Вы тут

Танец смерці ў пастаралях


Тэма крыжовага паходу дзяцей, народнага руху ХІІІ стагоддзя, стала папулярнай у мастацтве. Спалучэнне бязвіннасці і наіўнасці, душэўнай чысціні і добрых памкненняў малых з жорсткай рэчаіснасцю і бязлітасным светам дарослых кранае чытачоў на працягу некалькіх стагоддзяў.


У сваіх творах аўтары не толькі перадавалі гэты сюжэт, але і звярталіся пры яго дапамозе да праблем сучаснасці. У прыватнасці, амерыканскі пісьменнік Курт Ванегут праз алюзію на гэты гістарычны факт адлюстраваў падзеі напрыканцы Другой сусветнай вайны, а лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Майкл Канінгэм назваў «Крыжовым паходам дзяцей» частку кнігі «Выбраныя дні», дзе таямнічая асоба арганізавала тэрарыстычную групоўку дзяцей-смяротнікаў. Беларускі драматург Андрэй Іваноў таксама звярнуўся да азначанай тэмы. Паспяхова: п’еса «Крыжовыпаходдзяцей» перамагла на IV Міжнародным драматургічным конкурсе «Бадэнвайлер» у 2016 годзе.

Беларусы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з пастаноўкай падчас сцэнічнага чытання п’есы («work-in-progress») на базе Цэнтра беларускай драматургіі. Нават на тым этапе тэатральнага жыцця твора гледачы адзначалі, што чытанне не ілюструе напісаны тэкст, а жыве асабістым жыццём. У паўнавартасным спектаклі на пляцоўцы культурнага інкубатара Ок16 «Крыжовыпаходдзяцей» увасобіў рэжысёр Юра Дзівакоў. Тыя, хто паспеў убачыць яго «Войцэка» на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, могуць згадаць яркую, смелую і жорсткую сцэнічную мову рэжысёра.

Танец смерці, намаляваны на афішы спектакля, ад пачатку задае адпаведны тон дзеі. Новая работа Юры Дзівакова атрымалася не менш правакацыйнай за папярэднюю. Эмацыянальны спектакль з акцэнтам на зрокавым і слыхавым успрыманні спалучае сцёб і чорны гумар, уражвае і іграе на нервах. Пастаноўка, чые героі падобныя да тэатральных масак у старажытнай містэрыі, гіпнатызуе і парушае каноны, па якіх фармальна збудавана. Унутры дзеі разбураюцца ўсе відавочныя здагадкі. Не толькі для гледача: наведнікі Ок16 даведваліся аб нечаканых паваротах сюжэта разам з самімі героямі п’есы.

Падзеі спектакля разбітыя на пастаралі. І калі глядач хоча спадзявацца на стандартную для гэтага паняцця ідэалізаваную букалічную карцінку з прыгожымі пастухамі і пастушкамі, то ў сцэнічнай прасторы перад імі паўстануць гіпертрафіравана пачварныя героі, якія вось-вось загінуць ад голаду і галечы, а замест лёгкага і платанічнага кахання на фоне лагоднай прыроды — жорсткія, амаль жывёльныя зносіны паміж мужчынам і жанчынай. Рэлігійная тэма рушыць у адваротны бок. Носьбіт хрысціянскай маралі сярэднявечнай вёскі Мэр айцец Базіль раптам хоча дасягнуць варотаў Царства Божага не для вечнага выратавання, а каб забіць Бога: акт помсты за несправядлівую смерць яго сям’і. У перавернутым свеце вернікаў замяняюць рэлігійныя фанатыкі, і нават Хрыстос, у імя якога мусіць адбыцца подзвіг паходу, выглядае як ікона з поп-культуры. Ды і самі артысты (акцёры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Вераніка Буслаева, Дзмітрый Давідовіч, Ілья Ясінскі, Марына Здаранкова) мяняюць персанажаў ад пастаралі да пастаралі. Чацвёра выканаўцаў — адначасова і дзеці, і дарослыя, і святыя, і грэшнікі.

Заўважна, што галоўны герой «Крыжовагапаходудзяцей», які з’яўляецца рухавіком падзей, — пазасцэнічны персанаж. Хлопчыка Стэфана няма ў рэальнай прасторы, ён абстракцыя, што выяўляецца перад аўдыторыяй толькі праз размовы і паводзіны іншых. Нягледзячы на няіснасць, Стэфан таксама прымярае маскі: вось ён блажэнны юродзівы, што чуе голас Бога, вось звар’яцелае ад голаду ды жабрацтва дзіця, нарэшце, д’ябал, які ўвасобіўся ў самую бязвінную абалонку, каб спакусіць жыхароў вёскі Мэр...

У фінале п’есы экзальтаваныя дзеці ўсё ж такі выпраўляюцца ў крыжовы паход: забойствы і гвалт з іменем Бога здзяйсняюцца часцей за злачынствы на глебе нянавісці. Хто ёсць галоўныя героі — наіўныя марыянеткі Стэфана, якія выконваюць вызначаную ролю ў незразумелым для іх спектаклі, ці адважныя маладыя людзі, што адмовіліся ад пошласці і бруду дарослага свету ў імя лепшай будучыні?..

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.