Вы тут

Прававая гасцёўня. Пытанні жыллёвага заканадаўства


На пытанні нашых чытачоў адказвае адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі № 3 па прававым забеспячэнні здзелак з нерухомасцю Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Сняжана Бахорына.


Фота panbud.by мае ілюстрацыйны характар.

Дапамажыце разабрацца ў наступным пытанні: пасля разводу па рашэнні суда мне дасталася доля ў двухпакаёвай кватэры. Другая доля перайшла былой жонцы з непаўналетнім дзіцем. Кватэра льготная. Па рашэнні суда льготны крэдыт быў таксама падзелены адпаведна долям. На цяперашні момант мы прыйшлі да ўзаемнай згоды: прадаць кватэру цалкам. Падкажыце, з чаго пачаць і як дзейнічаць у далейшым? (Віктар Львовіч Талай, Маладзечна.)

— Згодна з заканадаўствам жыллё, набытае з дапамогай ільготнага крэдыту, у перыяд пагашэння гэтага крэдыту продажу не падлягае. У выпадку датэрміновага ільготнага пагашэння крэдыту прадаць кватэру можна толькі ў выключных выпадках, з дазволу мясцовага выканкама. Да такіх выпадкаў адносяць пераезд у іншую мясцовасць, скасаванне шлюбу і некаторыя іншыя. Таму вам спачатку трэба знайсці сродкі і пагасіць крэдыт, а затым звярнуцца з заявай у мясцовы распарадчы і выканаўчы орган па атрыманне дазволу на продаж кватэры.

* * *

Ці можна долю кватэры здаць у заклад або прадаць без згоды другога ўласніка? 1/2 кватэры ў маёй уласнасці, 1/2 — уласнасць брата. Асабовы рахунак адзін. Брат будуе жыллё і хоча прадаць або закласці банку сваю долю, каб не браць крэдыт. Ці можа ён гэта зрабіць без маёй згоды? Што наогул можна зрабіць з 1/2 кватэры, калі прапісаныя мы двое і ўласнасць на дваіх? (Таццяна Сянько, Наваполацк.)

— Згодна з патрабаваннямі Грамадзянскага кодэкса саўладальнік можа і закласці, і прадаць сваю долю. Але ёсць асаблівы парадак продажу такой долі. Тут брат павінен выканаць ваша пераважнае права куплі, г. зн. спачатку прапанаваць купіць яе вам. У выпадку, калі вы адмовіцеся альбо на працягу месяца не адкажаце на яго прапанову, тады ён можа прадаць яе нейкай трэцяй асобе.

Што датычыцца закладу, то ён можа закласці сваю долю без вашай згоды, але калі банк у далейшым будзе рэалізоўваць закладзеную маёмасць (пры незахаванні патрабаванняў крэдытнага дагавора), ён, зноў жа, павінен прапанаваць спачатку вам выкупіць гэтую долю.

І яшчэ адзін момант: ваш брат не можа прадаць сваю долю кватэры па больш нізкай цане, чым прапанаваў спачатку вам.

А з нагоды вашага пытання аб тым, што наогул ваш брат можа зрабіць са сваёй паловай кватэры, то ён можа яе, апроч тых момантаў, якія мы толькі што разгледзелі, яшчэ падарыць або зрабіць завяшчанне.

* * *

Атрымала ў спадчыну дом у вёсцы. У тэхпашпарце, зробленым у 1989 годзе, значыцца дзевяць гаспадарчых пабудоў. Да нашых дзён «дажылі» толькі тры — усе астатнія, драўляныя, разбурыліся і былі разабраны на дровы. Ці не паўстане пытанняў пры афармленні спадчыны і вырабе новага тэхпашпарта? Што рабіць, каб пазбегнуць штрафу і іншых санкцый? (Жанна Леанідава, Мінск.)

— Для пачатку вам трэба звярнуцца да натарыуса для атрымання пасведчання аб праве на спадчыну на гэты дом. Натарыус выдае дакументы зыходзячы з таго, што напісана ў тэхпашпарце. Гэта значыць, вы фактычна атрымліваеце ў спадчыну дом і дзевяць гаспадарчых пабудоў. Затым, калі вы атрымаеце права ўласнасці, вам неабходна будзе звярнуцца ў мясцовы філіял або бюро дзяржаўнага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Вы запрашаеце прадстаўнікоў гэтага філіяла або бюро для складання ведамасці тэхнічных характарыстык, дзе будуць зафіксаваныя змены ў колькасці гаспадарчых пабудоў. І калі пры гэтым не парушаны якія-небудзь нормы тэхнічнай дакументацыі, то гэтыя змены зарэгіструюць і выдадуць вам новы тэхпашпарт. Думаем, ніякіх санкцый альбо штрафу ў вашым выпадку не павінна быць.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.