Вы тут

Захаваем? Толькі разам


Захапленне беларусаў традыцыйнай культурай у нашы дні можна назваць сапраўдным трэндам. Здавалася б, справы не стаяць на месцы: ладзяцца экспедыцыі па збіранні песень, рэканструкцыі абрадаў, выдаюцца дыскі, канцэрты фольк-гуртоў збіраюць поўныя залы. Моладзь з задавальненнем наведвае танцавальныя вечарыны ў клубным фармаце, танчыць на вуліцах, у парках…


Фальклорны ансамбль «Калыханка» (аг. Міханавічы, Мінскі раён).

Але калі прыгледзецца больш уважліва, то вельмі лёгка заўважыць, што ўдзельнікамі гэтых вечарын, спажыўцамі «фальклорных прадуктаў» з’яўляюцца адны і тыя ж людзі прыкладна аднаго ўзросту. Гэта жыхары сталіцы, радзей — абласных цэнтраў, студэнты і нядаўнія выпускнікі ВНУ. Для іх захапленне традыцыйнай культурай пачынаецца з хобі, тусоўкі аднадумцаў і з часам можа ператварыцца ў нешта больш прафесійнае. Неяк не зусім лагічна атрымліваецца: любоў да роднага і блізкага, той самай малой радзімы, пачынаецца далёка ад яе.

Пачатак — з дзіцячага садка

Разам з тым, каб смела казаць пра перайманне, пераемнасць пакаленняў у клопаце аб аўтэнтыцы ў розных яе праявах, варта мець на ўвазе і працу «на месцах», стварэнне сістэмы непарыўнага выхавання і адукацыі, аж пачынаючы з дзіцячага садка. Гэтае і іншыя пытанні падчас круглага стала «Традыцыйная культура беларусаў: сучасны стан, праблемы захавання і развіцця» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў абмеркавалі навукоўцы, фалькларысты, музыканты, арганізатары фестываляў.

Так, прарэктар па навуковай рабоце БДУКМ Віктар Языковіч распавёў, што ўніверсітэт заўсёды неабыякава ставіўся да традыцыйнай культуры краіны, шэраг яго прафесараў непасрэдна займаліся яе вывучэннем, захаваннем і папулярызацыяй: у мінулыя часы — Мікола Грынчык, Іван Цішчанка, Уладзімір Гром, Станіслаў Дробыш, Пётр Гуд, Юлія Чурко; сёння — Рыгор Шаура, Святлана Гуткоўская, Вольга Лабачэўская і іншыя.

— Апошнія тры дзесяцігоддзі мы, супрацоўнікі сферы культуры, набываем новы вопыт, але губляем назапашаны, — выказаў трывогу старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Cтружэцкі. — Так, з 1990-х гадоў для развіцця традыцыйнай культуры было зроблена шмат: ствараліся калектывы, адкрываліся цэнтры рамёстваў і фальклору, вяліся запісы і зборы матэрыялу. Быў заснаваны фестываль «Берагіня», які з высокіх трыбун штораз абвяшчае пра важнасць традыцыйнай культуры. Але дагэтуль назіраем сітуацыю з вядомага фільма «Дзень сурка»… Няма сістэмы падтрымкі традыцыйнай культуры і дзяржаўнай міжгаліновай праграмы па яе захаванні.

Думку Тадэуша Іванавіча падтрымаў мастацкі кіраўнік фэсту «Берагіня», этнахарэолаг Мікола Козенка:

— Праблемы, якія паўстаюць у галіне традыцыйнай культуры беларусаў на сучасным этапе, яскрава вылучае Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які за 20 гадоў існавання ад рэгіянальнага фестывалю ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці перарос фактычна ў нацыянальны фальклорны рух. За гады функцыянавання фэст сцвердзіўся як сістэма этнавыхавання дзяцей і моладзі. Гэта цэлая школа, што грунтуецца на прынцыпах выяўлення, аднаўлення, пераймання, папулярызацыі разнастайных форм традыцыйнай мастацкай культуры малой радзімы.

Разам з тым удзельнікі круглага стала адзначылі шэраг праблем і недахопаў, што сёння існуюць у сістэме навучання традыцыйнай культуры. Гэта найперш адсутнасць агульнай дзяржаўнай праграмы, што рэгламентавала б усе працэсы краіны, звязаныя з захаваннем традыцыйнай культуры і арганізацыяй адметных фестываляў, рухаў. Таксама падкрэслівалася раз’яднанасць удзельнікаў гэтага працэсу. Па сутнасці, працуючы на адной дзялянцы, кожная з устаноў застаецца сам-насам з цяжкасцямі і мусіць самастойна шукаць рашэнні самых надзённых пытанняў. Востра абмяркоўвалі і праблему недахопу прафесійных, высокаадукаваных кадраў. Парадаксальна, але кафедра харэаграфіі БДУКМ не выпускае спецыялістаў у галіне этнахарэаграфіі і энтахарэалогіі: «Гэта ілюстрацыя катастрафічнага недахопу спецыялістаў па традыцыйнай культуры ў дзіцячых школах мастацтваў, каледжах культуры і мастацтваў, у клубных фальклорных калектывах, у гуртках школьнай самадзейнасці, што не спрыяе ні аднаўленню, ні пераемнасці, ні развіццю беларускай народнай харэаграфічнай спадчыны, — заўважыў Мікола Козенка. — Адно відавочна: патрэбны асобны напрамак “Беларускі народны танец” з рознымі спецыялізацыямі. У іх ліку “Беларускі харэаграфічны фальклор”».

Конкурс салістаў — выканаўцаў народнага танца «Жабка».

Традыцыя — не толькі танец

Сапраўды, танец — важны складнік культуры беларусаў. Гэта не толькі адпачынак ад працы, але і выдатныя кардыятрэніроўкі (як сказалі б аматары фітнесу), сродак сацыялізацыі асобы ў грамадстве і аб’яднання цэлай грамады. Разам з тым танцаваць нельга без музыкі, а песня і народны строй зробяць вечарыну больш каларытнай. Таму слушнай з’яўляецца думка доктара філасофскіх навук, прафесара Энгельса Дарашэвіча:

— Традыцыйная культура — комплекс, які нельга зводзіць толькі да харэаграфіі. Але выкарыстаць яе як прэцэдэнт далучэння дзяцей да культуры свайго народа трэба ўжо сёння і зараз, бо можа быць позна. Варта на побытавым узроўні мяняць парадыгму стаўлення да фальклору, ствараць грамадскую думку. Напрыклад, у БДУКМ навучаецца каля 600 студэнтаў — будучых менеджараў у галіне культуры і турызму, з іх фактычна ніхто не займаецца фальклорам. Сумны паказчык, таму, падаецца, пачынаць сапраўды варта з народнай культуры ў дзіцячым садочку.

Але тут узнікае яшчэ адно пытанне: у сучасных умовах мы маем справу не з фальклорам у звыклым разуменні гэтага паняцця, а, хутчэй, з постфальклорным рухам: рысы, вобразы традыцыйнай культуры ўзнаўляюцца не ў звыклым асяродку сялянскай сям’і, а праз навучанне і перайманне ва ўмовах гарадскога побыту.

— Варта адрозніваць аўтэнтыку і мастацтва па матывах фальклору, — кажа кандыдыт культуралогіі, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ Вячаслаў Калацэй. — Гэтую ідэю ў пачатку ХХ стагоддзя слушна сфармуляваў румынскі навуковец Мірча Эліядэ. Ён пісаў: «Паміж выканаўцам абраду і сцэнічнай інтэрпрэтацыяй — бездань», бо носьбіт традыцыі паляпшае Сусвет і ў гэтым самавыяўляецца, забяспечвае трансляцыю культуры свайго народа, а артыст на сцэне проста заклікае гледача да эстэтычных перажыванняў. Людзям надакучыў народны балет замест беларускага танца, таму і з’явілася «Берагіня», яе арганізатары Мікола Козенка і Святлана Беразоўская, а таксама тысячы ўдзельнікаў фэсту. Сёння ўсім зразумела, што традыцыйнай культурай неабходна займацца прыярытэтна.

Удзельнікі круглага стала таксама адзначылі, што аналіз сучаснага стану і развіцця народнага мастацтва ў нашай краіне дае падставу сцвярджаць і аб вялізным недахопе акампаніятараў, канцэртмайстраў у галіне аматарскай творчасці. Тут жа важна ведаць разнастайны беларускі народны танцавальны і песенны рэпертуар, іграць не толькі па нотах, але і па слыху і мець навыкі імправізацыі.

«Вы заспявалі — я заплакаў»

Існуе такая прыкмета: той, хто аднойчы пабываў на фестывалі «Берагіня» ў Акцябрскім, абавязкова вернецца туды зноў. І справа не толькі ў разнастайнасці імпрэз, безлічы гасцей свята, але і ў асаблівым духу пашаны да Яго Вялікасці Фальклору. Гэта сапраўдны рух, які аб’ядноўвае выканаўцаў побытавых танцаў, аўтэнтычныя гурты з розных рэгіёнаў Беларусі і замежжа, акцэнтуе ўвагу на мясцовых абрадах, а таксама народнай прозе. Таму канцэрт-прэзентацыя «Берагіні», што прайшоў у Доме культуры Мінскага трактарнага завода, стаўся сапраўды яркай падзеяй культурнага жыцця сталіцы.

Гучалі песні і ўсе ахвотныя танцавалі танцы розных рэгіёнаў краіны, працавалі народныя майстры, адбываліся сустрэчы старых сяброў, ладзіліся новыя знаёмствы і задумваліся праекты.

— Не так часта на сталічных сцэнах прадстаўляецца аўтэнтычны фальклор, — кажа старшыня Беларускага фонду культуры Тадэуш Стружэцкі. — Старэйшыя ўдзельнікі тут могуць успомніць сваё юнацтва, калі яны разам з бацькамі спявалі песні, танцавалі танцы. А моладзь мае магчымасць дакрануцца да сваіх каранёў. Вядома, што традыцыйная культура — важны маркер нацыянальнай свядомасці кожнага народа. Дзякуй богу, што ў нашай краіне яна захавалася, падтрымліваецца, што мы маем мноства апантаных асоб, якія прысвяцілі жыццё адраджэнню і папулярызацыі народнага мастацтва.

Хіба можна ўявіць аўтэнтычны фальклор без носьбітаў традыцыі? Таму цалкам лагічна, што ганаровую ролю распачаць святочны канцэрт выканала спявачка Ганна Іваненка. З аўтэнтычнай песняй «Ой у полі азярэчка» яна ўпершыню выступіла ў Мінску для вялікай публікі, хоць у родным Акцябрскім яе ведаюць як выдатную выканальніцу.

— У мяне дома многа разоў пыталіся, чаму не спяваю штодзень? — сціпла кажа спявачка. — Я ж адказваю: каровы, куры, індыкі — усіх трэба дагледзець, накарміць — калі спяваць? Спяваю я з дзяцінства, увесь час быў добры голас. А падчас фестываляў мне часта кажуць «Калі вы заспявалі — я заплакаў».

Галоўнае — шчырасць

Кажуць, што мастацтва не церпіць крывадушша. Падаецца, што гэтая думка асабліва слушная ў дачыненні да мастацтва традыцыйнага. Хіба можа падманваць дзяўчына, якая ў танцы выказвае сімпатыю хлопцу, якога ўпадабала? Хіба можа быць непраўдзівай жняя, якая зацягвае песню падчас працы ў полі, і хіба схлусяць музыкі, граючы вітанні маладым падчас вяселля? Таму і нядзіўна, што пры сустрэчы з чыстым, душэўным мастацтвам, што ліецца з самага сэрца простага народа, у слухача міжволі з’яўляюцца слёзы, а ногі адмаўляюцца слухацца і самі рвуцца ў скокі.

Ці не такую непасрэдную шчырасць у выяўленні ўласных пачуццяў і жаданняў мы хацелі б выхаваць у сваіх дзецях, унуках? Ці не так найлепш вучыць паважаць і любіць сваё, шанаваць сваіх і захапляцца сваім? Можа, тады станем сапраўды «людзьмі звацца»? Сапраўды, станем.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Наталі Купрэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць?

Грамадства

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.