць займаць зусім не марна, і пагартаць іх можна неаднойчы, вытрымліваючы пэўную часавую дыстанцыю.

Сапраўдным навагоднім падарункам для беларускіх дзетак стала кніга папулярнага шведскага пісьменніка Свэна Нурдквіста «Калядная каша» ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч. Свэн Нурдквіст прыйшоў у беларускую прастору дзіцячай літаратуры з гісторыямі пра дзівакаватага старога Пэтсана і яго пацешнага няўрымслівага ката Фіндуса. Гэтым разам дзеткі пазнаёмяцца з вясёлай сям’ёй сапраўдных гномаў. Калі ў Беларусі на зімовыя святы завітвае Дзед Мароз альбо святы Мікалай, то да шведскіх дзяцей прыходзіць калядны гном, якога абавязкова трэба пачаставаць адмысловай каляднай кашай.

У звыклай плыні стандартных навагодніх герояў, што з году ў год паўтараюцца ў дзіцячых ранішніках, тэатральных пастаноўках і сюжэтах казачных гісторый, «Калядная каша» сапраўды істотна вылучаецца, таму будзе ўспрынята дзецьмі з асаблівай цікавасцю. Тонкі гумар, дасціпнасць аўтарскіх характарыстык, назіральнасць, амаль дэтэктыўная інтрыга — і, вядома ж, святочная атмасфера прадчування цуду…

Перакладныя дзіцячыя кнігі найбольш прывабліваюць тым, што замест выхаваўчага пафасу і адназначна сфармуляваных педагагічных пасылаў прапаноўваюць дзіцяці папросту захапляльнае чытанне. Цікавасць да кнігі пры такім падыходзе становіцца натуральнай, яе не трэба навязваць. Свэн Нурдквіст давярае сваёй аўдыторыі: пакідае жарты ў падтэксце і шматзначнасць рэплік персанажаў. І ўсё гэта ў аздабленні выдатных пазнавальных аўтарскіх ілюстрацый, дзе па-майстэрску выяўленая індывідуальнасць кожнага чальца сям’і гномаў… Ілюстрацыі не дублююць сюжэт, як гэта звычайна бывае ў дзіцячых кнігах. Яны — нібы працяг тэксту, у кожным малюнку свой міні-сюжэт, што робіць гісторыю яшчэ больш насычанай: можна не проста прачытаць старонку, але і ўбачыць магчымыя адгалінаванні сюжэта, не агучаныя ў тэксце. І гэта дае дзецям чароўнае адчуванне таго, што ў паўсядзённым жыцці так многа месца для творчасці!

Юлія ШПАКОВА, Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.