Вы тут

Аб’яднаныя Шэкспірам


Што прапануюць гледачам Купалаўскі тэатр і расійскі рэжысёр Андрэй Прыкатэнка ў прэм’еры будучага сезона?

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы скончыў 98 сезон перадпаказам спектакля «Сон у купальскую ноч» паводле п’есы Уільяма Шэкспіра (пераклад на беларускую мову Алеся Разанава). Дзеля стварэння новай пастаноўкі ў Мінск быў запрошаны ўладальнік спецыяльнага прыза Расійскага нацыянальнага тэатральнага фестывалю і прэміі «Залатая маска» галоўны рэжысёр Новасібірскага дзяржаўнага драматычнага тэатра «Стары дом» Андрэй Прыкатэнка, вядомы па паспяховых спектаклях у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Новасібірску, Рызе. Аб прэм’ерным спектаклі, шэкспіраўскім тэатры і ўзаемадзеянні з беларускай мовай Андрэй Прыкатэнка расказаў карэспандэнту «ЛіМа».


— Купалаўскі тэатр — першы беларускі тэатр, дзе вы ставіце спектакль. Як пачалося супрацоўніцтва?

— Кіраўніцтва Купалаўскага прапанавала мне зрабіць пастаноўку на беларускай сцэне, і я пагадзіўся. Усё складвалася ў звычайным рэжыме: спачатку шукалі матэрыял, які падыдзе для нашай працы, абмяркоўвалі ідэі — адну, другую... У выніку спыніліся на Уільяме Шэкспіры і яго камедыі «Сон у летнюю ноч». Мне вельмі спадабаліся і трупа, і сам тэатр: тут пануе прыемная і спрыяльная атмасфера, працуюць выдатныя артысты — яны хутка разумеюць, што ад іх патрабуецца, і імгненна арыентуюцца ў сітуацыі. Да таго ж Купалаўскі добра абсталяваны і мае апаратуру, якой могуць пазайздросціць многія расійскія тэатры.

«Калі толькі прыязджаеш працаваць з новым калектывам, здаецца, што з акцёрамі са свайго тэатра ўсё атрымаецца лепей, бо ўжо ведаеш, як сябе з імі паводзіць, як правільна падысці да пастаўленай задачы. Цягам падрыхтоўкі “Сна ў купальскую ноч” мы так добра спрацаваліся з трупай Купалаўскага, што цяпер я еду ставіць спектакль у іншы тэатр з жаданнем заняць на новым праекце беларускіх артыстаў. Акцёры, задзейнічаныя ў “Сне ў купальскую ноч”, таленавітыя ўсе без выключэння, і я буду па іх сумаваць», — адзначыў рэжысёр-пастаноўшчык на выніковай прэс-канферэнцыі.

— Чаму менавіта гэтыя аўтар і твор леглі ў аснову спектакля?

— У грамадстве заўсёды існуе попыт на рамантычныя сюжэты. Асабліва сярод моладзі: яна хацела б бачыць чыстую гісторыю кахання без прымешкі сацыяльнай праблематыкі, цынізму, налёту «даросласці». Я захацеў адказаць на запыт юнакоў, і разважанні на гэтую тэму прывялі мяне да п’есы «Сон у летнюю ноч». Насамрэч яна вельмі наіўная і нагадвае жыццё класічных падлеткаў, дзе на першым плане стаяць праблемы рамантычных адносін, калі адзін кахае, а другі не адказвае на пачуцці. Гэтаму і прысвечаны спектакль: ні больш, ні менш. Тут глядач не ўбачыць адчаю і адзіноты, дэпрэсіі, адчування глабальнага крызісу, як у папярэдняй маёй пастаноўцы паводле шэкспіраўскага твора «Sociopath/ Гамлет». Зараз мне вельмі падабаецца працаваць над «лёгкай» тэмай: трагічнае ўспрыманне свету ўжо надакучыла. Значна лепш, калі людзі проста кахаюць адно аднаго.

— «Sociopath/Гамлет» расійскія крытыкі і гледачы ахарактарызавалі як спектакль-здзіўленне, бо там было шмат цікавых і складаных тэхнічных рашэнняў. Вы не выключаеце паміж вашымі шэкспіраўскімі пастаноўкамі — рускай і беларускай — нейкага падабенства?

— Безумоўна, бо тут той жа самы аўтар, адзін і той жа рэжысёр. Так, на сцэне «Старога дома» падчас паказу «Sociopath/Гамлет» стаяў адмысловы куб. Куб з’яўляецца і на беларускай сцэне, але зусім іншы з боку тэхнічнага абсталявання. У папярэднім спектаклі ён быў зроблены са спецыяльнай сеткі, у Мінску паўстане куб з пластыку. З выбарам матэрыялу прыйшлося павазіцца: ён цалкам адпавядае правілам пажарнай бяспекі, падчас мантажу можа вытрываць нават свідраванне, не трэскаецца (што істотна для аграменнага празрыстага палатна памерам 9 на 5 метраў) і разам з тым прымае на сябе праекцыйныя выявы з усіх чатырох плоскасцей (каб дасягнуць адчування, што чалавек знаходзіцца ўнутры праекцыйнага асяроддзя, карцінка ідзе ў некалькі слаёў). Дзякуючы шматлікім скамуціраваным у адно цэлае відэапраектарам, мы паказваем багатую медыягісторыю. Беларусаў падчас прэм’еры чакае займальны з візуальнага пункту гледжання спектакль, але, нягледзячы на тэхнічныя новаўвядзенні, галоўнай дзеючай асобай застанецца артыст.

— П’еса «Сон у летнюю ноч», дзе сярод персанажаў можна сустрэць эльфійскіх уладароў Аберона і Тытанію, мае містычную нотку. Як вы вырашылі перадаць на сцэне фантастычную атмасферу?

— У пастаноўцы будзе шмат адпаведных эфектаў: без сумнення, гледача чакаюць цуды. Чаго варты толькі прыгожы, нават ашаламляльны вобраз Тытаніі ў выкананні актрысы Юліі Шпілеўскай, які з’явіўся дзякуючы ўнёску Вольгі Шаішмелашвілі. Вольга Шаішмелашвілі — выдатны расійскі спецыяліст, даволі вядомы ў сферы сцэнаграфіі і касцюмаў. За яе плячыма супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным акадэмічным тэатрам балета Барыса Эйфмана, шматлікімі расійскімі і еўрапейскімі тэатрамі. Магу назваць яе сваім надзейным паплечнікам, бо мы неаднойчы рыхтавалі спектаклі разам. Мастак-сцэнограф — другі чалавек пасля рэжысёра, бо прастора і касцюмы ў тэатры маюць вялікае значэнне, нясуць мастацкі пасыл гледачу.

— Той варыянт «Сна ў летнюю ноч», які беларусы ўбачаць у верасні, нельга аднесці да класічнага прачытання Шэкспіра.

— А ў гэтай п’есы ёсць класічны варыянт? Тут нават не пазначаны час, калі адбываецца дзеянне. Вы не знойдзеце канкрэтыкі, нават калі вельмі пастараецеся, бо так захацеў сам Шэкспір. Аўтар сцвярджае, што яго героі знаходзяцца ў казачным свеце, дзе, з аднаго боку, стаяць Афіны, а з іншага — жывуць эльфы і істоты кельцкай міфалогіі. «Сон у летнюю ноч» — абсалютная казка, не прывязаная да канкрэтнай эпохі альбо асяроддзя. Атрымліваецца, што для пастаноўкі такой п’есы не можа быць ніякага ўзвышанага і прыгожага «класічнага» варыянта, які нарадзіўся ў свядомасці гледачоў пасля прагляду пэўнай колькасці не заўсёды ўдалых спектакляў па драматургіі Шэкспіра.

Адкуль узнік міф пра класічны тэатр? Людзі часоў Шэкспіра былі ў большасці неадукаваныя: некаторыя нават не ўмелі чытаць і атрымлівалі інфармацыю толькі ў сценах царквы, куды прыходзілі падчас службы. Было іншае светаадчуванне: сусвет створаны так, як намаляваны на фрэсках ды іконах. Іншая эпоха, іншыя людзі, толькі пачынаў узнікаць той тэатр, да якога мы ўсе прызвычаіліся. Калі б мы паказалі «класічны», па меркаванні сучасных гледачоў, спектакль самому Шэкспіру, ён бы жахнуўся. Шэкспіраўскі тэатр — гэта тэатр, дзе няма нават запісанай п’есы: артысты знаходзіліся ў пастаяннай імправізацыі, казалі тое, што прыйдзе ім у галаву, маглі нават лаяцца перад аўдыторыяй. Акцёры выступалі, як сучасны Comedy Club: пераносілі на сцэну тое, што адбывалася ў жыцці.

— Артыстам Купалаўскага тэатра ў «Сне ў купальскую ноч» дазвалялася імправізацыя?

— Так, у нашым спектаклі ёсць персанаж, які прамаўляе тэкст «ад сябе». І калі пачаць даследаваць тэатр Шэкспіра, менавіта такі варыянт і назавуць класічным, бо там акцёры перыядычна ўстаўлялі свае рэплікі па ходзе дзеяння. У беларускага гледача пасля прагляду пастаноўкі павінна ўзнікнуць пытанне: артыст казаў загадзя прадуманы і завучаны тэкст альбо імправізаваў і дзейнічаў па сітуацыі?

— Адметнасць Купалаўскага тэатра ў тым, што ўсе спектаклі там ідуць на беларускай мове, і цяперашні — не выключэнне. Складана было працаваць з беларускім тэкстам?

— Так склалася, што я нічога не разумею па-беларуску. Але артысты ведаюць і беларускую, і рускую мову, таму яны перакладалі для мяне незразумелыя словы.

«Падчас працы над спектаклем у маім успрыманні з беларускай мовай адбылася незвычайная метамарфоза. Пакуль артысты проста прамаўлялі словы п’есы, я не разумеў, пра што ідзе гаворка, але калі пры дапамозе музыкі кампазітара Івана Кушняра яны запелі, высветлілася, што мелодыка беларускай мовы бліжэй да мелодыкі арыгінальнага твора, бо, у адрозненні ад сучаснага рускага маўлення, беларускае захавала своеасаблівую архаічную энергію», — сказаў рэжысёр на прэс-канферэнцыі перад прэм’ерай.

— Масква, Санкт-Пецярбург, Новасібірск... Адна краіна, але такая вялікая адлегласць паміж гарадамі. Адчуваецца розніца ў стаўленні да тэатра ў розных кутках Расіі?

— Калісьці адрозненне паміж правінцыяй і сталічнымі тэатрамі было больш заўважным. Цяпер, дзякуючы сучасным спосабам камунікацыі, дыстанцыя змяншаецца, парушаюцца былыя абмежаванні. Тут вельмі дапамагае расійская нацыянальная тэатральная прэмія «Залатая маска». Арганізатары фестывалю надзвычай адказна ставяцца да адбору спектакляў: каб ахапіць як мага больш паказаў, эксперты ездзяць па краіне ў адпаведнасці з насычаным графікам прагляду, дзе штодня значыцца новы пералёт у іншы горад на спектакль мясцовага тэатра. Здараецца, што ў іх няма часу нават на тое, каб проста паспаць. З боку крытыкаў гэта каласальныя намаганні, але ў выніку Расія мае такі буйны фестываль.

Самі тэатры таксама не сядзяць на месцы: іх трупы актыўна ездзяць, гастралююць па Расіі. Напрыклад, прэм’ера «Sociopath/Гамлет» у Новасібірску дала мне больш, чым спектакль у Маскоўскім акадэмічным тэатры сатыры: дзякуючы відэа, сацыяльным сеткам ды іншым спосабам камунікацыі, пра яго неўзабаве даведалася ўся тэатральная Расія. Усе, хто хацеў, змог убачыць яго падчас фестываляў, у якіх брала ўдзел новасібірская пастаноўка. Мы імкнёмся быць у цэнтры тэатральнага жыцця, на піку тэатральнай моды, і месцазнаходжанне тэатра не мае вялікага значэння: можна быць у ар’ергардзе ў Маскве і ў авангардзе ва Уладзівастоку.

— Вы працавалі ў тэатрах па ўсёй Расіі, стваралі пастаноўкі ў Латвіі, а зараз і ў Беларусі. Ці ёсць прынцыповыя непадабенствы ў падрыхтоўцы спектакляў для розных краін?

— Зусім няма: у нас усіх адна тэатральная школа. Але гледачы сустракаюцца не падобныя адно да аднаго. Практыка паказвае, што ў Расіі добра прымаюць правакацыйныя спектаклі, а ў Латвіі жывуць даволі кансерватыўныя людзі, таму і на пастаноўкі прыходзяць больш стрыманыя гледачы. Вашу аўдыторыю я пакуль не ведаю, але ўжо ў верасні, на прэм’еры спектакля «Сон у купальскую ноч», пазнаёмлюся і з беларускімі тэатраламі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.