Вы тут

Сотні тысяч юных беларусаў атрымаюць пуцёўкі на аздараўленне


Калі спытаць нас, дарослых, то самыя яркія ўспаміны дзяцінства ў многіх — гэта паездкі ў дзіцячы лагер на летніх канікулах. Яны часта былі поўныя такога захаплення і прыгод, што адразу пасля заканчэння змены многія дзеці ўжо пачыналі марыць аб надыходзе наступнага лета...


Сёлета першыя дзіцячыя лагеры пачалі сваю работу ўжо ў канцы мая. Усяго ж каля 5900 дзіцячых аздараўленчых лагераў у Беларусі возьмуць на аздараўленне дзяцей у 2018 годзе. З іх 1600 лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей (у тым ліку 146 стацыянарных) і 4300 лагераў — з дзённым. Пра гэта «Звяздзе» паведаміў намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей ЖАЛЯНКОЎ.

Паводле папярэдняй ацэнкі, у аздараўленчых лагерах усіх тыпаў гэтым летам пройдуць аздараўленне больш за 377 тысяч дзяцей, у тым ліку 219 тысяч дзяцей — у лагерах дзённага знаходжання і 158 тысяч — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Аздараўленне таксама пройдуць 14 тысяч дзяцей-сірот і больш за 4 тысячы дзяцей-інвалідаў.

Мяркуемы сярэдні кошт пуцёўкі ў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем на 18 дзён складзе 430 рублёў. Пры гэтым дзяржаўная датацыя будзе раўняцца 185 рублям, што складзе каля 43 % ад поўнага кошту пуцёўкі. Пуцёўка ў лагер з дзённым знаходжаннем будзе каштаваць 93 рублі (датацыя на пуцёўку складзе 76 рублёў, або 82 % ад яе поўнага кошту). Мяркуецца, што частку выдаткаў на набыццё пуцёвак складуць сродкі прадпрыемстваў, прафсаюзных арганізацый, а таксама мясцовых бюджэтаў.

Усяго на правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года са сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца накіраваць 43 млн рублёў.


Акрамя таго, у нашай краіне зараз існуе немалая колькасць прыватных лагераў. Свае паслугі ў арганізацыі дзіцячага адпачынку прапануюць мноства турыстычных кампаній, школы замежных моў, аграсядзібы, дзіцячыя цэнтры і цэнтры дадатковай адукацыі, іншыя адукацыйныя праекты. Вялікай папулярнасцю ў дзяцей і іх бацькоў у летні перыяд карыстаюцца моўныя лагеры, якія арганізоўваюцца як у Беларусі, так і за яе межамі, дзе дзеці могуць не проста ўдасканаліць свае веды па англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай і іншых мовах, але і загаварыць на іх. Навінка апошніх гадоў — дзяцей клічуць у так званыя ІT-лагеры, дзе акрамя адпачынку абяцаюць займальнае навучанне праграмаванню і тэхналогіям будучыні па спецыяльных інтэнсіўных праграмах. Таксама налічваецца нямала спартыўных, творчых, арт-лагераў — на любы густ, але кошт іх, як правіла, даволі высокі, а дзяржаўныя датацыі на такія лагеры не распаўсюджваюцца.

Лета кліча!

Першая змена ў дзіцячых лагерах — у самым разгары!

Пад'ём — у восем трыццаць. Пасля — зарадка, лінейка і сняданак. Усё — хутка і весела. Менавіта так пачынаецца раніца ў хлопчыкаў і дзяўчынак у «Брыганціне». Сёлета ў гэтым спартыўна-аздараўленчым комплексе БДУ адпачывае 320 дзяцей. Узрост — ад шасці да чатырнаццаці гадоў. Тут, у лясным маляўнічым масіве на беразе возера непадалёку ад Радашковіч, хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем бавяць час. Гурткі па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, абавязковыя заняткі ў басейне і, безумоўна, шмат цікавых і актыўных заняткаў.

— Кожную хвілінку дзіця павінна быць занятае, — упэўнены дырэктар комплексу Уладзімір ПАЛЯКОЎ. — У нашых хлопчыкаў і дзяўчынак — цікавыя і насычаныя дні. Вялікая колькасць спаборніцтваў, квэсты, дыскатэкі, прагляд фільмаў. І, вядома, безліч эмоцый.

Як атрымаць пуцёўку ў лагер

Улетку дзіця можа адзін раз з'ездзіць у загарадны лагер, адзін раз пабываць у школьным і яшчэ адзін раз — у профільным лагеры, які арганізоўвае аддзел адукацыі або аддзел культуры і спорту (экалагічны, спартыўны і г. д.). У гэтым выпадку яно тры разы атрымае датацыю на адпачынак. Калі ж дзіця хоча паехаць, напрыклад, у загарадны лагер двойчы, то другі раз бацькам давядзецца цалкам аплаціць пуцёўку — пасля першай змены члены камісій адсочваюць усе датацыі на дзяцей. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска.

Што такое датацыя і хто можа яе атрымаць?

Датацыя (афіцыйна гэтыя грошы называюцца сродкамі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне кошту пуцёвак) прызначана дзецям усіх работнікаў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, за якіх наймальнікі плацяць абавязковыя страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва; а таксама дзецям мам, якія знаходзяцца ў дэкрэце; дзецям індывідуальных прадпрымальнікаў, якія плацяць страхавыя ўнёскі; дзецям непрацуючых грамадзян, якія стаяць на ўліку ў цэнтры па працаўладкаванні; дзецям непрацуючых пенсіянераў.

Датацыя пакрывае ў сярэднім 40 % кошту пуцёўкі. Бацькі не атрымліваюць датацыйныя грошы на рукі, яны пералічваюцца адразу на рахунак лагера. А лагер ужо выпісвае бацькам рахунак-фактуру, на падставе якой робіцца аплата. Некаторыя арганізацыі бяруць на сябе аплату ўсёй пуцёўкі, у такім выпадку бацькам неабходна ўнесці толькі вызначаную заканадаўствам даплату не менш за 10 %.

Як атрымаць пуцёўку?

Тут ёсць некалькі варыянтаў.

  • Варыянт 1. У прадпрыемства ёсць свой лагер.

Тады вам трэба звярнуцца ў камісію па аздараўленні на прадпрыемстве і напісаць заяву, затым аплаціць неабходную частку кошту пуцёўкі.

  • Варыянт 2. У прадпрыемства няма лагера.

У кожнай арганізацыі, у тым ліку і прыватнай, павінна быць створана камісія па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, якая займаецца арганізацыяй летняга адпачынку дзяцей. Звычайна камісіямі наладжаны нейкія сувязі, гэта значыць яны традыцыйна купляюць пуцёўкі ў пэўныя лагеры. Але калі ў супрацоўніка ёсць жаданне адправіць дзіця ў іншы лагер, ён можа пазначыць гэта ў заяве, а камісія паспрабуе замовіць пуцёўку ў пажаданае месца адпачынку.

  • Варыянт 3. У невялікай прыватнай кампаніі няма камісіі па аздараўленні.

У такім выпадку супрацоўнік звяртаецца да кіраўніцтва кампаніі, а яно — непасрэдна да ўласніка лагера. Для замовы пуцёвак неабходна аформіць гарантыйны ліст за подпісам кіраўніка прадпрыемства: «Просім выдзеліць для нашых супрацоўнікаў вось столькі пуцёвак у пэўны аздараўленчы лагер. Аплату гарантуем (з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на патанненне пуцёўкі)». Уласнік выставіць арганізацыі рахунак-фактуру за мінусам памеру дзяржаўнай датацыі, арганізацыя аплаціць яе па безнаяўным разліку і атрымае па накладной пуцёўкі.

  • Варыянт 4. У вас няма месца працы.

Калі абое бацькоў — індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі, непрацуючыя, пенсіянеры, тады адзін з іх павінен звярнуцца да спецыяліста рэгіянальнага прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Там правераць ваша права на атрыманне датацыі і выдадуць даведку-пацвярджэнне. Ахвотны падае гэтую даведку ўласніку лагера, і яму прадаюць пуцёўку з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнай датацыі.

Якія дакументы патрэбныя для афармлення дзіцяці ў лагер?

  • заява законнага прадстаўніка непаўналетняга;
  • даведка аб стане здароўя (за 3 дні да ад'езду ў лагер);
  • копія пасведчання аб нараджэнні;
  • пуцёўка;
  • даведка з месца працы бацькоў (пра тое, што датацыя са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў летні перыяд не выкарыстана).

Святлана БУСЬКО

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: На любы густ і кашалёк

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.