Вы тут

Джымі Нэльсан: Я нікуды не знік!


...У 90-я літаральна з усіх прасаў гучала песня «Беларускія дзяўчаты» ў выкананні хлопца з экзатычнай знешнасцю і нязвыклым акцэнтам. Потым час змяніўся, прыйшлі іншыя рытмы і іншыя папулярныя артысты. Пра тое, як склаўся далейшы лёс выканаўцы і чым ён жыве сёння, «Звязда» распытала ў самога Джымі Нэльсана.


Як учора было

— Помніце, як у вашым жыцці здарыліся «Беларускія дзяўчаты»?

— У 1995-м разам з аднакурснікам Сяргеем Лаўрэнцьевым мы стварылі свой музычны гурт «Інтэр». Аднойчы гурт запрасілі выступіць на канцэрце ў Вялікім тэатры оперы і балета. Там нас заўважыў Уладзімір Станкевіч, які на той момант працаваў на беларускім тэлебачанні і вёў перадачу «Тэлебом»: пасля канцэрта ён сустрэўся са мной і прапанаваў супрацоўніцтва. Усё закруцілася, як у віры: канцэрты, здымкі, гастролі. На адным з выступленняў у Барысаве на мяне звярнуў увагу Анатоль Ярмоленка і запрасіў да сябе ў маладзёжную студыю «Сябры».

Дарэчы, гэта студыя, якая з'явілася ў 1992 годзе, дала творчую стажыроўку і адкрыла для публікі мноства новых імёнаў. Тут «сталі на крыло» Андрэй і Аляксей Хлястовы, Уладзімір Станкевіч і Анжэліка Ют, Дзмітрый Смольскі, Уладзімір Радзівілаў, Тані Фарэда, Гюнеш...

Але праз некаторы час на хвалях зацяжнога эканамічнага крызісу многія беларускія артысты з'язджалі ў суседнюю Расію. Хтосьці прыжыўся, хтосьці вярнуўся... Запрашалі і Нэльсана, але ён нават думкі аб тым, каб паехаць з Мінска, не дапускаў. «Шмат разоў клікалі, практычна ўсе мае сябры цяпер жывуць там. Валодзя Станкевіч часта папракаў: «Што ты будзеш тут рабіць? Давай да нас, зладзім які-небудзь праект, столькі перспектыў!» А я так і не паехаў. Чаму? Бо зусім не ведаю Расію, а ў Беларусі мне ўсё знаёмае і жыць тут падабаецца».

— З кім-небудзь са студыі цяпер падтрымліваеце стасункі?

— Практычна з усімі на «Фэйсбуку» перапісваемся, віншуем адзін аднаго з асабістымі святамі. І Анатоль Іванавіч (Ярмоленка. — Аўт.) «лайкае» мае запісы, калі нешта яму падабаецца, таксама стэлефаноўваемся з ім часта.

Пасля маладзёжнай студыі прыхільнікаў у Джымі не паменшала, проста змянілася іх кола: адны добра памятаюць усмешлівага дыджэя як вядучага дзіцячых дыскатэк «Лімпапо», другія слухалі яго на радыё альбо адрываліся на танцпляцоўках сталічнага клуба «Рэактар». Усе гэтыя перыяды суразмоўнік згадвае з цеплынёй. А вось са спевамі, гаворыць, канчаткова «завязаў».

— Многія нават сёння напяваюць радкі з «Беларускіх дзяўчат» і пытаюцца: куды знік Джымі Нэльсан?

— Нікуды не знік, я тут, глядзіце! Па-ранейшаму раблю сваю музыку, проста не працую ў адным канкрэтным месцы, а выступаю як запрошаны DJ, пішу англамоўныя тэксты песень для сваіх маскоўскіх сяброў.

Джымі і дзяўчаты

Колішні музычны хіт для Джымі Нэльсана стаў, можна сказаць, прарочым — цяпер у яго дзве самыя блізкія і «прыгажэйшыя на свеце беларускія дзяўчаты», жонка Святлана і дачка Ціяна.

З будучай жонкай ён пазнаёміўся яшчэ на факультэце журналістыкі БДУ, але, прызнаецца, адразу не адчуў сваю палавінку — спатрэбіліся час і сумесная праца: «Мы разам працавалі на дыскатэцы, прызвычаіліся адно да аднаго, прыгледзеліся...» А вось Святлана, наадварот, дагэтуль першую сустрэчу памятае ў падрабязнасцях: «Разам з мамай на першым курсе прыехала засяляцца ў студэнцкі інтэрнат, і тут з двярэй... выходзіць Майкл Джэксан. А Джымі на той час вельмі любіў Майкла Джэксана і апранаўся падобна: кароткія штаны на шлейках, белыя шкарпэткі, стыльны капялюш. Я кажу: «Ой, мама, глядзі, якая прыгажосць незямная». Мама ў адказ гэтак сувора: «Света, пра вучобу трэба думаць!» А потым высветлілася, што мы з «Джэксанам» жывём на адным паверсе, пазнаёміліся бліжэй, і думаць толькі пра вучобу не атрымалася».

— За гэты час Джымі пераняў якія-небудзь беларускія рысы — спакой, цярплівасць і г. д.?

— Не-не, у яго адназначна такая самая гарачая кроў, як і раней. Прычым ва ўсіх сэнсах — ён не толькі лёгка ўспыхвае, але, што мяне дагэтуль здзіўляе, зусім не баіцца холаду. У нас ёсць кажухі, цёплыя курткі, — а Джымі не захутваецца наогул і заўжды раскрывае ўсе вокны ў доме.

— Калі я быў маленькі, то часта хварэў, асабліва пакутаваў на галаўны боль, — дадае Нэльсан. — А калі прыехаў у Беларусь, літаральна праз месяц усё як зняло. Вельмі мне ваш клімат пасуе.

— Зараз назаву страшную лічбу: вы ўжо амаль 30 гадоў у Беларусі...

— Так, 28 гадоў жыву ў Мінску. Але адчування, што я тут канчаткова «свой», усё ж няма — дагэтуль сумую па радзіме...

А на радзіме за мінулы час прайшлі дзве грамадзянскія вайны і змянілася некалькі прэзідэнтаў (нядаўна першую ў Афрыцы жанчыну-прэзідэнта змяніў на пасадзе легендарны экс-футбаліст Джордж Веа), але паехаць у Ліберыю ў Джымі так і не атрымалася. Дый сваякоў там ужо не засталося. Але сувязь з роднай зямлёй ён усё ж падтрымлівае — ёсць знаёмы, які рэгулярна перадае навіны і фотаздымкі, а таксама прывозіць насенне любімага пякучага перцу, без якога ўся наша ежа падаецца Нэльсану прэснай.

Тым не менш Беларусь — гэта дом яго любімай сям'і. Таму ў свой час на сямейнай нарадзе вырашылі, што дачка мусіць ведаць беларускую мову, і Ціяна паспяхова наведвае беларускамоўную сталічную гімназію, у якой дадаткова вывучаюць англійскую і кітайскую мовы.

Грыбы, баскетбол і цукеркі

— Працуеце вы ў творчай сферы. А як адпачываеце?

— Найлепш на прыродзе. У мяне ёсць знаёмыя, разам з якімі вельмі люблю хадзіць у грыбы і наогул блукаць па лесе — атрымліваецца скінуць увесь негатыў і насамрэч расслабіцца. Вось з рыбалкай не пасябраваў: выбраўся аднойчы са Свеціным татам Мікалаем, ён пастаянна нешта выцягваў, а я нічога не злавіў, ды так і закінуў вудачку дзесьці ў кут.

З любоўю да прыроды звязаная і вернасць Джымі дачнаму ўчастку, на якім расце ўсё — ад ліберыйскага вострага перцу да саджанцаў, якія ў каго іншага зачэзлі б, а ў яго ажываюць і пачынаюць пладаносіць.

— Ходзяць чуткі, што вас зазывалі ў кіно?

— Некалькі разоў насамрэч здымаўся ў галівудскіх фільмах, якія рабіліся на тутэйшых кінапляцоўках, — але вялікіх роляў не іграў, быў у масоўцы. Таксама ўдзельнічаў у кароткаметражках, якія здымала знаёмая рэжысёр для тэлебачання, але кінакар'еру рабіць ніколі не марыў, гэта дакладна не маё.

— Захапленне музыкай перайшло ў прафесію, атрыманая ў лінгвістычным універсітэце адукацыя таксама спатрэбілася для напісання англамоўных песень. А што з журналістыкай — стала нецікавай?

— Раней я пісаў тое-сёе пра музыку, вёў праграму на «8 канале». Але цяпер не бачу свайго месца ў гэтай сферы. Дый сучаснай беларускай музыкі, прызнаюся, зусім не ведаю. Толькі за творчасцю «Сяброў» заўжды сачу, а іншых нават не адрозніваю паміж сабой, назаву хіба што «Ляпіса Трубяцкога», «Лепрыконсаў» і Макса Каржа, песні якіх часта замаўляла публіка на дыскатэках. Часам гляджу «Еўрабачанне» разам са Светай, і кожны раз здзіўляюся, навошта беларускія артысты спяваюць на дрэннай англійскай замест таго, каб скарыстоўваць добрую беларускую. Узяць хоць матывы тых жа «Сяброў» альбо «Бяседы», аздобіць сучасным гукам — упэўнены, было б у Беларусі месца ў першых радках рэйтынгаў. Людзі, звяртайцеся часцей да народнай музыкі!

Нізавошта не паверу, што падтрымліваеце выдатную фізічную форму аднымі прагулкамі па лесе.

— Натуральна, не – ёсць яшчэ спорт. Надзвычай люблю баскетбол, яшчэ з часоў журфака, і дагэтуль рэгулярна хаджу на спортпляцоўку недалёка ад дома. У футбол апошні раз іграў, напэўна, з “Сябрамі”, а цяпер толькі гляджу па тэлевізару і адмаўляюся ўдзельнічаць у розных артыстычных зборных.

…А калі б не музыка, то Джымі Нэльсан мог бы стаць поварам. Прынамсі ягоная сям’я сцвярджае, што тата гатуе смачней за ўсіх.

— Джымі працуе звычайна увечары-уначы, а днём, пакуль мы з Цінай на працы, у школе і ў розных гуртках, ён гатуе спецыяльна для нас розныя стравы і нават пакідае запіскі, дзе што ляжыць, -- нахвальвае мужа Святлана. – Сам ён любіць больш вострую кухню, рыс з мясам, галубцы, і зусім не ўжывае складанасастаўныя стравы – напрыклад, салаты, але для нас можа расстарацца.

— Смачней за ўсё тата гатуе рубцы, — робка дадае Ціна. – А яшчэ цукеркі!

Хочаце пакаштаваць фірменныя цукеркі “ад Нэльсана”? Рэцэпт вельмі просты. Трэба ўзяць згушчонку (“абавязкова беларускую!” – падкрэслівае Джымі) і зварыць яе да густога карычневага колеру, а потым, змазаўшы рукі сметанковым маслам, скатаць шарыкі ці прыдаць ласунку любую іншую форму і як след астудзіць. Смачна есці!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Марыны Бегунковай і з асабістага архіва героя публікацыі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.