Вы тут

На зімовай Алімпіядзе выступяць спартсмены з Кеніі, Нігерыі, Тонга


На зімовай Алімпіядзе выступяць спартсмены з Кеніі, Нігерыі, Тонга, а таксама Малайзія, Сінгапур, Эквадор, Эрытрэя і Косава, якія ніколі не ўдзельнічалі ў папярэдніх зімовых гульнях, уваходзяць у лік 92 краін — удзельніц Алімпіяды-2018.


Напэўна, аматары спорту, якія пільна сочаць за алімпійскім рухам, памятаюць, як на адкрыцці Гульняў-2016 у Рыа-дэ-Жанейра на алімпійскім стадыёне «Маракана» з'явіўся хлопец з голым торсам, абмазаны какосавым маслам. Гэта Піта Таўфатофуа, тэквандыст з Тонга (палінезійскае каралеўства, якое складаецца з 170 астравоў у Ціхім акіяне).

Кажуць, тады ён не ведаў, што такое снег, а зараз мы даведваемся, што Піта прадставіць сваю краіну на зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане. На гэты раз хлопец выбраў лыжныя гонкі. «Я хацеў знайсці самы цяжкі від. Бо гэта шыкоўны выклік, шанц натхніць усю краіну: аказваецца, за год можна падрыхтаваць сябе да таго, што спачатку здаецца неверагодным. Я глядзеў розныя спаборніцтвы, але менавіта лыжнікі пасля кожнай гонкі літаральна паміраюць. Яны бягуць з дзіўным запалам, але як толькі фінішуюць — адразу падаюць на снег і спрабуюць прыйсці ў сябе. Мяне гэта ўразіла», — расказвае Піта.

Першыя трэніроўкі спартсмену з Тонга арганізавала медыя-каманда Міжнароднага алімпійскага камітэта. 1 студзеня 2017-га на канале Оlуmріс Сhаnnеl выйшаў жыццесцвярджальны ролік пра 33-гадовага мужчыну, які ўпершыню становіцца на лыжы. «Ногі разыходзіліся ў розныя бакі, мяне трэсла. Гэта было выдатна для ТБ, але на самай справе я сядзеў і думаў: «Ува што я наогул увязаўся?» — успамінаў Піта крыху пазней.

Пасля 4-тыднёвага збору ў Германіі ён прабег спрынт на чэмпіянаце свету ў Лахці. Вынік — 153-е месца са 156 удзельнікаў.

У Пхёнчхане на зімовых Алімпійскіх гульнях дэбютуе Нігерыя — жаночая зборная па бабслеі. Сеун Адзігун, Нгозі Анвумерэ і Акуома Амеога сталі першымі спартсменкамі з Афрыкі (і сярод жанчын, і сярод мужчын), якім удалося адабрацца на Алімпійскія гульні ў бабслеі. Яны паспяхова выступілі ў пяці кваліфікацыйных заездах у спаборніцтвах экіпажаў-двоек — у Юце, Уістлеры і Калгары. Пілот экіпажа Адзігун — былая чэмпіёнка Афрыкі ў бегу на 100 м з бар'ерамі, удзельніца Алімпіяды-2012. «Гэта велізарны крок наперад для спорту ў Нігерыі. Я ганаруся тым, што змагла адыграць ролю ў прасоўванні зімовых відаў спорту ў маёй краіне. Цяпер наша мэта — так выдатна прадставіць Афрыку на зімовай Алімпіядзе, як да нас яшчэ ніхто гэтага не рабіў», — расказала Сеун Адзігун.

Сродкі на падрыхтоўку спартсменкі знайшлі пры дапамозе краўдфандынга, сабраўшы больш за $75 тысяч. Яны размясцілі відэаролік, на якім станцавалі і праспявалі.

Малайзійскія спартсмены Джэфры Уэб і Джуліян Йі прымуць удзел у гарналыжных спаборніцтвах і мужчынскім фігурным катанні адпаведна. Сінгапур будзе спаборнічаць у шорт-трэку. Эквадор адправіў аднаго спартсмена на бегавыя лыжы. Эрытрэя і Косава будуць прадстаўлены ў горных лыжах.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Белыя» Гульні не абыдуцца без экзотыкі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.