Вы тут

Куды ідзе адсартаванае раздзельна смецце?


У нашай краіне ўжо не першы год прапагандуюць раздзельны збор смецця. Напэўна, няма чалавека, які б не бачыў рэкламу, дзе яноты заклікаюць да свядомасці грамадзян, каб тыя правільна размяркоўвалі адходы па кантэйнерах. І людзі сапраўды падтрымалі гэтую ініцыятыву. Усё б добра, але ідэальную карціну псуе адно цікавае пытанне: «Вы бачылі калі-небудзь, як збіраюць адходы ў кантэйнеры для раздзельнага збору?» Адказ парадаксальны — усе адсартаваныя другасныя рэсурсы часта скідаюць у адну машыну, каб потым прывезці іх на сартавальныя лініі смеццевага завода. А навошта тады было збіраць раздзельна? Пра тое, хто зарабляе на смецці, хто за гэта плаціць і як можна было зарабіць інакш — чытайце далей.


Бясплатная ініцыятыва?

Сістэмай раздзельнага збору смецця, якая прыйшла да нас з Захаду, у краіне заняліся сур'ёзна. Толькі сёлета павінны заварыць амаль 2000 смеццеправодаў у Мінску. Узамен жыхары сталіцы атрымаюць 130 кантэйнерных пляцовак. Аднак існуе меркаванне, што кансервацыя смеццеправодаў не зробіць нічога добрага, акрамя таго, што палепшыць санітарны стан пад'ездаў. Людзі ж вымушаны будуць пастаянна спускацца з кватэр і сартаваць адходы па кантэйнерах, колькасць якіх павялічыцца каля пад'ездаў у разы.

Варта адзначыць, што ў Еўропе людзей стымулююць да раздзельнага збору другасных рэсурсаў праз дыферэнцаваную сістэму аплаты за набытыя кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў. У выпадку, калі працэс сартавання жыхарамі дома парушаецца, то і памер аплаты за кантэйнер павялічваецца. Нас таксама прымушаюць плаціць за збор, сарціроўку і вываз бытавых адходаў і адначасова спрабуюць пераканаць заносіць у кантэйнер другасную сыравіну бясплатна.

Але ж для насельніцтва нашай краіны ёсць альтэрнатыва. У Беларусі шмат гадоў (а дакладней, ужо больш за стагоддзе) дзейнічае сістэма нарыхтоўчых пунктаў другасных рэсурсаў Белкаапсаюза, а таксама Белрэсурсаў, ЖКГ, дзе грамадзянам выплачваюць грошы за прынесеную другасную сыравіну. Аднак сёння кантэйнеры жывуць сваім жыццём, а нарыхтоўчыя пункты — сваім. Прычым, у краіне ствараецца і такая сітуацыя, калі дзве сістэмы збору другаснай сыравіны нават перашкаджаюць адна адной.

Лагічна, што можна было б замест кантэйнераў для раздзельнага збору стварыць нарыхтоўчыя пункты, і жыхары кожнага мікрараёна змаглі б зарабіць грошы на сваіх адходах. Людзі б проста адносілі адсартаваныя макулатуру, шкло, ПЭТ-бутэлькі не ў кантэйнеры, а на нарыхтоўчы пункт. Шмат у чым гэта б вырашыла і тую праблему, калі чалавек выходзіць з кватэры ў шматпавярховым доме і літаральна ўпіраецца ў некалькі кантэйнераў, якія ставяцца каля самага ўвахода ў пад'езд, што сустракаецца даволі часта ўжо не толькі ў Мінску, нават і ў райцэнтрах.

Арганізацыі ЖКГ год ад году пашыраюць колькасць кантэйнераў для раздзельнага збору ў гарадах і малых населеных пунктах. У той жа час таму ж Белкаапсаюзу даволі часта мясцовыя ўлады адмаўляюць у выдзяленні зямлі для стварэння нарыхтоўчых пунктаў другаснай сыравіны, а дзяржаўная ўстанова «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» адмаўляе ў фінансаванні закупкі нарыхтоўчых пунктаў — якраз з прычыны наяўнасці кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў вакол месца, дзе мог бы размясціцца пункт.

Тут варта растлумачыць, што «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» фарміруе фонд і акумулюе грошы на развіццё ў краіне прыёманарыхтоўчай сеткі, кантэйнераў раздзельнага збору, смеццеперапрацоўчых заводаў і г. д.

Такія вось парадоксы

Абслугоўванне кантэйнерных пляцовак у двары адбываецца часта за кошт сродкаў грамадзян. Атрымліваецца, што мы плацім грошы за абслугоўванне кантэйнерных пляцовак, за вываз смецця і за ўтылізацыю адходаў. Мы бясплатна павінны сабраць адходы, адсартаваць іх і аднесці ў кантэйнер (таму што смеццеправод будзе, хутчэй за ўсё, завараны). І пры гэтым чым больш мы выкінем адходаў у павялічаную колькасць кантэйнераў, тым больш заплацім за яго вываз і, заканамерна, большай будзе сума ў жыроўцы.

Ёсць і яшчэ адзін парадокс. Вельмі часта смеццявоз, які прыязджае, каб сабраць паасобна раскладзеныя адходы, згружае іх усе цалкам у адну кучу. Далей ён перавозіць іх на смеццеперапрацоўчы завод, дзе... зноў пачынаецца працэс сартавання. А гэта зноў жа павялічвае кошт нашай жыроўкі.

Чым адрозніваецца прыёманарыхтоўчы пункт? Там таксама збіраюць адходы раздзельна. Пры гэтым у пункце выплачваюць здатчыкам грошы за другасную сыравіну Далей усё гэта, амаль адразу, асобна вывозіцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы краіны, мінуючы сартавальныя лініі. Пры гэтым ажыццяўляецца збор з захоўваннем якасных параметраў другаснай сыравіны, што дазваляе яе больш эфектыўна перапрацаваць з найменшымі стратамі і зноў пусціць у гаспадарчы абарот.

«Мы павінны даць насельніцтву права выбару — выкінуць адходы у кантэйнер, ці аднесці іх у нарыхтоўчы пункт і атрымаць за гэта грошы. Сёння трэба пашырыць і наблізіць прыёманарыхтоўчую сетку да насельніцтва. Варта таксама адзначыць, што ў апошнія гады пашыраецца спектр нарыхтоўваемай другаснай сыравіны (адпрацаваная аўтамабільная аліва, бытавая тэхніка, тэкстыльныя адходы). Атрыманыя ў нарыхтоўчым пункце грошы насельніцтва па жаданні можа накіраваць на аплату часткі жыроўкі», — расказала начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндэр.

Вось і атрымліваецца, што камунальныя службы не дагаворваюць з дапамогай янотаў пра тое, што на смецці можна было б сэканоміць аплату паслуг ЖКГ. Дарэчы, рыхтуецца яшчэ адна рэклама, дзе яноты будуць вадзіць грамадзян па смеццесартавальным заводзе. Можа, янотам варта было б усё ж правесці экскурсію і па нарыхтоўчым пункце?

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Грошы ў сметніцу, або Пра што маўчаць яноты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.