Вы тут

Звычайны цуд ад тэатра мюзікла


З гэтым жанрам айчынны глядач знаёмы ў першую чаргу праз працу Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, на сцэне якога акрамя традыцыйнай аперэты з’яўляліся музычныя пастаноўкі — напрыклад, набывалі тэатральнае ўвасабленне цыклы, створаныя для кінафільмаў. Глядач упадабаў. Гэта стала падставай для роздуму пра асобны тэатральны праект. Нагода заняцца гэтай справай больш канкрэтна з’явілася ў сакавіку 2013 года, калі на сцэне Белдзяржфілармоніі адбыўся творчы вечар народнага артыста Расіі Генадзя Гладкова «Формула кахання», падрыхтаваны рэжысёрам Настассяй Грыненкай і харэографам і артыстам Дзмітрыем Якубовічам. Гэта фактычна стала пунктам адліку для тэатра «Тэрыторыя мюзікла».

Канцэртная праграма папулярнага кампазітара стала вынікам супрацоўніцтва з ім беларускіх пастаноўшчыкаў: у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры былі ўжо створаныя мюзіклы «Прыгоды брэменскіх музыкаў» і «Звычайны цуд», таксама балет «12 крэслаў». Але аказалася: можна працаваць больш і шырэй, развіваючы менавіта лінію мюзікла. Кампазітар падтрымаў праект і нават пагадзіўся даць яму сваё імя, што сведчыць у тым ліку і пра тое, што ўзровень работ яго задаволіў. Прычым для аўтараў новага праекта заставалася права выбару, што ставіць, — і неабавязкова прывязвацца да твораў аднаго кампазітара. За пяць гадоў працы тэатр «Тэрыторыі мюзікла» прапанаваў гледачам шэсць спектакляў на музыку Генадзя Гладкова і каля дзесяці тэатралізаваных канцэртных праграм, якія ўключаюць хіты з сусветных мюзіклаў, эстрадныя кампазіцыі і шлягеры з кінафільмаў.

 Кіраўнікі тэатра Настасся Грыненка і Дзмітрый Якубовіч — выпускнікі першага ў краіне курса артыстаў і рэжысёраў музычнага тэатра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (майстар — Б. П. Утораў). Яны сабралі вакол сябе каманду маладых актыўных артыстаў, якія працуюць ці супрацоўнічаюць з тэатрам. Пяць гадоў жыцця — і справа сапраўды пашырылася ў межах Беларусі: паспрыялі гастролі ва ўсіх абласных і большасці раённых гарадоў Беларусі. Нават у суседніх краінах. Гэты тэатр насамрэч — адметная з’ява яшчэ і таму, што існуе без уласнага будынка, бюджэтнага фінансавання і спонсарскай падтрымкі. І пры гэтым мае вялікія планы: рыхтуецца пастаноўка ліцэнзійнага праекта — мюзікла «Недалёка ад нормы». А летам абяцаюць крыху настальгіі: «Звычайны цуд», першая версія якога ў Беларусі была створана Настай Грыненкай пры актыўным удзеле Генадзя Гладкова якраз пяць гадоў таму. І так, тэатр зацікаўлены ў пошуку перспектыўных беларускіх аўтараў.

 Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.