Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым аглядзе «Звязды» традыцыйна расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. На 48-м годзе пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр Уладзімір Журавель.

Апошнім месцам работы беларускага трэнера быў карагандзінскі «Шахцёр». Журавель узначаліў казахстанскую каманду ў студзені 2018 года, аднак ужо ў ліпені пакінуў клуб. З тых часоў настаўнік заставаўся без работы. Нагадаем, да гэтага Уладзімір Іванавіч узначальваў брэсцкае «Дынама», «Гомель», мінскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр». З 2010-га па 2013 год чатыры разы запар браў з гарнякамі «серабро» чэмпіянату Беларусі. У 2014-м паўтарыў поспех пяты раз — ужо з мінскім «Дынама». А ў 2017-м прывёз у Брэст Кубак Беларусі. З мінскім «Дынама» Журавель шэсць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі, а таксама двойчы выйграваў Кубак Беларусі.

2. Зборная Беларусі па футболе перамагла на выездзе Сан-Марына — 2:0 і выйшла ў плэй-оф Лігі нацый.

Галявыя ўдары на рахунку Станіслава Драгуна і Антона Сарокі. Нагадаем, у першым крузе Лігі нацый беларускія футбалісты разграмілі Сан-Марына на полі мінскага стадыёна «Дынама» з лікам 5:0. Затым падапечныя Ігара Крывушэнкі двойчы перамаглі Люксембург — 1:0 (дома) і 2:0 (у гасцях), а таксама два разы згулялі ўнічыю з Малдовай з аднолькавым лікам 0:0. Такім чынам, наша каманда засталася адзінай з 55 удзельнікаў Лігі нацый, хто не прапусціў ніводнага гола на групавой стадыі.

Першае месца ў групе 2 дазволіла беларускім футбалістам выйсці ў лігу С і мець магчымасць у сакавіку 2020 года пазмагацца з трыма іншымі пераможцамі груп у лізе D за права трапіць на чэмпіянат Еўропы 2020 года. У ліку верагодных сапернікаў — Грузія, Македонія, Косава ці Азербайджан. Дакладна сваіх апанентаў беларусы даведваюцца сёння ўвечары

3. Футбалісты барысаўскага БАТЭ сталі апошнімі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі.

У заключным паядынку 1/8 фіналу чэмпіёны краіны прымалі на полі «Барысаў-Арэны» гасцей з «Гарадзеі» і завяршылі асноўны час унічыю — 0:0. У дадатковыя паўгадзіны забітых мячоў таксама не было, а ў серыі пенальці барысаўчане былі дакладнейшыя — 4:2. Сапернікам БАТЭ ў барацьбе за выхад у паўфінал будзе «Іслач». Склады астатніх пар 1/4 фіналу: «Дынама» (Мінск) — «Слуцк», «Шахцёр» (Салігорск) — «Белшына» (Бабруйск), «Віцебск» — «Лакаматыў» (Гомель).

Першыя чвэрцьфінальныя сустрэчы адбудуцца ў сярэдзіне сакавіка 2019 года.

4. Марына Слуцкая атрымала ўпэўненую перамогу на Гран-пры па дзюдо ў Гаазе (Нідэрланды).

У катэгорыі звыш 78 кг беларуска ў фінале ва ўпартай барацьбе справілася з Ванэсай Мбала Атанганай з Камеруна, атрымаўшы ацэнку «іпон».

Адзначым, у бягучым сезоне Марына Слуцкая перамагла на турніры ў Абу-Дабі і займала прызавыя месцы ў Будапешце і Ташкенце.

Сярэбраную ўзнагароду ў катэгорыі да 100 кг у Гаазе заваяваў і беларус Мікіта Свірыд, які ўпэўнена дайшоў да фіналу, а ў вырашальным паядынку за першае месца саступіў ізраільцяніну Петэру Пальчыку.

5. Баскетбалісткі зборнай Беларусі разграмілі каманду Эстоніі (103:63) у гасцявым адборачным матчы чэмпіянату Еўропы 2019 года.

Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Вікторыя Гаспер, якая набрала 25 ачкоў. У першым крузе спаборніцтваў кваліфікацыйнай групы В беларускі абыгралі эстонак у Мінску з лікам 80:63. Акрамя таго, яны двойчы перамаглі зборную Польшчы — 70:62 (у гасцях) і 71:50 (дома), а таксама саступілі турчанкам — 54:64.

У апошнім матчы кваліфікацыі беларускі 21 лістапада згуляюць у гасцях у каманды Турцыі, якая ў 5-м туры выйграла ў гасцях у Польшчы.

Турнірнае становішча перад заключнымі гульнямі: Турцыя — 10 ачкоў, Беларусь — 9, Польшча — 6, Эстонія — 5.

У фінальную частку жаночага Еўрабаскета-2019 выйдуць пераможцы васьмі груп, а таксама шэсць найлепшых зборных, што занялі другія месцы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Спартыўныя перамогі і жыццёвая страта

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.