Вы тут

Два новыя віды судовых экспертыз з'явіліся ў Беларусі


Два новыя віды судовых экспертыз з'явіліся ў Беларусі. Іх патрэба была прадыктавана часам. Цяпер спецыялісты праводзяць судовыя лінгвістычныя і культуралагічныя экспертызы. Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) цяпер маюць паўнамоцтвы выдаць заключэнне аб тым, ці ўтрымлівае тэкст, напрыклад, знявагу, нецэнзурную лаянку, заклікі да экстрэмісцкіх дзеянняў. Судовая культуралагічная экспертыза дапаможа вызначыць, ці з'яўляецца якая-небудзь выява або кінастужка парнаграфічнай. І калі так, то ці дэманструюцца ў іх асобы, якія маюць прыкметы непаўналетніх.


Аналіз зваротаў праваахоўных органаў і судоў, якія паступілі ў цэнтральны апарат ДКСЭ, паказвае, што на сёння найбольш запатрабаванымі з'яўляюцца лінгвістычныя экспертызы па справах аб знявагах, а таксама экстрэмісцкай скіраванасці.

— Да ўтварэння ДКСЭ доўгія гады не з'яўлялася ніводнай новай экспертызы, і толькі за апошнія тры гады мы асвоілі больш за дзясятак даследаванняў, — кажа старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэй Швед. — Чым жа важная судовая лінгвістычная экспертыза? Сёння востра стаяць пытанні абароны правоў грамадзян, нацыянальнай бяспекі. Да крыніц магчымых пагроз дадаліся інфармацыйныя рэсурсы. Адным з элементаў дэстабілізацыі абстаноўкі з'яўляюцца лжывыя ўкіды інфармацыі, дэзарыентацыя, паклёп на адрас службовых асоб. Любая дзяржава павінна аператыўна на гэта рэагаваць — як займацца прафілактыкай такіх з'яў, так і вырашаць пытанне аб адказнасці вінаватых асоб.

Да нядаўняга часу з-за адсутнасці паўнавартаснай судовай лінгвістычнай экспертызы былі пытанні яе правапрымянення. Сёлета ж ужо лік такіх даследаванняў пайшоў на дзясяткі. Мяркуецца, што іх агульны аб'ём за год складзе не менш за тысячу.

— Для таго каб правесці арганізацыйныя мерапрыемствы, спатрэбілася амаль два гады, — працягвае Андрэй Швед. — Трэба было падабраць і навучыць кадры. Падрыхтоўка спецыялістаў заняла каля года. Амаль усе яны вучыліся за мяжой. Судовая лінгвістычная экспертыза не запатрабавала пашырэння штатаў, мы прынялі рашэнне экспертаў-фонаскапістаў навучыць новым ведам. Гэта дазволіла сэканоміць рэсурсы, у тым ліку і фінансавыя.

Судовая лінгвістычная экспертыза праводзіцца ў Мінску і абласных цэнтрах. А вось высветліць, ці ёсць на выяве прыкметы парнаграфіі, пакуль можна толькі ў сталіцы. Мяркуецца, што судовых культуралагічных экспертыз будзе праводзіцца прыкладна 800—1000 за год.

Перад судовай лінгвістычнай экспертызай будуць ставіцца задачы высветліць, ці ёсць у прадмеце даследавання — прамове, друкаваным або электронным тэксце — наяўнасць прыкмет зняваг і экстрэмісцкіх выказванняў. Для нашых грамадзян на побытавым узроўні з'явілася магчымасць адстойваць гонар і годнасць у любым працэсе: адміністрацыйным, грамадзянскім і крымінальным. Лічым, што нашы паслугі будуць запатрабаваны і сярод бізнесменаў — напрыклад, калі нядобрасумленныя канкурэнты размяшчаюць інфармацыю, якая зневажае гонар і годнасць. Эксперт будзе даваць заключэнне не па адным, вырваным з кантэксту слове, а па інфармацыі агулам і ў кантэксце развіцця сітуацыі.

Мы распрацавалі нацыянальную методыку экспертыз, але ўлічвалі пры гэтым досвед іншых дзяржаў. Справа ў тым, што ва ўсіх краінах падыходы адрозніваюцца. Мы карысталіся расійскім досведам. У нас блізкая моўная культура, ментальнасць.

А якая ж цана пытання для новай экспертызы ў прыватным парадку? Замовіць яе можа кожны чалавек. Як сцвярджае Андрэй Швед, вельмі высокім кошт не будзе. Справа ў тым, што правядзенне гэтых экспертыз не вымагае выкарыстання якіх-небудзь расходных матэрыялаў. У арсенале спецыялістаў — толькі іх веды і даведнікі.

У інструментарыі галоўнага эксперта аддзела фанаскапічнага ўліку і дыягностыкі ўпраўлення фанаскапічных экспертыз ДКСЭ Алены Трыбут — больш за дзясятак самых разнастайных слоўнікаў.

— Усе выданні сучасныя. Праўда, слоўнікамі Даля, Ожагава ці Ушакова мы не карыстаемся. За акном XXІ стагоддзе, а яны ўжо састарэлі. Тым больш што недастаткова проста адкрыць слоўнік і знайсці патрэбнае слова. У нас ужо былі прыклады, калі адно і тое ж слова мела, напрыклад, 10 розных значэнняў. У іх ліку — як нейтральныя, так і адмоўныя. Таму мы карыстаемся сама меней трыма рознымі слоўнікамі. Але задача адна — выбраць пэўнае значэнне і аргументавана даказаць, што менавіта яно і маецца на ўвазе ў тэксце, які ляжыць на стале ў эксперта.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Ведай цану словам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.