Вы тут

Мабільныя фільмы як наступны крок кінаіндустрыі


Што зараз знаходзіцца побач з вамі? Не трэба быць экстрасэнсам, каб угадаць, што гэта можа быць, напрыклад, мабільны тэлефон. Калі раней гэты «прадмет раскошы» быў недасяжны, то сёння — простая рэч, неабходнасць і сродак не толькі камунікацыі, але і стварэння мастацкіх твораў, напрыклад, кіно. І калі раней гэта гучала па-дзівацку, цяпер кіназнаўцы ў адзін голас кажуць, што мабільнае кіно не проста існуе, але стварае так званы кінематограф 2.0: кожны сёння можа паспрабаваць сябе ў ролі рэжысёра, і нават прафесійныя кінематаграфісты зацікавіліся карыснай функцыяй здымкі на смартфон. На мінулым тыдні ў Беларусі таксама адсвяткавалі трыумф мабільнага кіно — падвялі вынікі фестывалю Smartfi lm, на які сёлета даслалі больш за 300 стужак! Варта разабрацца, чаму кіно, знятае на смартфон, сёння патрэбнае рэжысёрам і гледачам.


Узнагарода за спантаннасць

Гэтая гісторыя пачалася ў 2005 годзе: Марчэла Менкарыні і Барбара Сегеці вырашылі скарыстацца тэлефонам Nokia N90 ды зняць падарожжа па італьянскіх гарадах, якое першапачынальнікі мабільнага кіно хацелі зрабіць сучаснай версіяй фільма Пазаліні «Новыя размовы пра каханне», створанага ў 1965 годзе. У рэжысёраў не было нічога, акрамя кітайскага ліхтарыка, тэлефона ды нястрымнага жадання, але нават гэта паспрыяла з’яўленню фільма — атрымаўся дакументальны партрэт Італіі хронаметражом у 90 хвілін, з якім стваральнікі паездзілі па свеце і нават прадставілі на кінафестывалях.

У гэты ж час стартавалі і першыя фестывалі мабільнага кіно. Адзін з найстарэйшых — у Сан-Дыега ў Каліфорніі — дагэтуль самы буйны і папулярны, хоць першы раз на яго даслалі ўсяго 50 заявак. Сёння гэтая лічба перабольшвае 500. І такая станоўчая дынаміка тычыцца ўсяго свету: у Еўропе, Амерыцы, Азіі фестывалі мабільнага кіно набываюць усё большую папулярнасць, і дагэтуль аматары фільмаў працягваюць ствараць новыя конкурсы. Але сёння мабільны кінематограф — гэта не асобнае «гета» для стужак, знятых на тэлефон, а ўнікальная каста, якая прызнаецца буйнымі кінафестывалямі. Напрыклад, фестываль у Таронта мае конкурс хвілінных стужак, які праводзіцца ў супрацоўніцтве з сацыяльнай сеткай Instagram, а фестывалі, якія яшчэ не вылучылі кіно, знятае на смартфон, у асабістую намінацыю, узнагароджваюць яго ў межах агульнага конкурсу.

Чамусьці многія лічаць, што мабільнае кіно — гэта несур’ёзна. Так, добра здымаць такія фільмы для старту — выдатная магчымасць для дэбютантаў. Але прафесійныя рэжысёры ўсё больш карыстаюцца ў здымцы мабільнымі тэлефонамі і тлумачаць гэта не толькі тэхнічнымі, але і творчымі прычынамі. Хоць, безумоўна, гэта магчымасць здымаць спантаннае кіно ў натуральных абставінах, калі прафесійнай тэхнікі побач няма, і, больш за тое, маленькі тэлефон дапамагае скараціць дыстанцыю з акцёрамі, якім лягчэй пайсці на кантакт на блізкай адлегласці. З такімі перакананнямі пачалі спрабаваць сябе ў мабільным кіно кліпмейкеры (музычнае відэа «Some Postman» 2008 года і сёння выклікае цікавасць, бо знятае вынаходліва, з выкарыстаннем некалькіх камер), акцёр Гары Олдман зняў на тэлефон Nokia N93 рэкламную кампанію гэтага ж тэлефона, эстафету пераняў Спайк Лі — стварыў стужку Humanity, якая складалася з мантажу кадраў, знятых на мабільны тэлефон звычайнымі карыстальнікамі. І калі нават гэта не гучыць пераканаўча, то перамога мабільнага кіно на «Оскары» ці «Берлінале» дакладна робіць яго ўнікальнай з’явай сучаснасці.

У 2011 годзе вядомы сваім «Олдбоем» Пак Чхан-Ук зняў на iPhone 4 30-хвілінную стужку «Начная рыбалка». У выніку рэжысёр атрымаў «Залатога мядзведзя» на Берлінскім кінафестывалі, бюджэт склаў $130 тысяч. Яшчэ праз год трыумф карэйскага рэжысёра вырашыў паўтарыць Малік Бенджэлуль: з дапамогай смартфона ад Apple ён зняў поўнаметражную дакументальную карціну «У пошуках Цукровага чалавека» — гісторыю паўднёваафрыканцаў, якія шукаюць легендарнага музыканта. Стужка атрымала ўзнагароду за лепшы неігравы фільм на «Оскары» і стала першай мабільнай стужкай-лаўрэатам узнагароды Амерыканскай кінаакадэміі. Іранскага рэжысёра Джафана Панахі мабільным кіно «прымусілі» заняцца ўлады: яму забаронена прафесійна займацца кіно, таму вынаходлівы аўтар здымае стужкі на тэлефон ды відэарэгістратар, а знятае дасылае на фестывалі. Дарэчы, за стужку «Таксі» ён атрымаў дзве ўзнагароды на «Берлінале», і нездарма, бо крытыкі называюць фільм «маленькім шэдэўрам»: Панахі апранае кепку і становіцца кіроўцам таксі — ездзіць па вуліцах Тэгерана, уключае відэарэгістратар і сустракае на шляху самых розных людзей.

Планета эксперымента

Але да гэтага часу самым вядомым фільмам, знятым на мабільны тэлефон, застаецца «Мандарын» Шона Бэйкера, хоць рэжысёр і ўявіць не мог, што будзе здымаць стужку на смартфон! Калі нарэшце вырашыў пачаць здымкі, высветлілася, што фінансаў не хапае, і гэта ў дадзеным выпадку было Бэйкеру на руку: на рынку з’явіліся новыя тэлефоны, аб’ектывы ды прыкладанні для здымак. Спачатку аўтары «Мандарына» хавалі той факт, што кіно знятае на тэлефон — не хацелі, каб гледачы ўяўлялі, што ім давядзецца ўбачыць. А ўбачанае наўпрост здзіўляе, і не толькі звычайную аўдыторыю, але і экспертаў — стужка стала сенсацыяй на амерыканскім фестывалі аўтарскага кіно Sundance, атрымала шэраг прызоў і прапанову на распаўсюджванне ў кінатэатрах ад аднаго з самых вядомых амерыканскіх дыстрыб’ютараў Magnolia Pictures. Менавіта пасля поспеху «Мандарына» да шэрага «мабільных» рэжысёраў вырашыў далучыцца Стывэн Содэрберг (аўтар «Трафіка» і стужак пра сяброў Оўшэна): свой новы хорар «Не ў сабе» ён зняў на iPhone і ўдакладніў, што за кіно, знятым на тэлефон, — будучыня. Дарэчы, прэм’ера стужкі адбудзецца на Берлінале.

З поспехам мабільнага кіно ўсё часцей з’яўляюцца спрэчкі наконт таго, а што ж можна лічыць такім кіно? Менавіта здымку на тэлефон ці на любую кампактную прыладу? Сусветныя кінааглядальнікі лічаць, што другі варыянт пасуе гэтаму тэрміну больш, у такім выпадку да ліку мабільных стужак можна дадаць і тыя, што знятыя, напрыклад, на экшнкамеру GoPro — накшталт расійскага «Хардкора» Ільі Найшулера, які выйшаў у пракат на некалькіх кантынентах.

Што тычыцца Беларусі, то тут паняцце мабільнага кіно набывае іншыя сэнсы (акрамя ўжо пералічаных). Як мінімум, гэта больш эканомная версія кінематографа, якая дазваляе паспрабаваць сябе ў індустрыі кожнаму, а прафесіяналам не трэба будзе шукаць мільённыя бюджэты. Кароткаметражка «137 гадзін», знятая беларусамі Аляксандрам Барынавым і Дзмітрыем Сахаруком, стала адной з лепшых на амерыканскім фестывалі SmartPhilm, а здымалася на працягу аднаго дня ў адным памяшканні: мінімум фінансаў, максімум намаганняў, і вось у руках рэжысёраў перамога ў катэгорыі «Эксперыментальнае кіно». А пачынала стужка на айчынным фестывалі Smartfi lm…

Былыя ўдзельнікі беларускага фестывалю кажуць, што гэта не толькі плацдарм для дэбютантаў, але і часам пераломны момант: хтосьці закахаецца ў кінаіндустрыю і будзе працаваць у гэтым кірунку далей, хтосьці знойдзе шлях да фестываляў, хтосьці пераканаецца ў тым, што кінематограф — не такая рамантычная сфера, як можа падацца з глядацкага фатэля. Smartfi lm стаў вельмі важным фестывалем для Мітрыя СямёнаваАлейнікава: яго стужку «Адной крыві» адабралі ў Каны, ён здымае кліпы Максу Каржу, шэрагі рэкламных ролікаў, а цяпер з’яўляецца сябрам журы фестывалю мабільнага кіно, і гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы Smartfi lm.

Беларускі «нефармат»?

Сёлета фестываль, які калісьці пачынаўся з эксперымента, адбыўся сёмы раз, на яго даслалі работы з 51 краіны, і, як бы крыўдна ні гучала, галоўныя ўзнагароды атрымалі замежныя стужкі. З аднаго боку, гэта выдатна, бо гледачы маюць магчымасць паглядзець на зрэз кінематаграфічнага мыслення людзей з розных кантынентаў, з другога — глядзець на сябе з іншага боку таксама патрэбна. У журы адзначаюць: праблема ў тым, што аўтары зразумелі сваю задачу на ўзроўні занадта простай схемы, а трэба было «выйсці за межы жанру», адточваць аўтарскі почырк ды экранную стылістыку, бо найважнейшае ў кіно тое, як кажа аўтар, а не які мэсэдж укладае ў кінатэкст. І пад гэтае апісанне падыходзяць стужкі-пераможцы. На трэцяе месца журы паставіла аўстрыйскае кіно «Своечасова» (пра грамадства, якое залежыць ад тэхнікі). Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў адзначае, што «гэта цудоўная работа, і выдатна, натуральна, што яна знятая на мабільны тэлефон: гэта пасуе і па ідэі, і па рэалізацыі — кіно пра смартфон знятае на смартфон. І сама ідэя таго, што тэлефон — не заўжды наш сябра і компас, які прывядзе ў патрэбнае месца, вартая ўвагі». «Срэбра» атрымала брытанскае кіно «Прымат» (пра адлегласць, якую пакідае паміж людзьмі лічбавая эпоха), знятае 19-летнім хлопцам у выглядзе моцнага сатырычнага хорару, а бюджэт спатрэбіўся, напэўна, толькі на маску малпы. Досыць невідавочным выбарам падалася і румынская стужка-пераможца «Доўгая гісторыя каротка» — кранальная карціна пра жыццё смаўжоў. Антон Сідарэнка лічыць, што фільм «ідэальна ілюструе галоўнае правіла: у кіно вельмі важны ракурс, маштаб аўтарскага бачання. Кожны раз мы праходзім міма смаўжоў і не заўважаем іх, а рэжысёр не проста заўважыў, але і стварыў неверагодную гісторыю».

Галоўнай інтрыгай фестывалю ўсё ж было Гран-пры, і выбар журы кінакрытыкі называюць сінефільскім: перамагло кіно з ЗША, знятае рэжысёрам з Бангладэш «Інтэр’еры і экстэр’еры». Ігар Сукманаў падкрэсліў, што гэта той мабільны фільм, з якога пачынае распускацца сапраўднае Кіно: «У чым асаблівасць кінематографа? Ён не скаваны путамі, гэта маленькі абсалют. З гэтага пункту гледжання за апошнія некалькі гадоў гэта адзіная работа, якая адпавядае паняццю абсалюту. Прырода кіно складаецца з вуаерызму, падглядвання, і магія тут менавіта ў тым, што мы назіраем за экзатычным, але штодзённым жыццём, якое хавае ў сабе шмат нераскрытых сюжэтаў. З такога ракурсу гэта кіно, якое дае нагоду для думак і далейшай творчасці, вартае ўзнагароды».

Сёлетняе кінаспаборніцтва прайшло пад дэвізам нефармату. Культуролаг Максім Жбанкоў лічыць, што гэта не толькі адмова ад кінематаграфічных клішэ, але і досвед новага бачання, мовы і нязвыклага для нашага лакальнага асяродка ўспрымання. Абсалютная большасць беларускіх стужак, дасланых на конкурс, была знятая невынаходліва і з немудрагелістай драматургіяй. У нас таксама былі свае спробы «Інтэр’ераў і экстэр’ераў», але не вельмі ўдалыя. Тым не менш пераможцу ў намінацыі «Нефармат» вызначыць было лёгка (гэта рабіла народнае журы): безумоўны лідар — «Ягор» Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя, якому таксама ўручылі спецыяльны прыз ад арганізатараў фестывалю кампаніі velcom. Стужка — экранізацыя ўрыўка з кнігі Андруся Горвата «Радзіва “Прудок”», ролі ў якой выканалі артысты Купалаўскага тэатра. Эксперты зазначылі, што кіно знята вельмі граматна, тэхнічна, але прачытанне Горвата падалося ім занадта драматычным, а кампазіцыя — вельмі тэатральнай. Рэжысёрамбеларусам сябры журы параілі больш рызыкі, падманлівай прастаты (як у «Квадраце» Малевіча), сістэмна выбудаваных сюжэтаў і ўважлівага стаўлення да фактуры, бо сёлетнія стужкі, па іх меркаванні, былі «ўмерана пакаёвай тэмпературы». Дарэчы, у шорт-ліст фестывалю трапіла і яшчэ адна беларуская работа «No lift », знятая ў Індыі. Прыкмета таго, што кіно сёння — з’ява глабальная, а паняцце нацыянальнага фільма варта пераглядаць: справа ўсё ж не ў прапісцы аўтара, а ў культурным досведзе, почырку і стылістыцы. Асабліва гэта тычыцца мабільнага кіно, бо што яшчэ павінна быць больш аўтарскім: уладальнік непрыкметнага смартфона здымае спантанны маленькі шэдэўр.

 Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.