Вы тут

Багі і героі на фестывалі тэатраў лялек


Чалавек асвоіў космас. Адкрыў ДНК. Здольны патлумачыць асаблівасці ўласнай свядомасці з дапамогай квантавай фізікі. Але так і не адмовіўся ад міфаў і легендарных сюжэтаў для апісання ўяўленняў пра свет, яго ўладкаванне ды разваг пра сваё месца ў гэтай сістэме. Менавіта міфы ды архетыпы сталі галоўнай тэмай Х Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, што прайшоў у Мінску з 18 па 21 мая.


Сцэна са спектакля «Новая зямля».

Фестываль традыцыйна аб’яднаў у сваёй праграме беларускія спектаклі, створаныя на працягу двух апошніх гадоў, ды звярнуў увагу на тэатральны працэс за межамі нашай краіны. Дарэчы, сёлета гасцямі фестывалю ўпершыню сталі тэатральныя калектывы з Балгарыі, Іспаніі ды Ірана. Увогуле ж для дзяцей і дарослых паказалі чатырнаццаць спектакляў з сямі краін свету. Далей — абраныя партрэты багоў і герояў з гэтага шэрагу.

Новая зямля

Сакральная для кожнага беларуса паэма Якуба Коласа «Новая зямля» ў сцэнічнай інтэрпрэтацыі галоўнага рэжысёра Брэсцкага тэатра лялек Аляксандра Янушкевіча паўстае ў першую чаргу як паэзія візуальная. Дваццаць два абраныя фрагменты пераўтвараюцца ў міс т эрыяльныя сцэны, што апяваюць гарманічны маленькі свет беларуса, дзе святы на покуці — член сям’і, будні змяняюцца святамі, адна пара года — другой, жыццё — смерцю... Мастак і пастаянны суаўтар рэжысёра Таццяна Нерсісян для кожнай з гэтых франтальных міс т эрыя льных карцін знаходзіць сваю разынку, візуалізуючы ў тым ліку і нябачны свет вераванняў беларусаў. На Вялікдзень на сцэне з’яўляюцца пісанкі ў чалавечы рост. Грымоты не толькі чуваць, але і відаць: статныя дзявочыя фігуры плывуць перад гледачом з навальнічнымі зіхатлівымі воблакамі на галовах... Нягледзячы на тое, што сям’я Міхала паўнавартасна прадстаўлена на сцэне, галоўным героем спектакля ў такой рэжысёрскай трактоўцы ўсё ж з’яўляецца Чалавечае Жыццё. Яно адначасова частка Боскага свету, дзе на Каляды нараджаецца немаўля і вешчуны адорваюць яго, ды свету паганскага, дзе антрапаморфныя поры годы і з’явы прыроды змяняюць адна адну. А Новая Зямля ў гэтым свеце — адвечная недасягальная мара пра лепшае.

Убю

Крывавы бацюхна Убю паўстаў... са школьнага фальклору. У ліцэі, дзе навучаўся будучы драматург Альфрэд Жары, гэтая мянушка прыліпла да настаўніка фізікі. І з цягам часу ды колькасцю тэатральных інтэпрэтацый падабенства значна паменшылася, а настаўнік ператварыўся ў легендарнага караля. Тэатральная кампанія Pupella-Noguès з Францыі здзейсніла яшчэ адно пераўтварэнне — і Убю паўстаў перад гледачамі ў вобразе свінні. Свіння з’яўляецца на вялікім стале, што пачалі сервіраваць да абеду, і з выпадковага персанажа тут жа пераўтвараецца ў галоўнага — тырана і дыктатара. Стол — сімвал улады — таксама змяняецца і бліжэй да фіналу сервіруецца ўжо адпаведна густам новага ўладара: металічным посудам і зямлёю. Нельга не адзначыць дасціпнасць алегарычнай інтэрпрэтацыі вядомай гісторыі. Венцаслаў, каронай якога і завалодвае Убю, — птушка на гербе. Негледзячы на пэўную дыхтоўнасць вобраза, ямчэй за ўсё Венцаслава ў момант звяржэння ахарактарызуе выклік з залы нейкага маленькага гледача: «Курыца звалілася!» Народ і яго паводзіны вакол стала ўлады ўвасабляе жывы план акцёраў са свінымі пятачкамі. Увогуле алегарычная, байкавая інтэрпрэтацыя вядомага сюжэта ў спектаклі «Убю» дазваляе кожнаму гледачу выбраць неабходны маштаб: магчыма, Убю валодае светам, магчыма, нейкай краінай, а магчыма, уладарыць усяго толькі ў якой-небудзь офіснай канторы — патрэбнае падкрэсліць.

Сцэна са спектакля «Сёстры Граі».

Сёстры Граі

Для рэжысёра Яўгена Карняга тэма міфічных і казачных сюжэтаў — адна з асноўных у творчасці. У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек ідзе яго «Інтэрв’ю з ведзьмамі» паводле казак братоў Грым. Хітом гэтага тэатральнага сезона стаў пастаўлены ім у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі «Бетон», дзе на сучасны лад інтэпрэтаваны міф пра Арфея і Эўрыдыку. І вось нядаўняя прэм’ера «Сясцёр Граі» ў Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка», паказаная ў праграме фестывалю. Сцэнічная прастора зменшана да невялікага чатырохкутніка, нібы аформлена ў чорнае паспарту. Асацыяцыя з выяўленчым і фатаграфічным мастацтвам невыпадковая. «Сёстры Граі» — гэта візуальны спектакль, дзе старажытнагрэчаская міфалогія паўстае перад гледачом шэрагам карцін, што ажылі. За імі можна назіраць з веданнем сюжэта, разумеючы, хто тут Гея, а хто — Зеўс. А можна, аддаўшыся пачуццям, сачыць за зменай часам прыгожых, а часам жорсткіх, у нечым гіньёльных сюжэтаў. Фінал для ўсіх будзе аднолькавы. У апошняй сцэне да сясцёр Граі, што па задуме рэжысёра ўтвараюць дуальны вобраз з уладальніцамі чалавечых лёсаў Мойрамі, прыходзяць пакланіцца людзі. Лялечныя чалавечыя фігуркі стаяць перад велічнымі тварамі жывых багінь. Але ж якой літасці можна дачакацца ад іх пасля тых крывавых сцэн, што мы пабачылі? Мойры-Граі па чарзе кідаюць на іх сваё адзінае вока. А потым вочы, падобныя на камяні, пачынаюць сыпацца градам, змятаючы прасіцеляў. Колькі гэтых вачэй коцяцца да гледачоў, падкрэсліваючы датычнасць да сустрэчы. І вось мы насупраць: сляпыя багіні, ад волі якіх залежыць чалавечы лёс, і людзі, якія не вераць у іх ласку.

Я, Сізіф

Куды ты коціш свой камень, Сізіф? Сізіф са спектакля Веселкі Кунчавай тэатра Puppet’s Lub (Балгарыя) штурхае не камень, а куб. У чорным кабінеце мінімалістычна аформленай сцэны гэты сімвал не можа застацца не расчытаным. Куб атаясамлівае нязменнасць ісціны — з якога боку на яе ні паглядзі. І акцёр Стоян Дойчаў увесь час вяртаецца да гэтага каменю ў падмурку свайго існавання. Аснова спектакля — гісторыя Сізіфа ў трактоўцы Альбера Камю. Урэшце, Камю прызнае свайго героя шчаслівым, бо ён асэнсоўвае абсурднасць лёсу і прымае яго. Рэжысёр вырашае шлях гэтага прыняцця ланцужком дыялогаў чалавека і лялькі, дзе лялька сімвалізуе ўнутраны голас ці галасы, з якімі кожны з нас спрачаецца штодня, цягнучы свой камень. З кожнай з уласных іпастасяў Сізіф у розных адносінах. Маленькага чалавечка, што чытае нейкую кнігу, слухае, а іншаму — адкусвае галаву. З гірляндай асоб, над галовамі якіх лунаюць паветраныя шарыкі, танчыць ча-ча-ча; з двайніком — сіямскім блізнём вядзе непрымірымую барацьбу. Дарэчы, унутрыасобасны канфлікт Сізіфа не зводзіцца выключна да множання існасцей, а часам выяўляецца ў супрацьдзеянні ўнутры цела. Напрыклад, правае плячо супрацьстаіць леваму ў барацьбе за ношу. У выніку Сізіф прымае ўсё: сябе, тое, што адбываецца ўнутры, тое, што жыццё яго не мае ні сэнсу, ні мэты, але ад гэтага разумення ён урэшце пачувае сябе свабодным. І назва спектакля «Я, Сізіф» набывае яшчэ адну канатацыю-самавызначэнне — «я шчаслівы».

Wanted Hamlet

«Усе мы Гамлеты», — безапеляцыйна сцвярджае малады хлопец на фоне ралетаў з графіці ў спектаклі «Wanted Hamlet». Ён таксама Гамлет, што ў трактоўцы рэжысёра Аляксея Ляляўскага (Karlsson Haus, Расія) існуе ва ўсе часы адразу. Акцёр Міхаіл Шаламенцаў чытае не шэкспіраўскі маналог, а маналог-алюзію, створаны паводле асноўных матываў славутай трагедыі Шэкспіра Марсэлем Крэмерам. Вердыкты множацца. Усе мы становімся Афеліямі, Палоніямі, Клаўдзіямі, Гертрудамі... Гэта сапраўднае паўстанне супраць архетыпаў, супраць таго, што не ты выбіраеш лёс, а ён — цябе. Назвалі Афеліяй — мусіш утапіцца, Гамлетам — мусіш забіць за карону. Без права выбару. Без мажлівасцяў адмовіцца. Ралеты адкрываюцца, нібы чароўныя шкатулкі, і множаць сэнсы. Аповед пра маці — на фоне іконы. Аповед пра бацьку — на фоне шыльды палаца-гатэля. Інсталяцыя з тэлевізараў, кожны з якіх паказвае вайну і залатыя пасмяротныя маскі, якую тут жа робіць з ліста фольгі і Гамлет... Для ўвасаблення рэжысёру недастаткова слоў-архетыпаў, ён шукае прадметы-архетыпы. Ад трапнасці прабіраюць дрыжыкі. Напрыклад, калі на рэпліцы «Усе мы Палоніі» перад публікай з’яўляюцца паношаныя чаравікі, ты разумееш, што колькі год таму бачыла акурат такія ж на нагах забітага дыпламата, фотаздымкі якога мільгацелі ва ўсіх стужках навін. «Я не хачу паміраць ні за якага караля!» — крычыць Гамлет у фінале. І праз хвіліну накрывае памінальны стол...

Чалавек асвоіў космас. Адкрыў ДНК. Але для таго, каб нешта зразумець пра сябе і давесці гэта іншым, ён па-ранейшаму карыстаецца міфамі і легендамі, сцвярджаючы: «Я, Сізіф» ці «Усе мы Гамлеты». І гэта ў свеце, дзе людзі робяць сябе самі, ходзяць да псіхатэрапеўтаў, коўчаў ды на трэнінгі «Як зарабіць мільярд і стаць шчаслівым за чатыры дні?». Хто яго ведае, як мы здольныя змяшчаць у сабе такія розныя рэчы? Усе мы багі, усе мы героі...

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Ігара ЧЫШЧЭНІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.