Вы тут

Падарожжа з дзіцячай кніжкай


«Культурны маршрут “Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям”» стартуе з Любаншчыны.

Рэспубліканская акцыя, арганізаваная разам з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, распачнецца падчас XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка. У планах ініцыятывы — ахапіць не толькі ўсе вобласці нашай краіны, але і раённыя цэнтры. Першая кропка на «культурным маршруце» — Любанскі раён Мінскай вобласці. Старшыня аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Каткавец паведаміў, што падрыхтоўка да ўдзелу ў акцыі пачынаецца гэтымі днямі: раён рыхтуе некалькі творчых сюрпрызаў.


Кацярына Хадасевіч-Лісавая падчас сустрэчы з маленькімі чытачамі.

— Прадстаўнікі выдавецтваў сабраліся, каб аб’яднаць намаганні ў павышэнні культурнага ўзроўню падрастаючага пакалення, — зазначыла кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Людміла Быкава падчас прэзентацыі «культурнага маршрута». — Мэта акцыі — прышчэпка цікавасці да чытання нашым дзецям, знаёмства з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Дзеля гэтага запланаваны шэраг розных мерапрыемстваў: сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі, віктарыны.

Абмеркаваць перспектывы развіцця новага праекта прыйшлі галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі і прадстаўнікі дзяржаўных выдавецтваў «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Народная асвета», «Пачатковая школа», «Адукацыя i выхаванне», Выдавецкі дом «Звязда». Яны агучылі спіс прапанаваных для ўдзелу ў акцыі кніг. Сярод аўтараў, чые творы хутка выправяцца ў падарожжа па Беларусі, — Мікола Чарняўскі, Алесь Карлюкевіч, Генадзь Аўласенка, Алена Масла, Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі, Алесь Бадак ды іншыя. Для школьнікаў малодшага і старэйшага школьнага ўзросту складуць адмысловыя заплечнікі з дванаццаццю кнігамі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Акрамя рэальных заплечнікаў, выдавецтвы падрыхтуюць і віртуальныя: вядома, што сучасным дзецям зручна шукаць творы ў інтэрнэт-прасторы. Арганізатары ініцыятывы звярнулі ўвагу на тое, што цана ў прапанаваных выданняў даволі дэмакратычная. Гэта вельмі важна для акцыі: камплект з адабраных кніг здолее набыць звычайная беларуская сям’я.

— Акцыя своечасовая і патрэбная, — сцвярджае дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. — Зайдзіце ў любую кнігарню краіны, і ўбачыце шмат дзіцячых кніжак на беларускай і рускай мовах ад беларускіх, рускіх і замежных аўтараў. З аднаго боку, выдатна, калі для дзіцячага чытання столькі твораў. З іншага боку, выдаўцы і пісьменнікі добра ўсведамляюць: чым больш кніжак у крамах ды бібліятэках, тым большая канкурэнцыя. У гэтых умовах важна, каб чыталіся і перачытваліся лепшыя творы, бо кожны з нас ведае па ўласным дзяцінстве: тое, што прачытаў і ўпадабаў у гэтым узросце, застанецца ў памяці на ўсё жыццё. Арганізатары акцыі маюць на мэце не толькі заахвочваць дзяцей да чытання беларускіх аўтараў, але і выхоўваць актыўнага чытача, які будзе выказваць свае думкі пра кнігу.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Укладваць у офісы зноў выгадна

Укладваць у офісы зноў выгадна

Бізнес развіваецца больш дынамічна, бо з моманту апошняга скачка курса валют прайшло ўжо больш за два гады.

Спорт

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Прыводзім тэкст той размовы сёння, калі Ганнай Гуськовай па праве ганарыцца ўся Беларусь.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!