Вы тут

Дзесяць капеек


Я ішла пехам дадому са школы. Кожны дзень я раблю так. Да школы — тры прыпынкі. Вядома, можна пад'ехаць тралейбусам ці аўтобусам. Але там шмат людзей, цесна. А на вуліцы — прастора. Можна не спяшаючыся ісці і выдумваць розныя гісторыі. Так, так, я — фантазёрка.


 

Ілюст­ра­цыя Ка­ця­ры­ны Ба­бок.

Завуць мяне Настасся Весялова. Вучуся я ў 5 «А» класе. Урокі ў школе завяршаюцца ў дзве гадзіны дня. Бацькі — на працы. Акрамя папугая Жорыка, мяне ніхто не чакае. І якая розніца, прыйду я дадому на пяць хвілін раней ці пазней.

Раптам зірнула сабе пад ногі і... мой позірк спыніўся на нечым дробным і круглым. Калі прысела, убачыла на тратуары манетку — дзесяць капеек. Не густа. Але чамусьці пакідаць яе тут не хацелася. Я падняла манетку і паклала сабе ў кішэнь.

Яна была ў мяне адна. Бо іншыя грошы я пакінула сёння ў буфеце.

«Цікава, што можна набыць за дзесяць капеек?» — падумала я.

У галаву нічога не прыходзіла. На кішэнныя расходы бацькі дадуць толькі заўтра. Магчыма, менавіта заўтра знойдзеная манетка і спатрэбілася б. Але да заўтра яшчэ далёка, а набыць штосьці смачнае хацелася цяпер. Тым больш, кіёскаў па дарозе да дома хапала.

Нечакана да мяне звярнуўся мужчына ў пакамечаным адзенні. Я нават здзівілася. Звычайна такія людзі звяртаюцца да старэйшых, выбачаюцца і кажуць, што ім не хапае на грамульку-другую.

— Прашу прабачэння, але не будзе ў вас рубля?

Відаць чалавек нават і не зірнуў на мяне: яму было ўсё адно, што перад ім стаіць школьніца.

— Не, у мяне толькі дзесяць капеек, — адказала я.

— Якая мне з іх карысць, — незадаволена буркнуў чалавек і патупаў далей.

«Сапраўды, якая карысць?» — падумала і я.

Я прыпынілася каля аднаго з кіёскаў. Стала разглядваць тавар і цэны. За дзесяць капеек і сапраўды нічога не набудзеш. Магчыма, столькі каштуюць запалкі. Але іх тут не было. І дома запалкамі ніхто не карыстаецца. А мама вельмі злуецца, калі дадому прыносяць непатрэбныя рэчы. Яна кажа, што яны псуюць інтэр'ер. І амаль кожная непатрэбная рэч тут жа апынаецца на балконе.

Звычайна, такія рэчы прыносіць бацька. Гэта ў асноўным рыбалоўныя прылады. Мяне цікавіць пытанне: «Чаму рыба, злоўленая гэтымі прыладамі, на кухні зусім не лішняя, а вось прылады — непатрэбныя ў кватэры рэчы?»

— Вырасцеш — зразумееш, — адказвае заўсёды мне мама.

Гэта адно з любімых яе выказванняў. Часам мне здаецца, яна пазбягае са мной сур'ёзных размоў. Адказаць так значна прасцей, чым бітую гадзіну тлумачыць свой пункт гледжання.

Да кіёска падышоў мужчына і папрасіў «Спартыўную панараму».

— Капейкі не знойдзецца? — запыталася жанчына-прадавец.

Мужчына перабраў у жмені манеткі. Патрэбнай не знайшлося. Прадавец незадаволена фыркнула:

— Быццам дробязь — і не грошы зусім. Нават рэшты няма чым даць. Пяць капеек буду вінна, — сказала яна пакупніку.

Той даў зразумець, што для яго пяць капеек не маюць значэння і адышоў ад кіёска.

Я ж зразумела, што дзесяць капеек — гэта дробязь, і што яна ў пэўныя моманты нават патрэбная. Але тут патрабавалася ўсяго адна капейка. І яе ў мяне не было, каб дапамагчы чалавеку.

Я падумала, хто з маіх аднакласнікаў падняў бы гэтыя дзесяць капеек? Ліза Тарасава? Наўрад ці. Яе бацька прадпрымальнік. Штораніцы прывозіць да школы на «Ланд Крузеры». У яе самы модны мабільны тэлефон і планшэт. У буфеце набывае што заўгодна. Калі б на дарозе ляжаў і рубель, Ліза б яго не падняла. Хоць, зразумела, гэта толькі мая думка.

Хутчэй за ўсё гэтыя грошы падняў бы Вова Сямёнаў. Ён са шматдзетнай сям'і, якая знаходзіцца пад кантролем міліцыі. Але ці дапамаглі б яму дзесяць капеек? Яму не дапамог бы, мабыць, і рубель.

Цікава, што было б, калі б я кожны дзень знаходзіла па дзесяць капеек? Прыходзіла б дадому і клала іх у скарбонку. Яна ў нас ёсць. Але дагэтуль пустая. Таму што кожны трымае свае грошы пры сабе, нават самыя маленькія. Але знойдзеныя я б дакладна клала туды. Скарбонка ў выглядзе вялікага тоўстага ката. Думаю, туды змясцілася б шмат манет. Магчыма, тысяча, а то і дзве. Нават і па дзесяць капеек. Як кажуць дарослыя: «Па кропельцы — рэчка, па травінцы — копка, а па копцы — стог».

Колькі трэба знайсці манетак, каб улетку адпачыць на Мальдывах? Вось цікава. Увесь клас у летні лагер, а я адна — на Мальдывы. Ну, хіба што яшчэ Ліза Тарасава.

Да прыпынку падышла жанчына з хлопчыкам. Убачыўшы галубоў, малы засмяяўся, пабег да іх.

— Вось і наш аўтобус. Толік хадзем, — паклікала сына жанчына.

Яна пачала хутка лічыць грошы, каб разлічыцца з кіроўцам. Але штосьці пайшло не так. Жанчына патрэсла кашалёк, але з яго нічога больш не выпадала.

— Дзесяць капеек, дзесяць капеек, — пачала нервова гаварыць яна. — Няўжо няма. Няўжо прыйдзецца пехам пяць прыпынкаў.
А нам у дзіцячую паліклініку паспець трэба.

Я зразумела: жанчыне не хапае на білет дзесяць капеек. Без іх яна спозніцца з Толікам на прыём да доктара. Людзі на прыпынку стаялі і маўчалі. Я падышла да жанчыны і працягнула ёй знойдзеныя дзесяць капеек.

— Вазьміце калі ласка, — сказала я.

Жанчына зірнула на манетку, потым на мяне, потым на манетку, хутка яе ўзяла з маёй далоні.

— Дзякуй вялікі, дзяўчынка, — падзякавала яна і ўмомант павесялела.

Жанчына хутка ўзяла хлопчыка за руку і павяла ў аўтобус.

Аўтобус ад'ехаў. Я стаяла і глядзела яму ўслед. Вось і спатрэбіліся мае знойдзеныя дзесяць капеек. Маці і хлопчык не спозняцца на вельмі важны прыём. Доктар скажа, што Толік здаровы, і яны абодва радасныя вернуцца дадому назад.

Пэўна, так было патрэбна, каб нехта згубіў гэтыя дзесяць капеек, а я знайшла. Каб аддаць іх потым чалавеку, якому яны найбольш былі патрэбныя.

Кажуць, у жыцці нічога не бывае выпадкова.

А Мальдывы? Яны пачакаюць. Бо да летніх вакацый яшчэ не адзін дзень.

Андрэй СІДАРЭЙКА

Каментары

Ёмка i цiкава – апавяданне пра страчаную ў паўсядзённым жыццi дабрыню, кошт якой у сучасны час – дзесяць капеек. Вялiкiя рэкi напаўняюцца по кропельцы, як магла б напоўнiцца скарбонка дзяўчынкi Насцечкi. Вымушае задумацца: а можа i мы здолеем напоўнiць сваё жыццё добрымi ўчынкамi, бо дзесяць капеек – гэта вельмi мала… Аўтару павага i найлепшыя пажаданнi.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.