Вы тут

Перазагрузка: новая будучыня кінаіндустрыі


У Міністэрстве культуры працягваецца работа над праектам указа «Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематографа». Пастаўленае пытанне наконт стварэння Нацыянальнага прадзюсарскага цэнтра, які б мог падтрымліваць і прасоўваць кіно за кошт адлічэнняў ад пракату замежных фільмаў ды іншых крыніц. Будзе створана магчымасць для абмеркавання праекта ўказа ў шырокіх колах, каб кожны прадстаўнік айчыннай кінаіндустрыі мог выказаць сваё бачанне.


Нагадаем, раней кінематаграфісты падзяліліся думкай, што ўказ накіраваны на падтрымку кінастудыі «Беларусьфільм», а не кіно наогул. У міністэрстве запэўнілі, што такі пункт гледжання памылковы, бо праект падтрымае любое кіно пры ўмове, што яно якаснае. Дарэчы, ёсць яшчэ адна важная ўмова: фільмы, на якія будзе вылучацца бюджэтнае фінансаванне, трэба здымаць на базе нацыянальнай кінастудыі. На думку міністра культуры Юрыя Бондара, варта кіравацца інтарэсамі якасці: «Бо ёсць розніца: знятая стужка на тэлефон ці на кінастудыі поўнага цыкла, якой з’яўляецца “Беларусьфільм”? Кіно, знятае на смартфон, на мой погляд, проста “хоум-відэа”. Глядач, які набыў квіток, павінен атрымаць прадукт высокага ўзроўню».

На жаль, не заўсёды грошы вызначаюць якасць. Аўтар можа крануць гледача, як гэта зрабіла Юлія Шатун, зняўшы фільм «Заўтра» на звычайную лічбавую камеру. Ды, напрыклад, прэм’ера фільма Стывена Содэрберга, знятага на тэлефон, адбылася тыдзень таму на «Берлінале»…

У праекце ўказа таксама выказаныя думкі наконт размеркавання сродкаў з бюджэту не толькі на вытворчасць кіно, але і на стварэнне сцэнарыяў, наладжванне мерапрыемстваў. Зараз Мінкульт вядзе актыўную работу з кіраўніцтвам нацыянальнай кінастудыі: там распрацоўваюць стратэгію вытворчасці фільмаў на найбліжэйшыя гады, а таксама фарміруюць канцэпцыю нацыянальнага праекта. Стратэгія стварэння карцін на «Беларусьфільме» будзе змененая, каб павялічыць іх акупнасць: плануецца здымаць вялікабюджэтнае кіно на тэмы гісторыі, сучаснасці, патрыятызму і рабіць экранізацыі не часцей чым раз у 2 гады. Малабюджэтных стужак стане больш, у іх лік уваходзяць меладрамы, камедыі, сямейныя фільмы, а таксама тэлесерыялы (сумесна з замежнымі кампаніямі). Запланавана распаўсюджваць кіно праз тэлебачанне Беларусі ды замежжа, а таксама з дапамогай інтэрнэту. Па словах дырэктара кінастудыі Ігара Поршнева, на «Беларусьфільме» будуць здымаць не менш за 6 карцін у год (у ігравой форме), да 25 дакументальных і 8 анімацыйных стужак. Падводзячы вынікі 2017 года, варта зазначыць, што на «Беларусьфільме» знялі 19 дакументальных, 9 анімацыйных і 5 фільмаў у ігравой форме. Дарэчы, адну стужку з апошняй катэгорыі нядаўна прадставілі ў кінатэатры «Масква».

Ігравы фільм «Не гульня» прысвечаны 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі і створаны па заказе Міністэрства культуры пры ўдзеле Міністэрства абароны. Стужку зняў рэжысёр Дзяніс Скварцоў, але ў пракат карціна выйдзе пазней, чым планавалася, бо патрабуе дапрацоўкі. Па сюжэце галоўны герой — праграміст Аляксей — стварае камп’ютарную гульню ў танкі, але заўважае, што гэта ні да чаго не вядзе, і вырашае выйсці з зоны камфорту, атрымаць сапраўдныя эмоцыі, якіх не можа даць ні адна гульня, і ідзе служыць у армію. У гісторыі пра сапраўдныя пачуцці ды сяброўства зняліся беларускія акцёры, здымкі праходзілі ў Мінску, на «Лініі Сталіна», кансультавалі кінематаграфістаў прадстаўнікі Міністэрства абароны. Пакуль абноўлены «Беларусьфільм» працуе над будучыняй беларускага кіно, успомніць год мінулы ды паглядзець «Не гульню» можна будзе ў найбліжэйшыя месяцы.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.