Вы тут

Прэзідэнт змяніў кіраўніцтва ўрада


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада. Адпаведныя кадравыя рашэнні агучыў кіраўнік дзяржавы.


Сяргей Румас.

Андрэя Кабякова на пасадзе прэм’ер-міністра  Беларусі змяніў Сяргей Румас. Да гэтага ён узначальваў “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”. Яго першым намеснікам назначаны Аляксандр Турчын, які да гэтага ўзначальваў Апарат Саўміна.

Румас Сяргей Мікалаевіч нарадзіўся ў 1969 годзе ў Гомелі. У 1990 годзе скончыў Яраслаўскае вышэйшае ваеннае фінансавае ордэна Чырвонай Зоркі вучылішча і да 1992 года праходзіў службу ва Узброеных Сілах. У 1995 годзе ён скончыў Акадэмію кіравання пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У 1992—1994 гадах быў начальнікам улікова-аперацыйнага аддзела, крэдытнага аддзялення, эканамічнага аддзела спецыялізаванага ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі.

З мая па жнівень 1994 года — намеснік старшыні праўлення КБ «Поўнач-Захад» Мінска. Затым да 1995 года з'яўляўся намеснікам старшыні праўлення АКБ «Садружнасць» Мінска.

У 1995-2002 гадах — дырэктар філіялаў № 507 і № 514 ААТ «ААБ Беларусбанк».

З 2002 па 2005 год займаў пасады намесніка старшыні, а затым першага намесніка старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк».

Пасля перайшоў працаваць старшынёй праўлення ААТ «Белаграпрамбанк» і займаў гэту пасаду да 2010 года.

У 2010-2012 гадах — намеснік прэм'ер-міністра Беларусі. Затым быў назначаны старшынёй праўлення Банка развіцця Беларусі.

Аляксандр Турчын.

Турчын Аляксандр Генрыхавіч, першы намеснік прэм'ер-міністра, нарадзіўся ў 1975 годзе ў Навагрудку. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2009 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

У 1997—1998 гадах быў дырэктарам магазіна калгаса «Авангард» Навагрудскага раёна.

Са студзеня па ліпень 1999 года — дзяржаўны падатковы інспектар інспекцыі дзяржаўнага падатковага камітэта па Навагрудскім раёне.

У 1999—2004 гадах займаў пасаду галоўнага кантралёра-рэвізора кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Навагрудскім раёне, затым па Гродзенскай вобласці. У далейшым да 2007 года ўзначальваў фінансавы аддзел Карэліцкага райвыканкама Гродзенскай вобласці.

З 2007 па 2010 год быў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама.

У 2010-2012 гадах — старшыня камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама. Затым да 2015 года займаў пасаду намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама.

З 2015 па 2016 год — памочнік Прэзідэнта Беларусі — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці. З 2016 года кіраваў Апаратам Савета Міністраў Беларусі.

Пасаду намесніка прэм’ер-міністра заняў Ігар Ляшэнка ( да гэтага старшыня канцэрна “Белнафтахім”). Ігар Ляшэнка будзе вырашаць пытанні, якімі займаўся Уладзімір Сямашка.

Ігар Ляшэнка.

Ляшэнка Ігар Васільевіч, намеснік прэм'ер-міністра, нарадзіўся ў 1974 годзе ў горадзе Ачамчыра Абхазскай АССР. У 1996 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт.

У снежні 1996 года працаваў падатковым інспектарам Дзяржаўнай падатковай інспекцыі па Савецкім раёне Гомеля.

У 1997—1998 гадах — інжынер другой катэгорыі аддзела маркетынгу Гомельскага хімічнага завода. З 1998 па 2006 год быў начальнікам планава-эканамічнага аддзела на гэтым прадпрыемстве. У 2006—2013 гадах — дырэктар Гомельскага хімічнага завода.

Затым быў назначаны першым намеснікам старшыні канцэрна «Белнафтахім». Узначальваў яго з 2014 года.

Пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту будзе курыраваць намеснік прэм’ера Уладзімір Кухараў. “Гэта аснова. А далей вам вызначацца ва ўрадзе, як вы размяркуеце гэтыя абавязкі”, — падкрэсліў беларускі лідар. Раней Уладзімір Кухараў працаваў намеснікам старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Уладзімір Кухараў.

Кухараў Уладзімір Яўгенавіч, намеснік прэм'ер-міністра, нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Ціманава Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1993 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, у 1999 годзе — Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства, у 2012 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

У 1993—1999 гадах быў дырэктарам Барысавіцкай няпоўнай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна, потым сярэдняй школы № 3 Клімавічаў.

З 1999 па 2009 год займаў розныя пасады ў структурах Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Затым па 2012 год з'яўляўся кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

У 2012—2016 гадах — першы намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама.

У 2016 годзе зноў вярнуўся ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, але ўжо на пасаду намесніка старшыні ведамства.

За сацыяльную сферу — адукацыю, медыцыну, культуру, спорт будзе адказваць Ігар Петрышэнка, які да сёння працаваў паслом Беларусі ў Расіі.

Ігар Петрышэнка.

Петрышэнка Ігар Віктаравіч, намеснік прэм'ер-міністра, нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1986 годзе скончыў Вільнюскае каманднае вучылішча радыёэлектронікі, у 1992 годзе — Ваенны Чырванасцяжны інстытут, у 1998 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

У 1986—1996 гадах праходзіў службу ва Узброеных Сілах.

З 1996 па 1999 год — саветнік, галоўны саветнік, начальнік дагаворна-прававога ўпраўлення апарату міністра па справах СНД Апарату Кабінета Міністраў Беларусі, затым Апарату Савета Міністраў Беларусі.

У 1999—2003 гадах займаў пасады начальніка ўпраўлення міждзяржаўнага супрацоўніцтва Апарату Савета Міністраў, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення міждзяржаўнага супрацоўніцтва і гандлю — начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Апарату Савета Міністраў.

З лютага па жнівень 2003 года быў намеснікам начальніка ўпраўлення Расіі і Саюзнай дзяржавы Міністэрства замежных спраў.

У 2003—2007 гадах — саветнік пасольства Беларусі ў Расіі.

У 2007—2008 гадах быў начальнікам упраўлення Расіі і Саюзнай дзяржавы МЗС, пасля чаго назначаны першым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі і займаў гэту пасаду да 2012 года.

Затым з'яўляўся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі, Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце СНД, Паўнамоцным прадстаўніком пры АДКБ па сумяшчальніцтве і спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва.

“На парадку дня гэтыя пытанні стаяць даўно. Прынамсі, перада мной як Прэзідэнтам. А ў апошні час яны набылі асаблівае гучанне ў сувязі з мерапрыемствам на ўсходзе Беларусі. Тады мной было прынята рашэнне абнавіць наш урад, асабліва кіраўніцтва. Было даручана кіраўніку Адміністрацыі правесці кансультацыі з адпаведнымі службовымі асобамі, вярнуцца да рэзерву кадраў Прэзідэнта, правесці кансультацыі з кіраўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці нашай краіны”, — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, новае кіраўніцтва атрымалі і некалькі міністэрстваў краіны. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ўзначаліць Дзмітрый Мікулёнак, які працаваў дырэктарам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама".

Дзмітрый Мікулёнак.

Мікулёнак Дзмітрый Міхайлавіч, міністр архітэктуры і будаўніцтва, нарадзіўся ў 1973 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію ў 1996 годзе і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі ў 2006 годзе.

У 1996—2004 гадах — інжынер, майстар па будаўніцтве, правядзенні работ, начальнік вытворчага аддзела будаўнічага ўпраўлення № 256 Мінскага арэнднага прадпрыемства індустрыяльнага домабудавання «Мінскжылбуд» (у 2001 годзе пераўтворана ў ААТ «МАПІД»).

З 2004 па 2006 год быў галоўным спецыялістам КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама», затым намеснікам дырэктара па ўзвядзенні будынка Нацыянальнай бібліятэкі КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама».

У 2006—2011 гадах — галоўны інжынер — першы намеснік дырэктара КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама». З 2011 года быў дырэктарам прадпрыемства.

Новым міністрам прамысловасці стаў Павел Уцюпін. “Ведаеце сферу. Вы там, па-мойму, гадоў пяць прапрацавалі. І вельмі добра, што вы працавалі і ў Міністэрстве эканомікі”, — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Павел Уцюпін.

Уцюпін Павел Уладзіміравіч, міністр прамысловасці, нарадзіўся ў 1976 годзе ў сяле Папоўка Харольскага раёна Прыморскага краю Расіі. У 1998 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у 2007 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

У 1994—1995 гадах быў намеснікам дырэктара па знешнеэканамічных сувязях малога прадпрыемства «Дубль В» (Барысаў).

З 1995 па 1999 год — начальнік аддзела знешнеэканамічных сувязяў вытворча-камерцыйнай фірмы «УТВ» (Барысаў).

З лютага па лістапад 1999 года — эканаміст планава-эканамічнага аддзела сумеснага беларуска-германска-расійскага прадпрыемства «Фрэбор».

У 1999—2002 гадах — аспірант Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пасля да 2006 года займаў пасады саветніка і галоўнага саветніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

З 2006 па 2011 год — намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах ААТ «Белшына».

У 2011 годзе назначаны намеснікам міністра прамысловасці, у 2017-м — намеснікам міністра эканомікі.

Міністэрствам эканомікі будзе кіраваць былы першы намеснік міністра Дзмітрый Крутой. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Міністэрству эканомікі трэба набыць “новае дыханне” і прыстасавацца да “новых рэаліяў”.

Дзмітрый Крутой.

Крутой Дзмітрый Мікалаевіч, міністр эканомікі, нарадзіўся ў 1981 годзе ў пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці. У 2003 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, у 2010 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

Са жніўня 2003 года па 2004 год — інжынер кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемствах хіміка-ляснога комплексу Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, аспірант ВНУ.

У 2004—2006 гадах — вядучы, галоўны эканаміст сектара арганізацыі аплаты працы і цэнаўтварэння ўпраўлення эканомікі і інвестыцый Міністэрства лясной гаспадаркі.

У 2006—2014 гадах — намеснік начальніка ўпраўлення ляснога комплексу галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага і ляснога комплексаў Міністэрства эканомікі, затым намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага і ляснога комплексаў — начальнік упраўлення ляснога комплексу.

У 2014 годзе назначаны намеснікам міністра эканомікі, у 2017 годзе — першым намеснікам міністра.

Беларускі лідар наступным чынам прадставіў новага міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана: “Чалавек дысцыплінаваны, ваенны, які вельмі добра ведае гэтую сферу, і асабліва перспектыву развіцця, звязаную з інфармацыйнымі тэхналогіямі, стварэннем вялікай удзельнай вагі ў эканоміцы IT-сферы”.

Канстанцін Шульган.

Шульган Канстанцін Канстанцінавіч, міністр сувязі і інфарматызацыі, нарадзіўся ў горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны.

З чэрвеня 1989 года па студзень 1995 года праходзіў службу на пасадах інжынера трэцяга аддзела вайсковай часці 51458 і старшага афіцэра чацвёртага аддзела Дзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі пры Міністэрстве абароны Беларусі.

Затым па чэрвень 2008 года займаў пасады старшага афіцэра, галоўнага спецыяліста, начальніка групы, начальніка аддзела ў структуры Дзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі пры Савеце бяспекі Беларусі.

У 2008—2013 гадах праходзіў ваенную службу на афіцэрскіх пасадах у Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Прэзідэнце Беларусі. У красавіку 2016 года назначаны намеснікам начальніка ААЦ.

Змяніўся і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Ім стаў Раман Галоўчанка. Акрамя вопыту ў гэтай сферы, Раман Галоўчанка займаў пасады і пасла ў некаторых краінах.

Раман Галоўчанка.

Галоўчанка Раман Аляксандравіч, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, нарадзіўся ў 1973 ў Жодзіне.

У 1996 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расіі, у 2003 годзе —  Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

У 1996—1997 гадах з'яўляўся рэферэнтам старшыні праўлення, намеснікам генеральнага дырэктара ЗАТ «Белтэхэкспарт».

З 1997 па 2002 год — галоўны спецыяліст Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі.

У 2002—2005 гадах — намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем законаў у ваенна-прамысловым комплексе пракуратуры Беларусі.

Затым да 2006 года быў галоўным саветнікам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

У 2006—2009 гадах — галоўны саветнік аддзела супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай бяспекі, галоўны саветнік упраўлення міжнароднай бяспекі Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.

З ліпеня па снежань 2009 года — саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Польшчы.

Затым назначаны першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі, займаў гэтую пасаду да 2013 года.

У красавіку 2013 года стаў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, пазней па сумяшчальніцтве — у Катары, Кувейце і Саудаўскай Аравіі.

Пасля свайго назначэння Сяргей Румас сказаў журналістам, што ўсе праграмныя дакументы на пяцігодку, неабходныя для работы ўрада і ўстойлівага функцыянавання эканомікі, прынятыя. І ўрад будзе па іх працаваць.

Адзнакай працы ўрада будзе рост дабрабыту насельніцтва.

“Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў некалькі важных акцэнтаў, якія павінны быць уласцівыя абноўленаму складу ўрада. Першае — дысцыпліна. Напэўна, не сакрэт, што прычынай кадравых змяненняў ва ўрадзе з'явіліся пытанні, якія выявіліся ў Оршы, і цэлы шэраг іншых пытанняў. Кіраўнік дзяржавы пачаў з гэтага — пытанні дысцыпліны, прыстойнасці і пытанні дабрабыту людзей”, — паведаміў прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас падкрэсліў, што адзнакай працы ўрада будзе рост дабрабыту насельніцтва.


"Калі я прымаў рашэнні ў Оршы, некаторыя ў грамадстве гэта ўспрынялі як нейкае спантаннае рашэнне. А некалькі чалавек так падумалі, што, можа быць, не варта было за адно мерапрыемства Аршанскага рэгіёна, усходняга рэгіёна, так жорстка крытыкаваць урад. Дык вось, я хачу сказаць: справа не толькі ў Оршы. Гэта апошняя кропля, якая перапоўніла чашу цярпення. Галоўнае — у глыбіні. І вы, людзі, недалёкія ад урада (а некаторыя працавалі ў гэтых пасадах, хай не на першых ролях, але фактычна ва ўрадзе), разумееце, што не можа быць ніякіх рознагалоссяў і розначытанняў у правядзенні курсу развіцця нашай краін" , — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь узяла пэўны курс, які  быў абвешчаны ў прадвыбарнай кампаніі. І за гэта людзі галасавалі. “Тое, што мы людзям абяцалі, а ўрад быў створаны менавіта пад гэты курс, той курс павінен і правадзіцца. І галоўнае ў нашай палітыцы — народ. Гэта ніякі не папулізм. Я заўсёды гэтак казаў і кажу. У адваротным выпадку нам у гэтай краіне рабіць няма чаго. Людзі — гэта галоўнае. Дысцыпліна, прыстойнасць, згуртаванасць, сістэма ўлады, жорсткасць яе, нацэленая на дысцыпліну і прафесіяналізм,— гэта фактар ​​незалежнасці нашай краіны”, — сказаў Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.