Вы тут

Касманаўты выбралі найлепшыя дзіцячыя ідэі для авіяцыі будучыні


На конкурс малюнкаў было пададзена больш за 1400 работ. Дзеці прыдумалі і адлюстравалі на паперы самалёты, дырыжаблі і касмічныя караблі будучыні. Самыя лепшыя ідэі ўжо накіраваліся ў швейцарскую Лазану для ўдзелу ў міжнародным фінале конкурсу «FAІ Young Artіsts Contest 2018». А іх аўтарам уручылі сертыфікаты на палёты на верталёце, самалёце, аўтажыры і нават на скачок з парашутам.


Найлепшыя работы выбірала журы на чале з касманаўтам — выхадцам з Беларусі Алегам Навіцкім. Каб падзівіцца на дзіцячы палёт фантазіі, у Мінскі аэраклуб прыехалі і вядомыя касманаўты з Расіі, ЗША, Францыі і Германіі, расказалі ў Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту.

Сярод дзяцей 7—10 гадоў пераможцай выбраная Лізавета Рогач, якая намалявала самалёт у выглядзе райскай птушкі з багатым «апярэннем». Другое месца заняў Максім Вараб'ёў з калейдаскопам лятальных апаратаў, а трэцяе — Аляксандра Марозава з «нябеснымі» аўтамабілямі.

Максіму Вараб'ёву пашанцавала ўдвая, бо яго работу адлюструюць на сцяне новага дзіцячага садка ў Новай Баравой (пра які «СГ» пісала ў мінулым выпуску). «Ён унясе свежы погляд на будучыню вачыма дзіцяці і, магчыма, натхніць пакаленне будучых авіяканструктараў», — адзначыла дырэктар кампаніі «А-100 Дэвелапмент» Святлана ШЭЎЛІК.

Ва ўзроставай катэгорыі 11—14 гадоў найлепшай стала Арына Марозава, якая паказала прыбыццё юных касманаўтаў у фантастычны сусвет. На другім месцы апынуўся Кірыл Папко, які прадставіў спаборніцтва лятаючай талеркі з самалётам Ан-2, а на трэцім — Ганна Шрамук, якая намалявала Мінск будучыні.

Сярод мастакоў ва ўзросце 15—18 гадоў першае месца заняў Уладзіслаў Нясцюк — ён прапанаваў канцэпт школьнага «канвертаплана» (па аналогіі са школьным аўтобусам). Другое месца — у Арцёма Тура з «лятаючымі кабінкамі» для сустрэчы світання, а трэцяе — у Ганны Цейкінай, якая намалявала касмалёт у форме дырыжабля.

Конкурс «FAІ Young Artіsts Contest 2018» праводзіцца Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыяй ужо больш за 30 гадоў. Дзякуючы ініцыятыве Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту змагацца ў сусветным конкурсе ўжо другі год могуць і юныя таленты з Беларусі.

Наталля МАЎЧАНАВА

Загаловак у газеце: Лятаючы аўтобус, «райскі» самалёт і кабінкі для сустрэчы світання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.