Вы тут

Юрый Церцель назначаны начальнікам Дзяржаўнай інспекцыі


Юрый Церцель назначаны начальнікам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць навесці парадак у ведамстве.


«Вельмі шмат будзе крыватолкаў, размоў, што Лукашэнка зноў узяў крэн на назначэнне ваенных у тыя ці іншыя грамадзянскія структуры. Я гэтага абсалютна не баюся, вы павінны быць да гэтага гатовы. Больш за тое, дзяржаўная інспекцыя — не скажаш, што яна грамадзянская. А з тым бачаннем, якое ў мяне на гэту інспекцыю, яна больш, чым ваенная», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«У нас багацце адно — гэта прырода», — заўважыў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што гэты дар не можа быць бясконца добрым, калі да яго дрэнна ставіцца. «Яго трэба берагчы, аднаўляць. Нашу прыроду трэба захаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы і растлумачыў, што з гэтай прычыны і была створана інспекцыя. «Я думаў, што мы навядзём у гэтым парадак жорсткі. І мы гэта зрабілі. Але з цягам часу сёй-той «забранзавеў», сёй-той забыў свае функцыянальныя абавязкі. І ў барацьбе з правапарушальнікамі і браканьерамі рознага тыпу некаторыя самі сталі браканьерамі. Гэта дайшло і да начальнікаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. З такім кіраўніцтвам сістэма не можа эфектыўна працаваць, таму, як звярнуў увагу Прэзідэнт, неабходна было адхіліць ад займаемых пасад шэраг начальнікаў гэтай інспекцыі. «Даручыў знайсці чалавека строгага, дысцыплінаванага — ваеннага чалавека. Іх было дзясяткі, выбар прыпаў на вас», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: «Прыйсці ў інспекцыю, разабрацца з тым штатам, з якім вы будзеце працаваць, паглядзець на людзей і жалезнай рукой навесці парадак у інспекцыі, а затым і ліквідаваць вузкія месцы, якія, магчыма, узніклі ў ахове жывёльнага і расліннага свету».

Юрый Станіслававіч Церцель нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Прывалкі Гродзенскага раёна. Пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах СССР ён стаў курсантам Бранскай спецыяльнай сярэдняй школы міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў СССР і да 2002 года праходзіў службу ў органах унутраных спраў. У 1996 годзе завочна скончыў Акадэмію МУС Беларусі. У 2002— 2009 гадах праходзіў службу на розных пасадах у вайсковай часці 1250 органаў пагранічнай службы. Са студзеня 2009 года да 2018 года — камандзір вайсковай часці 1250. Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені, медалямі «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За бездакорную службу» ІІІ, ІІ ступені.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Прырода будзе пад новай аховай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.