Вы тут

Кітай адкрыў новае акно ў Еўропу праз Беларусь


Паміж Беларуссю і Кітаем з'явіўся новы чыгуначны маршрут грузавых зносін. Першы цягнік з 38 кантэйнерамі з акругі Шыцзячжуан кітайскай правінцыі Хэбэй прыбыў на тэрмінал Калядзічы, што знаходзіцца пад Мінскам. Гэты раз таварны састаў пакіне свой груз у Беларусі, аднак у найбліжэйшай будучыні новы лагістычны ланцужок дазволіць паскорыць абмен прамысловымі таварамі паміж Кітаем і краінамі Еўропы.


Паводле слоў першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Ігара Шылава чыгуначныя перавозкі з Кітаем зараз імкліва растуць.

«Сёлета мы плануем правесці праз беларускую чыгунку больш за 4 тысячы кантэйнерных цягнікоў з Кітая ў Еўропу, у тым ліку і ў нашу краіну і назад», — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця новага маршруту Ігар Шылаў.

Таксама плануецца, што новы шлях стымулюе беларускіх бізнесменаў пашыраць свой экспартны патэнцыял.

«БЧ сумесна з Сhіnа Mеrсhаnts Grоuр, лагістычнымі аператарамі, партнёрамі і перавозчыкамі ствараюць усе неабходныя ўмовы для бесперашкоднага грузавога абароту тавараў. Сёння няма праблем для перамяшчэння беларускіх тавараў у 12 правінцый Кітая, як і няма праблемы па перамяшчэнні кітайскіх тавараў у Беларусь. Мы чакаем рэакцыі беларускага і кітайскага бізнесу: умовы створаны», — канстатаваў першы намеснік начальніка БЧ.

Як адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства «Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр» Яўген Усянкоў, пасля сустрэчы першага цягніка плануецца правесці рэкламную кампанію, каб прыцягнуць бізнес. Чакаецца, што ў месяц магчыма будзе адпраўляць 3-4 цягнікі з правінцыі Хэбэй.

«У асноўным па новым маршруце будуць перавозіць тавары прамысловага прызначэння. У далейшым плануецца наладзіць дастаўку кітайскіх грузаў да Еўропы, краін Балтыі і СНД», — растлумачыў Яўген Усянкоў.

Акрамя таго, паводле яго ацэнак, чыгуначны транспарт робіць перавозку грузаў таннейшай у 10 разоў у параўнанні з авіяцыяй. Важная перавага выкарыстання чыгункі — і ў тэрміне дастаўкі. Сёння цягнік па новым маршруце зможа дастаўляць грузы за 14 дзён. Напрыклад, калі везці тавары праз Клайпедскі порт, то тэрмін можа павялічыцца ў 3-4 разы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.