Вы тут

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных


Не так даўно навукоўцы выявілі, што стрэс ад страты або змены месца працы ўваходзіць у топ-3 самых моцных негатыўных перажыванняў сучасных людзей. І сапраўды, канкурэнцыя з кожным годам павялічваецца — усё ж нас ужо больш за сем мільярдаў! Прычым цяпер прыходзіцца «змагацца» не толькі за кіруючыя пасады, але і за месцы па рабочых спецыяльнасцях. Каб угнацца за светам, які так хутка мяняецца, часам даводзіцца садзіцца за парту і пасля 50...


Дзя­жур­ны ат­рак­цы­ё­наў і гуль­ня­во­га аб­ста­ля­ван­ня — спецыяльнасць, за­сво­іць якую бес­пра­цоў­ным па­ча­лі пра­па­ноў­ваць толь­кі ле­тась.

Жыццё з чыстага ліста з новай спецыяльнасцю

Але не будзем забягаць наперад. Шчыра кажучы, сітуацыя са стратай работы непрыемная, але не крытычная — створаны ўсе ўмовы, каб надоўга не затрымлівацца ў не надта камфортным статусе беспрацоўнага. Прыдатныя прапановы можна шукаць самастойна, праз агульнагарадскую базу, абавязковыя да наведвання і кірмашы вакансій, якія праводзяцца з зайздроснай рэгулярнасцю. І галоўнае — трэба быць гнуткім: адны прафесіі знікаюць — прывітанне ў мінулае камінарам, машыністкам і адміністратарам камп'ютарных клубаў, а іншыя, наадварот, толькі зараджаюцца, самы час успомніць спецыялістаў па крыптавалюце, ці пачынаюць патрабаваць больш вузкіх ведаў. Для таго каб задаволіць запыты горада ў пэўных кадрах, даць магчымасць знайсці сабе новую спецыяльнасць прадстаўнікам незапатрабаваных прафесій або тым, хто па розных абставінах не можа больш спраўляцца са сваімі мінулымі абавязкамі, і існуюць курсы прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі беспрацоўных.

Адна са спецыяльнасцяў, засвоіць якую беспрацоўным пачалі прапаноўваць толькі летась — дзяжурны атракцыёнаў і гульнявога абсталявання. Няхай вам будзе 7 ці 70 гадоў, калі чуеш такую фармулёўку, здаецца, што работа звязаная з нечым вельмі цікавым і дзіўным. Гэта ж — паркі забаў! Так гэта ці не мы паспрабавалі высветліць, пабываўшы на занятках у першай групы, сабранай з беспрацоўных.

Аказалася, што навучанне праводзіць дзяржаўны цэнтр «Жылкам», які ўваходзіць у структуру міністэрства ЖКГ. Гэты кірунак тут выкладаюць ужо даўно — раней заказчыкам выступаў «Зелянбуд», а вось каб атрымаць магчымасць супрацоўнічаць са службай занятасці насельніцтва трэба было паўдзельнічаць у тэндары. Як расказала дырэктар цэнтра Кацярына ГАРБАЧОВА, конкурс для кожнага кірунку праводзіцца асобна. Цяпер «Жылкам» падаў заяўку на 10 спецыяльнасцяў, сярод якіх, напрыклад, дарожны рабочы, маляр, электрагазазваршчык, тэстыравальнік. У сярэднім падрыхтоўка займае ад двух да пяці месяцаў, прычым у гэты перыяд, акрамя лекцыйнага курсу, уваходзіць таксама практыка і выніковы іспыт. Звычайна даходзяць да «фіналу» амаль усе, выключэнне складаюць адзінкі: хтосьці знаходзіць работу, а хтосьці не можа перамагчы сваю ляноту. А без сабранасці не абысціся: заняткі праходзяць кожны дзень і доўжацца па восем гадзін — сапраўдны працоўны дзень.

«Для мяне гэта вялікі гонар»

Служба занятасці насельніцтва сфарміравала групу з беспрацоўных для навучання на дзяжурнага атракцыёнаў і гульнявога абсталявання ў канцы снежня. Праграма разлічана на чатыры месяцы: новыя спецыялісты будуць цалкам гатовыя да работы якраз да адкрыцця сезона ў парках. А пакуль жа яны заняты тэорыяй. Адкрыўшы дзверы кабінета, на секунду застываеш у здзіўленні. Само паняцце вучобы ніяк не вяжацца з вобразамі дарослых, суровых на выгляд мужчын, якія нешта старанна запісваюць у сшыткі. Гэта пры тым, што ў кожнага з іх ужо ёсць тэхнічная адукацыя: без неабходнай асновы асвоіць досыць вялікі аб'ём ведаў зусім не проста.

Трапляем на прадмет «Ахова працы». Выкладчык захоплена распавядае, малюючы схемы на дошцы. З аўдыторыі перыядычна раздаюцца просьбы яшчэ раз паўтарыць апошняе сцвярджэнне — усе вядуць падрабязны канспект — або ціхія выказванні накшталт «Сапраўды, ўсё так і ёсць — з практыкі ведаем». Як расказаў нам выкладчык цэнтра Васіль ЮШКО, сярод беспрацоўных сустракаецца розны кантынгент, але дзякуючы досведу, ён навучыўся лёгка імі кіраваць.
А таксама без цяжкасцяў вызначаць, хто як сябе праявіць у далейшым. Гэтая група, па словах Васіля Сцяпанавіча, вельмі добрая — шчырае жаданне вучыцца ёсць у большасці. Пакуль мы размаўляем з выкладчыкам за дзвярыма кабінета, у групе пачынаюцца шумныя абмеркаванні. Як быццам зноў у школе!

А вось адважыцца пагаварыць у адкрытую з намі доўга ніхто не можа. У выніку адпраўляюць самага маладога прадстаўніка, якому, на хвілінку, усяго 40 гадоў. Сяргей Каваленка працаваў па гэтай спецыяльнасці і раней, але з нядаўняга часу дзяжурным па атракцыёнах трэба пасведчанне, якое пацвярджае іх кваліфікацыю — вось і пайшоў на вучобу. Па словах Сяргея, за сваё жыццё ён змяніў мноства работ, але гэтая яму падабаецца больш за ўсё. Нягледзячы на тое, што занятак сезонны, ёсць магчымасць у халодную пару года застацца ў парку на падсобныя работы.

— Спадзяюся, экзамен здамо. На самай справе, я даведаўся тут столькі новага. Нешта аднаўляю нават са школьнай праграмы — тады прапускаў, «хварэў». Хачу сказаць, што для мяне вялікае задавальненне наведваць такія курсы, тым больш, бясплатна. Вядома, ёсць шмат таго, што мне наўрад ці спатрэбіцца, напрыклад, сістэма рухавіка — але цікава ж! — разважае Сяргей, які прыкметна хвалюецца, адказваючы на пытанні. Відаць, што як і ў большасці прысутных, лёс на яго долю выпаў зусім няпросты. Ці гэта абставіны, ці ўласная бязладнасць, хто цяпер разбярэ...

А вось Генадзь Марчанка прыйшоў на курсы, таму што яму, маючы спецыяльнасць электрыка, надакучыла быць дворнікам. Улетку перабіваўся выпадковымі заробкамі, але восенню прыціснула галеча — пачаў шукаць выйсце. Прычым, у адносінах да працы Генадзь аказаўся вельмі пераборлівы: не толькі ён не задавальняў наймальніка на гутарках, але нярэдка здаралася і наадварот. А вось праца на атракцыёнах здалася яму цікавай, таму цяпер мужчына разлічвае на тое, што зрабіў добрае ўражанне на прадстаўніка «Зелянбуда», які ўжо правёў з усімі індывідуальную гутарку. Пры выкананні ўсіх патрабаванняў працаўладкаванне гарантаванае. Што ж, застаецца толькі пажадаць навучэнцам поспеху на іспытах і сіл, не ўпусціць выдатны шанц.


Начальнік аддзела навучання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга ТАРАСЮК:

— Права на навучанне за кошт бюджэтных сродкаў па накіраванні камітэта маюць грамадзяне, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, а таксама тыя, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (акрамя грамадзян, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў). Так, у 2017 годзе праводзілася навучанне па 28 прафесіях, спецыяльнасцях, навучальных курсах у дзевяці ўстановах адукацыі 1271 грамадзянін, а з іх 1266 — беспрацоўныя.

Навучанне грамадзян па накіраванні камітэта ў 2018 годзе плануецца па 33 прафесіях, спецыяльнасцях, навучальных курсах. Сёлета ў пералік дададзеныя прафесіі: дарожны рабочы; машыніст электрацягніка, слесар па рамонце рухомага саставу, прадзільшчык, рабочы зялёнага будаўніцтва, слесар-рамонтнік.

Беспрацоўны з яго згоды можа быць накіраваны на навучанне ў адпаведнасці з заяўкай канкрэтнага наймальніка (пры яе наяўнасці), які гарантуе яго працаўладкаванне пасля завяршэння поўнага курса навучання. Так, у 2017 годзе на навучанне з гарантыяй далейшага працаўладкавання былі накіраваны грамадзяне па прафесіі «вадзіцель тралейбуса», «вадзіцель трамвая» «кантралёр-касір, прадавец» «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм», «кухар», «цырульнік».

Зараз служба занятасці камплектуе групу з ліку беспрацоўных па падрыхтоўцы інтэграванай прафесіі «Машыніст электрацягніка, слесар па рамонце рухомага саставу» — выпускнікі атрымаюць адразу дзве прафесіі і змогуць зарабляць больш за 1200 рублёў у месяц. Пасля курсаў усе слухачы будуць працаўладкаваны ў дзяржаўнае прадпрыемства «Мінскі метрапалітэн». Патрабаванні да кандыдатаў: рэгістрацыя ў якасці беспрацоўнага ў службе занятасці, наяўнасць тэхнічнай адукацыі.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Кіраўнік весялосці або дзяжурны па атракцыёнах

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.

Грамадства

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

Вясковая матушка — пра гаджэты, адзнакі, якія закранаюць самалюбства бацькоў, і сакрэт трывалых адносін.