24 Верасень, панядзелак

Вы тут

У Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці расказалі аб праектах


Пачынаючы з 1997 года, спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) у краіне практычна не змянілася, а вось ВУП за гэты перыяд павялічыўся у 2,5 раза. Але і гэта не мяжа магчымасцяў, лічаць у дэпартаменце па энергаэфектыўнасці. Энергаёмістасць ВУП краіны сёлета плануецца знізіць яшчэ на 0,8 % да ўзроўню мінулага года. Пра гэта заявіў першы намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Акушка падчас пасяджэння калегіі ведамства, якая адбылася ў Мінску.


А для гэтага неабходна сэканоміць каля 1 млн тон умоўнага паліва і дасягнуць долі мясцовых відаў паліва ў валавым спажыванні ПЭР не менш за 14,7 %.

«Што датычыцца долі аднаўляльных крыніц энергіі, то яны павінны скласці не менш за 6 %», — дадаў Віктар Акушка.

У 2018 годзе найбольшы аб'ём эканоміі энергетычных рэсурсаў плануецца забяспечыць за кошт укаранення ў вытворчасць сучасных энергаэфектыўных працэсаў і абсталявання. Акрамя таго, плануецца павысіць энергаэфектыўнасць існуючых тэхналогій.

Таксама Віктар Акушка нагадаў, што Беларусь дасягнула паказчыка энергаёмістасці развітых краін з падобнымі кліматычнымі ўмовамі, такіх як Канада і Фінляндыя. У Канадзе гэты паказчык складае 0,18, у Фінляндыі — 0,16.

Паводле апошніх вымярэнняў Міжнароднага энергетычнага агенцтва, якія праходзілі ў 2015 годзе, фактычны паказчык ВУП Беларусі склаў 0,16 тоны нафтавага эквіваленту на 1 тысячу долараў ВУП супраць 0,56 тоны нафтавага эквіваленту на 1 тысячу долараў ВУП у 1990 годзе. Фактычнае зніжэнне адбылося ў 3,5 раза. На працягу 25 гадоў аналагічны паказчык знізіўся ў Расіі ў 1,4 раза, ва Украіне — у 1,6 раза, у Казахстане — у 1,9 раза.

Паводле інфармацыі Белстата, за 11 месяцаў 2017 года паказчык зніжэння энергаёмістасці ВУП краіны склаў плюс 0,7 %. Негатыўны ўплыў на яго летась аказала павелічэнне спажывання светлых нафтапрадуктаў насельніцтвам і рост паліва-сыравіны на вытворчасць экспартнай няпаліўнай прадукцыі.

Па словах Віктара Акушкі, замежныя банкі выдзеляць Беларусі 200 млн долараў на развіццё энергаэфектыўных праектаў у перыяд з 2018 да 2020 года. Дэпартамент па энергаэфектыўнасці сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі і прадстаўніцтвам Сусветнага банка ў Беларусі рыхтуюць новы праект па стымуляванні выкарыстання мясцовых відаў паліва ў цеплазабеспячэнні. Праект з'яўляецца часткай рамачнай стратэгіі партнёрства з Беларуссю на 2018—2022 гады і мае на ўвазе новую схему фінансавання за кошт пазыковых сродкаў, часткі сродкаў з адлічэнняў на капітальны рамонт жылых будынкаў і часткі сродкаў з паступленняў ад прыватызацыі жылля.

«Магчымы сумарны аб'ём пазыковых сродкаў, якія прыцягваюцца, складае 200 млн долараў. З іх 100 млн долараў з'яўляюцца сродкамі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, а астатнія рэсурсы — Еўрапейскага інвестыцыйнага банка», — растлумачыў Віктар Акушка. Паводле папярэдняй ацэнкі новы сумесны інвестыцыйны праект выгадны для Беларусі.

«Ацэнка мэтазгоднасці і магчымасці выкарыстання схемы фінансавання патрабуе належнага абгрунтавання для канчатковага адабрэння на ўзроўні ўрада і кіраўніка дзяржавы», — рэзюмаваў Віктар Акушка.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Утрымліваем энергетычны баланс

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.